Мясцовыя тапанімія - скарб любой мясціны.

Dec 23, 2015 20:26

Назвы прыдумаў Днепр
18.03.2014 00:44каментарыяў: 1Прагледжана: 151

Пра багатую гісторыю Лучына, што ў Рагачоўскім раёне, можна расказваць шмат. Сапраўднае багацце - мясцовыя тапонімы. Жыццё на рацэ, а тым больш такой значнай, як Днепр (нека­лі - Непр, Данапрас, Барысфен), набывае асаблівыя якасці, узбагачае ўяўленне і надае значнасці ўсяму, што адбываецца навокал. Праз пастаянныя стасункі людзей на рацэ са ста­ражытных часоў узбагачалася ў тым ліку і мова, і маўленне. Таму наяўнасць ракі - гэта яшчэ і прастора для праяўлення фантазіі, трапнасці, красамоўнасці і вобразнасці мясцовых назваў. Вельмі цікавая і анамастыка лучынскіх тапонімаў:

Закотка - затока ад Дняпра, куды вада быццам цячэ-закочваецца.

Дзевічак, Гусіны востраў - свабоднае ад кустоўя месца, дзе ў пэўны час дзеўкі-бабы выбельвалі льняныя тканіны, а ў іншы - пасвілі гусей.

Скала - раней даволі пакручасты бераг. Тут адразу пачыналася глыбіня. У гэтым месцы быў своеасаб­лівы чорны глей, які пры высыпанні рабіўся вельмі цвёрдым, падобным да скальных утварэнняў.

Увічча - паўночная частка лукі, месца, дзе Днепр робіць паварот на 95° на поўдзень - «увіваецца».

Жарало - па аналогіі - «адтуліна ў нечым». Пратока, якая злучае азёры Падсёл і Добрае з Дняпром.

Глінка - бераг Дняпра і невялікае возера. Можа, там калісьці капалі гліну, таму ўтварылася азярцо (ёсць жа цяпер блакітныя азёры з белымі мелавымі берагамі - дзе здабывалі мел).

Ахвосце - месца на Дняпры з адыходзячымі затокамі. На выгляд (на сучаснай карце) - рыбіны хвас­ты. Прычым, гэта хвасты не ўклейчыны, а вялізныя - асятровыя. У ХІІ - ХІІІ стст. Лучын плаціў смален­скаму епіскапу даніну - асятрамі. (Пасля таго, як былі пабудаваны плаціны, асетр ужо не мог сюды падняцца). Яшчэ слова «ахвосце» - гэта пазадкі. Але наўрад ці за 4 км лучынцы тут ачышчалі зерне. Хіба што кармілі тымі пазадкамі асятроў.

Прылаконне - магчыма, трансфармацыя ад Прылуконне. Гэта месца на Дняпры - цэнтр лукі. Ад пава­роту на Увіччы да павароту ў Войстрай і ўтвараецца выгляд лука - «пры луку» - Прылуконне (ці Пры­лаконне).

Войстрая - Днепр шукае шлях, абыходзячы перашкоды (можа, таму войстра), паварочваецца зноў на поўнач на 180°. Потым, знайшоўшы шлях, зноў паварочваецца на 180° на поўдзень, нясе свае воды да Чорнага мора. Таму далей - Уступ - адкуль Днепр зноў імкнецца на поўдзень, апынуўшыся ў вы­браным рэчышчы. У пойме Дняпра шмат водных крыніц. Па левым беразе, больш палогім, - азёры, па правым, вышэйшым, - водныя крыніцы меншых памераў. І назвы ім дадзены ў адпаведнасці з ася­роддзем.

Разладзістае (Разладдзе) - можна меркаваць аб нейкім разладзе. Ва ўсе часы падзел тэрыторый быў справай далікатнай, калі не заўсёды нешта рабілася ў згодзе.

Акошнае - водная крыніца з палогімі берагамі. Значыць, была магчымасць абкасіць траву да самай вады.

Быстрэц - працяглая водная крыніца, у якой вада не застойвалася - хутка цякла.

Выгар - невялікая крыніца.

