Хрыстос,
прызямліся ў Гародні,
Менску, гарадах і мястэчках
янтарнай нашай краіны.
Супыні дзікае паляваньне,
барані ад карнікаў карагоды людзкія,
захіні каласы ад сярпоў
і ад урагану -
вячэрнія ветразі.
Мы ёсьць.
Былі ў сівых легендах,
будзем у памяці каменя і нашчадкаў.
Мы глядзім у сінія-сінія вочы твае
і прарастаем чазеніяй,
калі паміраюць іншыя дрэвы.
Дай знак
з маўклівых прадоньняў азёр
і залатых вершалінаў,
калі
дрэнь дрыгвы і пустэчаў
адпусьціць нас
і болей ніколі ня вернецца
да Зямлі
пад белымі крыламі.
* * *
Дваццаць тры трыццаць чатыры.
Ужо столькі часу…
А яшчэ дахалеры працы.
Трэба мяняць рэжым.
Абавязкова.
Каб прачынацца заўтра, ня сёньня.
І заўтра пачнецца з гадзіны нуль.
----------------------------------------
©
Вольга Гронская