Пасля таго, як Казахстан абвясціў аб пераходзе на лацініцу, такую ж змену алфавіту прапанавалі ў Кыргызстане. Ці варта беларусам адмаўляцца ад кірыліцы?
Ад кірыліцы не варта адмаўляцца, але і на лацінку забывацца не трэба
Мовазнаўца Вінцук Вячорка лічыць, што беларусам варта арыентавацца на прыклад Сербіі, дзе кірыліца і лацініца нароўні выкарыстоўваюцца на практыцы.
- У Беларусі гістарычна існавалі два алфавіты. Таму нам не трэба гаварыць пра пераход, а трэба гаварыць пра вяртанне беларускай мове статуса біграфічнай. Пры камунізме выкарыстанне лацінкі ў беларускай мове было забаронена па ідэалагічных прычынах. У будучыні усё пераводзіць на лацінку не трэба, але гэтая графічная сітстэма павінна быць у нашай свядомасці, - адзначае Вінцук Вячорка.
- Ад кірыліцы нам ні ў якім разе не варта адмаўляцца, гэта наш нацыяльны брэнд. Але і на лацінку забывацца не трэба, - лічыць кіраўнік «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў.
Вінцук Вячорка звяртае ўвагу, што беларуская лацінка добра распрацавана, яе правілы замацаваны ў падручніках, таму пры вяртанні яе ў шырокі ўжытак нічога выдумляць не трэба.
Больш за тое, лацінка выкарыстоўваецца і ў сучасны перыяд беларускай гісторыі. У 80-я гады, як толькі савецкая імперыя пачала развальвацца, лацінкай сталі выдавацца незалежная прэса і самвыдавецкія матэрыялы, нагадвае мовазнаўца.
- Паўнавартасны статус беларускай лацінцы дазволіла б набыць увага да яе з боку дзяржавы. Але, на жаль, яна сёння не спрыяе беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Для вяртання практыкі выкарыстання лацінскага алфавіту трэба здымаць заканадаўчыя абмежаванні і забароны, - адзначае Вінцук Вячорка.
Вывучаць лацінку можна на ўроках беларускай мовы ў школе
Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў лічыць, што вярнуць лацінку ў шырокі ўжытак можна праз школу.
- Дастаткова праводзіць некалькі заняткаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Вось плануецца рэформа сістэмы адукацыі, чаму б гэта афіцыйна не ўвесці? Калі людзі будуць ведаць беларускую лацінку, то будуць пры нагодзе ёю карыстаццца, - гаворыць Алег Трусаў.
Вінцук Вячорка лічыць, што беларускай лацінкай можна было б карыстацца ў тых сферах, дзе гэты алфавіт больш эканомны. Да прыкладу, у эсэмэсках лацінкай можна набраць больш знакаў, чым кірыліцай. Некаторыя беларусы і сёння гэта робяць, але не па правілах нашай лацінкі.
Відавочна, што імёны ў пашпартах і назвы тапонімаў таксама больш правільна было б указваць на беларускай лацінцы.
- Без лацінкі мы нікуды не дзенемся. Кожны народ адаптуе лацінскі алфавіт пад сваю мову і вымаўленне. Зараз у нас у асноўным выкарыстоўваюць англамоўную лацінку, але як там перадаць, да прыкладу, гук «дж»? А нашыя продкі гэта распрацавалі. Дык нашто беларусам выкарыстоўваць лацінку, дзе няма нашых гукаў? - лічыць Алег Трусаў. - Лацінскім алфавітам карыстаецца большасць цывілізаванага свету. Нельга ігнараваць гэты фактар.
Сяргей Піскун, Заўтра тваёй краіны