Папоў лог - напэўна, улюбёнае месца мясцовага папа. (Царква ў Лучыне была пабудавана ў 1172 го­дзе смаленскім князем у гонар нараджэння сына, якога і азвалі Міхаілам - царква св. Міхаіла).

Брод - невялікая крыніца. Першая на шляху да лугу. Там была дарога і месца броду.

Прорва - невялікая, але месцамі вельмі глыбокая крыніца. Вельмі верагодна - частка ранейшага рэ­чышча Дняпра. Ён - «прарываўся». Ці - ад глыбіні.

Глыбокі лог - глыбокая крыніца з чыстай вадой. Там вяліся краснапёркі, якія любяць чыстую ваду.

Глухавод - у адрозненне ад іншых крыніц, у пойме Дняпра не мела злучэння з ім. Таму - «глухая ва­да». Продкі ведалі: калі няма падпіткі ад вялікай вады - то вада «глухая», з часам яна можа спыніць сваё існаванне. Яшчэ гадоў 30 таму тут хадзілі з брадніком. Вяліся шчупак, лінь, акунь, карась, плот­ка. Але ўжо гадоў 15 ад гэтай крыніцы засталася толькі ўпадзіна. Значыць, вада заглухла - «глухая» была, продкі ведалі.

Балонне - частка поймы Дняпра, непрыдатная для сенакосу з‑за балоцістасці. Пры сыходзе вады - выган для жывёлы.

Чэрня - балацянка са своеасаблівым чорным глеем, дзе некалі замочвалі тканіну для фарбавання ў чорны колер. Ужо не існуе.

Пойменныя лугі - па назвах на Дняпры і крыніцах у пойме. Ёсць самастойныя назвы Сельскі вост­раў - ён не сярод вады, толькі з двух бакоў акружаны ёй (тут паварот Дняпра на 90°), а з двух - ла­зой, дзе відаць упадзіна. Некалі ён быў акружаны вадой - а значыць, востраў сапраўды існаваў.

Ерышнікава (Ярышнікава) - частка лугу, якая знаходзілася адразу «пад ярам». Сам Лучын размешча­ны «на яры». Потым адбываецца рэзкі спад і пачынаецца пойма Дняпра.

Штаны - назва даволі новая. Дзесьці ў 60‑я гады мінулага стагоддзя асушвалі частку лугоў. І так атрымалася, што меліярацыйныя каналы і лаза - калі паглядзець зверху - нагадваюць штаны.

Сенныя - частка лугу з добрым травастоем. Сена там атрымлівалася высокай якасці.

Ханькі (Ханькаўка) - магчыма, гэта звязана з татарамі - ханствам. Вядома, што ў 1562 г. Лучын быў спалены крымскімі татарамі. Можа, тая «арда» там і раскінула свае шатры, каля якіх пасвіліся татар­скія коні.

Каменнае - возера па левым беразе Дняпра, за 4 км на поўдзень ад возера Добрае, на якім знаходзі­лася Свяцілішча Перуна, а далей - да Каменнага ланцугом размяшчаліся селішчы. Можна мерка­ваць, што назва звязана з тым, што на гэтым возеры стаялі каменныя язычніцкія ідалы. Дарэчы, там вельмі чыстая вада - дно відаць.

Валочкі - невялічкае возера каля Каменнага. Дакладна можна меркаваць - ад слова «валока».

І гэта толькі назвы мясцін на Дняпры і ў яго пойме (можа, і не ўсе). Ці ж не моўнае багацце? Ці ж не по­ле дзейнасці для беларускай тапанімікі?

Такія ж трапныя, прыгожыя назвы маюць палі, дарогі, лесапалосы, нават няўдобіцы. І, вядома ж, назвы раёнаў у самім Лучыне, - каларытна, у адпаведнасці з адметнасцю мясцовай гаворкі. Напрыклад, тэ­рыторыі і вуліцы, прылеглыя да Дняпра, завуцца Дняпершчына. А рыба і вада не дняпроўская, а дняп­ровая.

Соф’я КУСЯНКОВА. Фота аўтара
Previous post Next post
Up