Едзем на траліке невядома куды ў раён Партызанскага прашпэкту, бо маміна сяброўка паведаміла, што для мяне ёсьць абутачак. Імпартны, а г.зн. дужа дэфіцытны. Маці на шостым месяцы цяжарнасьці. Страшэнная сьпякота. А тут яшчэ негрык у тралік зайшоў і як пачаў усьміхацца на ўсе свае 33 lacalutна-белыя зубы. Я ж ва ўніверы імя Патрыса Лумумбы не навучалася негрыка пабачыла ўпершыню. І як учапілася за маці: “Мама, выйдем!Маамааа, выйдем!” Маці ж, выхаванай на ідэялах Інтэрнацыяналаў, было вельмі няёмка. Але ж выйшлі. Пару кіляметраў ішлі пешкі. Пабачылі адкрыты люк, пасьля чаго мама доўга мне распавядала, што ніколі ня трэба на іх ступаць. Хм, на ўсё жыцьцё я гэта запомніла, бо яшчэ некалькі гадоў бачыла сон, як цяжарная маці правальваецца ў люк.
Набылі мы гэтыя басаножачкі нябесна-блакітнага колеру. Я з дзяцінства была шмотніцай.
А калі прыехалі дадому і зайшлі да суседкі, яна зачыніла усе форткі, распранула мяне і сваю дачушку да майткоў, і шэптам сказала, што “что-то взорвалось...”
Гэта было дзесьці 28-30 красавіка 1986 г.
Сабакі, а потым жа яшчэ людзей і на Першамай пагналі!
Знайшла вось такую малітаўку. Неаўтэнтычнымі для яе тэксту падаюцца словы ядзерны”, “катастрофа” і непасрэдна “Чарнобыль”. і гд. Не зразумела сэнсу слова “пачварствы”.
Але ж маліцца трэба. Дзеля Беларусі і яе дзетак.
Госпадзе, Ісусе Хрысце, Божа наш! Спаглянь на ўсіх, хто пацярпеў ад ядзернай катастрофы ў Чарнобылі, ня дай ім застацца бяз даху над галавой і надзеі на будучае жыццё, дай ім мужнасьць і веру ў Тваю ўсясільную дапамогу. Ахавай, Госпадзе, будучыя пакаленьні ад цяжкіх хваробаў і пачварстваў, захавай дзетак, якія ва ўлоньні мацярынскім знаходзяцца. Усім жа нявылечна хворым, хто ў смутку сьмяротным адыходзіць са сьвету гэтага, прабачэньне і адпушчэньне грахоў і саграшэньняў дай; і Анёлаў Тваіх пайшлі прыняць душы іх. Ачысьці, Госпадзе, рукою Тваёю зямлю, паветра і ваду ад згубных наступстваў чарнобыльскай бяды. Абарані нас малітвамі Прачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы, сьвятых угоднікаў зямлі Беларускай, і ўсіх сьвятых. Амінь.