Вячэраю Хадановічам

Aug 26, 2009 12:23

Што гатавацьмець на вячэру,
Каб разнастаіць рацыён?
Мо Хадановіча, халеру?
Глядзі, які дасьпелы ён!

Сьпярша славутага паэта
Патрэбна нечым заманіць,
Ды на суворую дыету
Хаця б на тыдзень пасадзіць.

Пасьля ўсяго абмыць “Кагорам”
І палічыць пры тым да ста,
Каб выйшла соль з ягоных твораў,
І зьнікла з рыфмаў гарката.

Берлібры б толькі не пашкодзіць,
Бо з імі, ўсё-ткі, ты смачней.
А ўжо вуглі мігцяць на сподзе…
Трымайся, братачка Андрэй!

Здымаем скуру, перчым члены,
Бярэм пятрушку, пастэрнак…
Галоўку чоснэку, ліст хрэну;
Бо без прыправаў - аніяк.

І вось сквірчыць паэт у печы,
А я тым часам, быццам пан,
Запальваю ў пакоі сьвечы,
У келіх плюхну “Мукузан”.

Які ж ты смачны, як гарачы,
Лімэрыкаў адданы сын.
Я з'ем паэта да астачы,
Даруйце толькі, што адзін!
2009.

Хадановіч, вершы

Previous post Next post
Up