Nov 02, 2013 21:08
Схадзіла на фільм “Параджанаў” з фестывальнай праграмы “Лістападу”.
Вядома, сам матэрыял - лёс рэпрэсаванага савецкага рэжысёра, да таго ж асуджанага па артыкуле за нетрадыцыйную арыентацыю - гарантуе цікавасць да стужкі і стварае пэўную кан’юнктурнасць.
Што магу сказаць... Вядома, тэма “мастак і ўлада” вечная. Нават пытанні гледачоў на сустрэчы са здымачнай групай пасля прагляду пацверджваюць, што асацыяцыі з рэальнасцю з’явіліся. Але пры гэтым нават у самых жорсткіх умовах, ведаючы, чым рызыкуе, Параджанаў змог стварыць шэдэўры, і былі людзі, якія яго падтрымлівалі. Неспрыяльныя часы - не апраўданне для таго, каб нічога не рабіць.
Параджанаў зняў неверагодна прыгожы фільм на украінскім матэрыяле і адмовіўся перакладаць яго на расейскую мову. Таму што, па ягоным сцверджанні, пры гэтым “усё б згубілася”, мова была адным з колераў палатна, мелодыяй з сімфоніі... Яго, армяніна, які нарадзіўся ў Грузіі, абвесцілі украінскім нацыяналістам. І вось эпізод: рэжысёр заяўляе, што ён не нацыяналіст, ён проста хоча здымаць прыгожыя фільмы, і зняў лепшы украінскі фільм, а ў Арменіі зняў бы лепшы армянскі, у Грузіі -грузінскі, а каб яго паслалі ў Афрыку - зняў бы лепшы афрыканскі фільм.
І ў гэтым вялікая праўда генія - культура народа, сярод якога ён апынуўся, для яго тое ж, што для кветкі глеба, гэта крыніца прыгажосці, з якой ён і падымецца да сусветнага ўзроўню. Мы бачым, як Параджанаў размаўляе з вяскоўцамі на украінскай, як аднаўляе да драбніцаў старыя звычаі гуцулаў, спрабуе зразумець мелодыку нацыянальных песняў, традыцыйныя спалучэнні колераў. Тое ж ён будзе рабіць у Арменіі і Грузіі. На гэтым фоне развагі некаторых айчынных рэжысёраў, як кінематаграфічных, так і тэатральных (язык не паварочваецца назваць іх беларускімі) пра тое, што “глядач не пойдзе на беларускую/фальклорную/местачковую тэматыку, не захоча глядзець фільм на беларускай мове”, выглядае проста сведчаннем недастатковасці таленту, няспраўджанасці асобы. Тым больш у нас быў свой Параджанаў - у музыцы, Уладзімір Мулявін, які стварыў лепшы беларускі музычны гурт.
Яшчэ момант: ствараць прыгажосць можна нават са смецця. Нават жывучы ў бараку. У абшарпанай хрушчоўцы. Галоўнае - каб у цябе быў твой уласны свет.
Старая кватэра-сметніца? Можна прыняць госця ноччу, запаліць свечкі, развесіць інсталяцыі, а залаты хлопчык будзе то ў адным куце, то ў другім дзьмуць у трубу і крычаць: “Параджанаў - геній!” (выдатная прыдумка стваральнікаў)
Цікавая метафара: хворы, паслятурэмны Параджанаў, які пятнаццаць гадоў не здымае фільмаў, распавядае Марчэла Мастраяні, які адмыслова прыехаў яго наведаць, што ён нарадзіўся ў сям’і вядомага антыквара, і бацькі час ад часу прымушалі яго глытаць дыяменты, смарагды, рубіны - пакуль не скончыцца ператрус, і міліцыянты не сыдуць. А тады не выпускалі дзіця з дому, пакуль з яго не выйдуць натуральным шляхам дыяменты, смарагды, рубіны...(“Когда б вы знали, из какого сора...”)
Яшчэ плюс фільма - яго не сталі здымаць у стылістыцы Параджанава. Мы бачым мастака і ягонае мастацтва, як аб’ект фільма.
Адной глядачцы не спадабалася сцэна, дзе Параджанаў , ужо ў перабудову, у Парыжы манерна выступае перад публікай і распавядае, што ён жабрак, што жыве ў кватэры, дзе працякае дах... Відаць, глядачка хацела бачыць героя, аскетычнага такога, мужнага. Аказалася - сцэна адноўленая дакументальна, нават гледачоў сабралі менавіта тых, якія прысутнічалі ў 1980-х на рэтраспектыве Параджанава. Проста, як сказала рэжысёрка, ён ніколі не саромеўся ні хваліцца, ні скардзіцца.
Дарэчы, калі рэжысёрку папыталіся, як ацаніў бы яе фільм сам Параджааў, яна сказала: аблаяў бы, вядома. Але пахваліў бы за сумленасць.
Фільм зняты на сродкі, якія далі Україна, Арменія. Грузія і Францыя. Расія не ўдзельнічала.
кіно