Чым ёсць еўрапейская ідэя правоў ЛГТБ? Уседазволенасць і распуста - ці ідэя свабоды і разнастайнасці?
Мяркую, што апошняе. Мажліва, яно выражаецца вычварна. Але ж увогулле грэх, наколькі нам вядома, ёсць не чым іншым як вычварнай рэалізацыяй нейкай нармалёвай патрэбы...
Тэма гэтая, незалежна ад Вашае "ліберальнасці" ці "кансерватыўнасці", выглядае прыдатнай для жадаючых пазмагацца з ветравымі млынамі. На маю думку, антыамерыканская і антыеўрапейская прапаганда раскручвае "гейскую" тэму таму, што гэта ледьве не адзіная праблема, якая на Захадзе выглядае больш выражанай, чым "у нас".
Але тэма гомасэксуальнасці мяне цікавіць паводле двух прычынаў.
Першая - я ведаю, што гэта такое: падазраваць, што твая любоў ёсць грахом. Гэта змрочна і пакутліва... У маім выпадку гэта тычылася толькі рок-музыкі і захаплення самураямі, таму выкіданне ў сметніцу дыскаў замянілася інтуітыўнай ацэнкай канкрэтных рэчаў. А калі б я была лесбійкай? Вось нагулялася б я ў аддзяленне "мух ад катлетаў" у гаме пачуццяў!.. Да геяў я стаўлюся як да людзей, якім "пашчасціла" атрымаць складаны і цяжкі кавалак духоўнай працы!
Другая прычына маёй цікаўнасці вось у чым. «Гейская» тэматыка - той фенамен, які я раней добра ведала як ацаніць (вычварэнства-жах-разврат-незабіваць-але-забараніцьпрапаганду)… а цяпер крышталёвы шар, у якім усё так ясна бачылася, некуды закаціўся. Праблематыка ж аказалася болей складанай. Узнікае шэраг пытанняў - рознай ступені рытарычнасці…
Ці заўсёды «легалізаваць» значыць «прызнаць за норму»? Ці нельга тут ужыць прыклад, што інваліднасць мы ня лічым за норму, але інвалід легальна атрымлівае адпаведныя свайму стану магчымасці? Ці нельга тут успомніць царскай Расіі, дзе з сярэдзіны 19 стагоддзя была легалізаваная прастытуцыя - але чамусьці змагары з прапагандай распусты не крычаць, што царская Расія была амаральнай (хаця то было б не зусім няпраўдай…).
Чаму мы супраць гомасэксуалістаў, але нічога не маем супраць тых хто займаецца сэксам без шлюбу? Дый пралюбадзейства ацэньваем не так жорстка? Не, я зусім не прапаную пераследаваць за ненарматыўныя стасункі - бо ў Іране жыць не хачу. У тым, дарэчы, і праблема...
А чаму чалавек, які жыве ў аднаполым шлюбе, выклікае болей негатыўных рэакцый, чым мусульманін з дзьвума-трыма жонкамі?
Ці нагадваюць сучасныя геі жыхароў Садома, якія сабраліся каля дому Лота патрабуючы ад яго… выдаць сваіх гасцей, каб яны іх «спазналі» (Быццё, гл. 19, 1-12) ? Я не вучылася на багаслова, але - гэта дакладна пра гомаскэксуалізм? Ці пра нешта іншае, кшталту татальнага гвалту і распусты?
Што асуджае Біблія, у прыватнасці апостал Павал - распусту ўвогулле? Гомасэксуальны сэкс? Ці ўсе праявы гомасэксуальнасці? Прытрымліваючыся традыцыйнага падыходу («садамія - супрацьнатуральны грэх») - ці можам мы прымяніць гэта да ўсіх праяваў гомасэксуальнасці? Ці толькі да груба-фізіялагічных, а не да эмоцый, закаханасці і г.д.?..
Калі і прытрымлівацца традыцыйных поглядаў - ці можна прылічваць гомасэксуалізм да тых сацыяльных заганаў, якія забараняюць выхаванне дзяцей, у прыватнасці усынаўленне? Асабліва ў святле таго, што не забіраюць жа дзяцей, напрыклад, у тых хто праявіў нявернасць у шлюбе?.. І ці ня варта пытанні з усынаўленнем вырашаць згодна з тым, што ёсць альтэрнатывай для канкрэтнага дзіцяці: - іншая сям'я? Ці сіроцкае жыццё ў краіне трэцяга свету?.. Які варыянт болей скалечыць жыццё?
Ці нельга вырашыць праблему прадстаўленнем такой магчымасці, як кантракт на сумеснае пражыванне, які не завецца шлюбам, але дае такія ж маёмасныя і іншыя правы? Калі зыходзіць з таго, што абараняць варта правы ўсіх людзей, незалежна ад іх маральнасці паводле нашых ацэнак?
Чаму аднаполыя шлюбы мы бачым толькі ў хрысціянскіх краінах? Пры тым, што гомасэксуалізм сустракаецца ў гісторыі тут і там, і ў некаторых асяродках (старажытныя грэкі, самураі) не лічыўся за вычварэнне - чаму ні ў якіх грамадствах, акрамя хрысціянскіх, ніхто не прагнуў афіцыйна зарэгістраваць такія стасункі? Папраўце, калі я тут памыляюся!
Як так атрымалася, што ў эпоху размывання інстытуту шлюбу менавіта геі і лесбійкі ўкосна сведчаць аб яго неабходнасці? А што горш - гомасэксуальны шлюб ці бясшлюбныя стасункі?
Чаму гамафобія сацыялагічна йдзе поруч не толькі з сэксізмам, але і з такімі нехрысціянскімі з'явамі, як расізм і ксенафобія? У чым псіхалагічныя карані непрыязі да гомасэксуалістаў? Ці многа хрысціянскага ў гамафобіі?
Чаму, нарэшце, мой зусім гетэрасэксуальны знаёмы любіць тусавацца на гей-вечарынах (кажучы, каб не прыставалі, што ў яго ўжо ёсць партнэр)? Які дух вольнасці ён там знаходзіць? І які дух вольнасці адчуваю я ад тых асяродкаў, дзе культывіруецца добразылівая адкрытасць да іншасці?
Ці ня ёсць ідэя правоў ЛГТБ, разам з модай на сяброў нетрадыцыйнай арыентацыі, - ідэяй любові, якая знішчае ўсе межы? Ці чалавечых стасункаў, вольных ад гендэрных і іншых стэрэатыпаў? Прагі да жыцця, у якім няма ані мужчынскага полу, ані жаночага, няма абмежаванняў чалавечае свабоды?!..
Такая вось праблематыка. Якія тут знаходзіць рашэнні, каб не апынуцца ані ў Садоме, ані ў Іране?
У якасці пастскрыптума - рэкамендую дзівосную лекцыю пра еўрапейскую цывілізацыю :
https://www.youtube.com/watch?v=WV8yqJWcDlw (Андрей Зубов. Интеллектуальные истоки демократии (СМИ и общество, Голицыно, 10 декабря 2014 г.)
На мой погляд, там выдатна растлумачаны фенамен Еўропы. У тым ліку і хворая "гейская" тэма раскрытая.
http://www.belaruspartisan.org/blogs/taraikevich/16950/