Старадаўні парк па-над стромкім берагам Сожа - візітная картка Гомеля. Некалі гэты маляўнічы куток горада з палацам Румянцавых-Паскевічаў лічыўся адным з найпрыгажэйшых на абшарах савецкай імперыі. З большага, парк не страціў свайго хараства і зараз, хаця ў апошнія часы і ён не пазьбегнуў прыкрых зьменаў, сьлядоў сучаснай эрзацкультуры, якая сьпехам ствараецца для масавага спажываньня. Тым не меней, пераходзячы імпэтнымі масточкамі над глыбокімі ярамі, паглыбляючыся ў шаты векавых дрэў, знаходзіш урэшце заспакаеньне. І ахінае цябе ўсьведамленьне неістотнасьці і запаволенасьці яго вялікасьці Часу. Шолах лістоты над галавою ды ледзь чутны плёскат ракі недзе ўнізе - сугучныя асабістай настраёвасьці, таму на іх амаль не зьвяртаеш увагі. Мудрая цішыня забірае цябе ў абдымкі і не адразу слых рэагуе на гукі мелодыі, якія нечакана раптам выплывуць з абакружжа ліп і дубоў. Гэта гадзіньнік на вежы паскевічавага палаца нагадвае: час усё ж імкліва рухаецца некуды, можа нават сплываючы на поўдзень разам з сожскаю вадою.
Над паркам плывуць няхітрыя гукі песьні “Люблю наш край, старонку гэту”. Пранікнёныя і шчырыя словы напісаны адзінаццацігадовай Косткай, вядомай беларускай паэткай Канстанцыяй Буйло ў 1910 годзе. Але і дагэтуль, цягам, лічы, стагодзьдзя, уражваюць і кранаюць сучасніка радкі яе верша чысьцінёй юнацкіх пачуцьцяў, светлым каханьнем да роднай старонкі.
Асабіста маё знаёмства з песьняй, - а найперш (у адрозненьне ад многіх іншых аматараў паэзіі) была мелодыя, - адбылося вельмі даўно. Здаецца пасьля чацьвёртага класа маці выпраўляла мяне ў піянерскі лагер у Клёнкі (зона адпачынку пад Гомлем). Тады да Клёнак зручна было дабірацца рачным цеплаходам. Памятаю, я зачаравана сядзеў на верхняй палубе і шырока расплюснутымі вачыма ўглядаўся ў высокі бераг Сожа, пазіраў на волаты-дрэвы, між якіх праглядваліся палацавыя будынкі, казачная каплічка, высокі комін старадаўняга цукровага завода. Якраз тады, на сьпічастай прамакутнай вежы і азваліся для мяне ўпершыню гомельскія куранты; далёка, нават за рачным заломам, паплылі распеўныя і крыху самотныя гукі мелодыі. На той час і здагадацца было немагчыма, што песьня гэтая так і застанецца са мною на доўгія гады: спачатку пад час вучобы ў мясцовым універсітэце, затым пазьней, калі працаваў і жыў у Гомелі. А жыцьцё у гэтым “прыморска-курортным” (зыходзячы з меркаваньнняў прыезжых) горадзе немагчыма, у прынцыпе, без сустрэч з паркам, сустрэч з любімай мелодыяй. Да таго ж, спачатку з цікаўнасьці, а затым па ўнутранай патрэбе, позна ўвечары ўключаўся транзістарны прыёмнік, бегунок якога, на кароткахвалевай шкале, амаль нязьменна пачываўся на 31-ым або 41 метры. На вядомых многім частотах радыё “Свабода” штодзень гучалі і працягваюць гучаць славутыя пазыўныя: “Люблю наш край, старонку гэту”. Тут, у радыёэфіры, найчасьцей і адбываюцца нашыя спатканьні сёньня. Дарэчы будзе прыгадаць адзін выпадак. Неяк, яшчэ ў Гомелі, сустрэў “на хаду” знаёмага, асобу з калятворчага асяродку. На дзяжурнае пытаньне пра справы, між іншым, той раптам прызнаўся, што марыць стварыць песьню-гімн пра Гомель. “Музыка ўжо ёсьць, штогадзінна гучыць на гарадской вежы, што ў парку, засталося напісаць толькі тэкст”, - паведаміў ён. Давялося распавесьці земляку пра верш Канстанцыі Буйло, які з часам зрабіўся вядомай песьняй. Сам жа задумаўся і з прыкрасьцю прызнаўся сабе: дальбог, аўтара музыкі я ж і сам ня ведаю. Тады, памятаю і адшукаліся ва ўспамінах Буйло пад назвай “Гісторыя аднаго верша” заўвагі паэткі аб тым, што музыка гэтай песьні народная. Тыя словы паэткі увесь час тыражавалі і паўтаралі многія энцыклапедычныя і бібліграфічныя выданьні. Толькі значна пазьней высьветлілася, што гэты Косткін дыямент у дыхтоўную аправу з нот зьмясьціў кампазітар Мікола Равенскі. Гэты таленавіты музыка зьяўляецца, дарэчы, аўтарам музыкі і да верша Арсеньневай “Магутны Божа”, і да купалаўскага “Мой родны кут”, і да словаў многіх іншых беларускіх творцаў. Але ж ці магла ведаць свайго кампазітара паэтка, якую лёс закінуў у Маскву, а славуты кампазітар Равенскі вымушаны быў эміграваць у Германію, а затым у Бельгію, дзе неўзабаве і знайшоў свой спачын у тамтэйшым гарадку Лёвэн. Толькі праз 12 гадоў пасля стварэньня гэтага хрэстаматыйнага твора Канстанцыі, разам з музыкай да вершаў беларускіх паэтаў ды апрацоўкамі народных песень, была надрукавана песьня ў “Зборніку песьняў з нотамі”.
Амаль стагодзьдзе вершу, які зрабіўся для беларусаў усяго сьвету атаясамленьнем свабоды, волі і каханьня. Але як хораша, што кожны дзень гучыць мелодыя гэтае чароўнае песьні над Гомелем! Я веру, што несьмяротны сімбіёз Канстанцыі Буйло і музыканта, творчасць якога так доўга была забытай на Бацькаўшчыне, Міколы Равенскага і надалей будзе служыць беларусам. Мы гэтага яшчэ вартыя!