Максімка

Aug 26, 2010 18:45

Я стаю ў "Бусліку" ля паліцы з дзіцячым харчаваннем, і мая рука цягнецца да верхняй паліцы, дзе стаіць "Прэ-нан"-сумесь для неданошаных немаўлят.Гэта ўжо другая сумесь, каторую мы купляем для новага члена маёй сям'і.Я стала мамай другі раз у сваім жыцці.У маіх грудзях паўно малака, я сцэджваю яго шэсць разоў на дзень пры дапамозе дасягнення сучаснай цывілізацыі-электрычнага малакасмактача.Але я яшчэ ні разу не карміла сваім малаком і не трымала на сваіх руках свайго маленькага сыночка, майго мышанятку, майго Максімку.Сёння яму спаўняецца два тыдні.Я ня ведаю зараз многа гэта ці мала для майго хлопчыка, але мне вельмі хочацца верыць, што вельмі хутка мы ўжо будзем разам і я змагу карміць, трымаць, песціць сваё нованароджанае немаўлятка.
Нараджэнне Максімкі стала для мяне поўнай нечаканасцю, і я ня ведаю ці нарадзіўся б ён увогуле, калі б я не зрабіла на 32-гім тыдні пазачарговае ўльтрагукавое абследванне ў платным медцэнтры, дзе выявіліся скрытыя праблемы маёй цяжарнасці. Надта старая плацэнта і парушэнне крыватоку паміж плодам і маткай- гэта сур'ёзная прычына, каб легчы ў шпіталь і пралячыцца.Спакойнае ўсведамленне таго, што я раблю ўсё магчымае для паляпшэння стану майго дзіцёнка змушала мяне абыякава ставіцца і да балючых ўколаў, і да знікнення вен на маіх руках, і да шматлікіх сінякоў на руках ад капельніц.Толькі тыднёвае знаходжанне ў аддзяленні паталогіі цяжарных не прынеслі пажаданага паляпшэння ў маім стане.І мне, і дзіцёнку рабілася толькі горш.Пры чым горш за ўсё стала менавіта ў чацвер, 12 жніўня.Кардыётакаграмы плода мне былі зроблены ў той дзень чатыры разы, і з кожным разам яны рабіліся ўсё горш і горш.За цэлы дзень я адчула толькі адно шавяленне.Мне ламіла шыю, і страшэння балела галава, я не магла зразумець чаму гэта адбываеца са мною і так знянацку.Дактары, што прыйшлі да мяне а дзесятай гадзіне вечара былі няўмольнымі: у інтарэсах дзіцёнка трэба рабіць кесарава, бо да раніцы ён можа проста не дажыць.Мне хацелася выць, хацелася збегчы з таго шпіталю ў чысты сасновы лес, на бераг хоць-якога возера, толькі ў мяне не было такога выбару.Прыйшоў анэстэзіёлаг, і праз пяць хвілін я ўжо падпісвала згоду на аперацыю і ўмяшальніцтва для свайго сына.
Далей была, каталка, катэтэр, спінальная анэстэзія, распятыя на стале рукі: на правай -капельніца,на левай электроды.Перад носам павесілі прасціню, каб я не бачыла дзеянні хірургаў, хаця гэта мяне меньш за ўсё хвалявала.Мне балела галава,яна нават не балела, яе невыносна ламіла, у думках была поўная каша, страх не за сябе, але за таго, хто яшчэ быў у мяне ўнутры, і думка:чаму я ніяк не магу змяніць ход падзей? Раптам я заўважыла, што неанатолагі ўжо акружылі пеленальны стол.Яны нешта спешна рабілі ля яго імгненне, другое, трэцяе...Раптам раздаўся тоненькі піск, нават не крык.Гэта быў голас майго нованароджанага сыночка.Яшчэ праз хвіліну мне хуценька паказвалі маленькае цельца:"Глядзіце, у Вас хлопчык!41 сантыметар, кіло чатырыста пяцьдзесят грамаў, час нараджэння 23.13!" Традыцыйна мне тыкалі ў нос маленькімі геніталіямі сына."Што Вы мне геніталіі паказваеце, Вы мне твар пакажыце!"-абурылася я.І тут з-пад коўдры я пабачыла замкнёныя вочкі і ўпалыя шчочкі, падціснутыя вусны і востры носік."Ён жывы!"- пранеслася першая радасная за апошнія часы думка.Мне дазволілі пацалаваць сына ў лобік, і яго забралі ў аддзяленне рэанімацыі.Далейшыя хвіліны на аперацыйным стале я памятаю даволі цьмяна.Мне па-ранейшаму ламіла галаву, і анэстэзіёлаг зрабіў мне нейкі абязбольваючы ўкол, я задавала яму нейкія дурацкія пытанні, але зместу іх ужо не памятаю,а хірург сварылася на мяне, што я такая балтлівая пацыентка.
