Мне пашчасціла з кнігамі ад маленства. Па-чарзе, у залах некалькіх нашых дамоў, дзе жылі бацькі-настаўнікі, пакуль не пабудавалі ўласныя цагляныя харомы, стаяла нязменная драўляная “этажэрка” з чатырмя паліцамі, на якой у два шэрагі стаялі кнігі. І хаця чытаць самастойна я пачаў у шэсць гадоў, хатнія кнігі напачатку я проста гартаў, разглядаючы малюнкі ды фотаздымкі. Тата мой Анатоль Сыс - няспраўджаны лётчык, патураны з Акцюбінскага лётнага вучылішча ў войска за хуліганства, і таму шмат кніг было прысвечана гісторыі авіяцыі, канструктарам і розным тыпам самалётаў. Патрапляліся нудныя мемуары, кшталту “Воспоминаний и размышлений” Жукава. Былі і больш цікавыя рарытэты: “Гостеприимная Арктика” Вільямура Стефансана, “Гробница Тутанхамона” Говарда Картэра ды шмат іншага. Першая “хатняя” кніга, прачытаная ад “а” да “я” - “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфа.
З беларускай літаратуры ў памяці засталіся некалькі томікаў Івана Мележа, Васіль Быкаў, Янка Маўр, Міклуха-Маклай (менавіта па-беларуску).
Паколькі тыя сотні дзве кніг былі мною даследаваны досыць хутка, а дасціпная прага нязведанага патрабавала “ежы для мазгоў”, дык паўстала пытанне: што рабіць далей? Нейкі час мне дазвалялася браць кнігі ў настаўніка нямецкай мовы Дрынеўскага, які меў вялікую, на маё тагачаснае разуменне, бібліятэку. Ды здарылася непапраўнае. Неяк улетку, захапіўшы пазычаную кнігу, збег да Дняпра, ды патрапіў пад лівень. Ратуючыся ад навальніцы ў карчах, зусім пра яе забыўся і яна ўшчэнт раскісла. Было вельмі сорамна, таму да Дрынеўскага больш не пайшоў.
У класе трэцім-чацвертым у маім жыцці з’явіўся дзядзька Эдзік. Ён быў загадчыкам вялікай кніжнай крамы ў нашай вёсцы Заспа. Відаць, з-за сяброўства з маімі бацькамі, дзядзька Эдзік заўжды прытрымліваў для мяне нешта з новых паступленняў пад прылаўкам. Справа была за малым - знайсці грошы і яны нейкім чынам знаходзіліся. Менавіта так і пачала фармавацца мая ўласная бібліятэка, якую напачатку трымаў пад “ключом”, замыкаючы вялікую шафу ад маладзейшых сясцёр. У асноўным набываліся кнігі пра падарожжы, прыгодніцкія і гістарычныя, фантастыка.
Заспа. Бацькоўскі дом, асвечаны кнігамі.