какой чудзесный дзень, мне пакасціць ня лень!

Jan 10, 2014 18:31

Гаспадар учора з'ехаў на некалькі дзён, а я застаўся тут за галоўнага. Падумаў, што трэба праявіць падвышаную актыўнасць, каб гаспадынька раптам не засумавала. Па старой і добрай традыцыі ўсю ноч не даваў ёй спаць, хай кожную хвіліну адчувае, што я побач, што яна не адна, што ёй ёсць на каго абаперціся і ўсё такое. Ранкам, калі яна ўжо збіралася сыходзіць на працу, вырашыў зрабіць развітальны падаруначак: надудоліў на ложак. Праўда, я крут? У гаспадыні адразу з'явіўся тэрміновы занятак, трэба ж было хуценька засціраць-замыць коўдру, накоўдранік і покрыва. Праўда, гаспадынька паспела яшчэ і завушніцу на падлогу ўраніць. Як я даведаўся, яна заўважыла гэта на працы і ў думках нават развіталася з любімымі завушніцамі з матылькамі. Але я добры кот, згубленага матылька збярог у ванне на падлозе. Удзень гаспадыня нечакана заявілася з працы, нейкія там у яе былі вокны-форткі. Пакідала пасцель у пралку, есці сабе зрабіла, а я не адставаў, насіўся па хаце і кідаўся на шафу і з шафы. Трэба ж падтрымаць ёй кампанію! Потым яна зноў збегла. Прыйшла зараз вось, а тут ад мяне сюрпрыз! Выламаў з-пад ванны шчыткі, ведаеце, там ціпа дзверкі рассоўваюцца і ўсялякі хлам пад ваннай стаіць. Як выламаў, не скажу :) Раптам яшчэ гэты прыём спатрэбіцца!
А дзень жа яшчэ не скончыўся... Можа, пайсці разбіць нешта?

шкоднік

Previous post Next post
Up