Ноч я правяла ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі яшчэ з дзвумя такімі ж кесараўскімі гаротніцамі.У мяне ўлівалі адну за другой слоікі глюкозы і фізраствору, рабілі абязбольваючыя ўколы.У суседкі я папарсіла тэлефон і адразу пазваніла дадому."Як назавем нашага сына?"- спытала я ў Дзімы, маладога бацькі."А ў Цябе ёсць ідэі?"-спытаў ён у адказ.Ідэяў у мяне накапілася няшмат:Максім, Яраслаў і Вітольд. "Максім мне падабаецца,"-буркнуў Дзіма, і я вырашыла не пярэчыць.Так мы і назвалі сыночка без доўгіх спрэчак і прараканняў.А зранку да мяне прыйшоў загадчык аддзялення паталогіі цяжарных і парадваў, што мой сынка зняўся з апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх і ўжо дыхае самастойна.Гэтая навіна так акрыліла мяне, што праз поў гадзіны ўжо села, а праз гадзіну ўстала ля ложка.Але тут прыйшла палатная доктарка і загадала мне легчы, бо са спінальнай анэстэзіяй трэба ляжаць суткі, а ў мяне толькі восем гадзін прайшло.Але ж мне так хацелася пабачыць свайго малога!На маё шчасце ў той дзень пачалі паступаць новыя кесараўскія жанчыны, і ўжо а другой гадзіне дня мяне перавялі ў платную палату ў пасляродавае аддзяленне.Ляжаць там я ўжо проста не магла, ногі самі панеслі мяне на пост, каб пабачыцца з сынкам.Ён ляжаў у кувезе, зусім, зусім маленькі.Танюсенькія ручкі і ножкі,даўгія пальчыкі на далонях, худзенькія цаплячыя грудкі.З галавы і пупка тырчэлі капельніцы, на назе быў замацаваны датчык, на маніторы адлюстроўваліся сардэчныя рытмы ягонага маленькага сэрцайка.Я стаяла ля кувеза ў адной толькі заляпанай крывёю начнушцы, трымаючы рукой свой парэзаны жывот, а маё дзіцятка ляжала побач голенькае за шклом, і я нічым не магла яму дапамагчы:ні патрымаць, ні пакарміць, ні памяняць памперс.Толькі ўчора мы з сынкам былі аднім цэлым, а сёння раздзелены шматлікімі перагародкамі і дактарамі.Дзе тая радасць, каторую я так моцна адчувала, калі нарадзіла свайго першага сына? Ці з'явіцца хоць калі небудзь гэтае жыццесцвярджальнае пачуцце ў мяне з другім дзіцёнкам? Да мяне падыйшла дзіцячая доктарка:"Ваш сын глыбока неданошаны,але ён дыхае сам.Ён будзе знаходзіцца тут, у інтэнсіўнай тэрапіі, пакуль мы не знойдзем яму месца ў сямёрцы.Вы можаце прыходзіць пастаяць ля яго два разы на дзень:з 12- да 13, і з 20-да 21." Словы доктаркі гучалі адначасова і як надзея, і як прысуд.Я-маці, і яшчэ-не маці.Я нарадзіла і не нарадзіла адначасова.Я клапачуся, але толькі ў думках, у марах, у надзеях.І так нязвыкла адчуваць, што ў маім жываце больш ніхто не шавеліцца, не пінае мяне знутры....
На чацвёртыя суткі малога перавялі ў сямёрку, а мяне выпісалі дахаты на сёмыя суткі, як толькі знялі швы.Зараз я езджу ў сямёрку праз дзень, каб пастаяць пару хвілін ля кувеза, паслухаць, што кажа доктар, перадаць памперсы і сумесь для кармлення для хутчэйшага папраўлення майго маленькага Максімкі.Нас яшчэ чакае шмат розных працэдураў і выпрабаванняў,гэта толькі пачатак.Але ўсё што я магу зараз -гэта спадзявацца.
P.S.Перад маёй выпіскай са шпіталю я зайшла да загадчыка аддзялення паталогі цяжарных і спыталася, ці можна было выявіць маю паталогію нейкім іншым чынам, акром ультрагукавога даследвання."Можна, але толькі ў больш запушчанай стадыі хваробы.Прагнозы маглі быць яшчэ горшыя, калі б Ты не зрабіла той пазачарговы ўльтрагук,"-адказаў мне ён.
Previous post Next post
Up