девичья краса, куршская коса

Sep 16, 2011 16:27



У Нідзе апошнія дні курортнага сезона, таму настрой цалкам летне-развітальны. Вулачкі напоўненыя пахам вэнджанай рыбы і літоўскімі баскетбольнымі гімнамі, што спяваюцца з усіх бакоў на розныя галасы.
Мы пасяліліся ў светлым доме са стромкай драўлянай лесвіцай (у кіно на ёй абавязкова б звярнула шыю галоўная гераіня, кулём коцячыся па прыступках). У доме было шмат павукоў, яны спускаліся са столі па самаробных трапах і рассыпаліся па падлозе. Я, канечне, пішчала: "Павукі, павукі!". І хлопцы вымушаныя былі збіраць іх у шклянку і высяляць на вуліцу. За вакном у нас плёскаўся шэры заліў, рыбакі панура сядзелі з вудамі, лебедзі пагойдваліся на вадзе (калі падысці да лебедзя блізка і працягнуць руку, ён незадаволена шыкае). Надвор'е на Балтыцы мяняецца імгненна (як мой настрой), налятае вецер з дажджом, і раварысты ўжо праязджаюць за вакном у раз'юшаных дажджавіках, быццам жадаючы адарвацца ад цалафанавага монстра, які захапіў іхнія галовы і спіны. Чайкі, летучы супраць ветра, з крыкам завісаюць на адной вышыні і становяцца падобнымі да драўляных птушак, падвешаных на вяровачках у мясцовай сувенірнай лаўцы. Думалася ў асноўным пра далёкую старасць на моры, а таксама пра тое, якую рыбіну з'есці сёння, каб было смачна, і чаму так захапляюць мясцовыя паштоўкавыя пейзажы, кшталту адзінокай лодачкі на месяцовай дарожцы, а паспрабуй сфатаграфаваць ці, яшчэ горш, намаляваць -- атрымаецца кашмарная пошласць.






















А вось я ганяю па газоне мясцовых буслоў.



А тут я сябар дзяцей, цёця Разноколеровая, як кажа Антон Сідарэнка. Зойка часам такі маленькі гітлер, з каварнай усмешкай хапае людзей за нос, фыркае, як вожык, і торгае ножкамі, быццам бяжыць па бяскрайнім лузе, і, як кветкі, рве мае валасы разам з завушніцамі.



На дзянёк з'ездзілі на рускі бок касы. Там, дарэчы, адразу ўсё па-іншаму: замест нізкіх горных соснаў, бярозанькі шапацяць лісточкамі, манголапалобны хлопец у камуфляжы і з дубальтоўкай за спінай спыняе машыны, каб спагнаць плату за экалогію. На мяжы нас сустракае сексапільная руская красавіца. Яна ходзіць паміж машын, грацыёзна падпершы рукой бок, як дрэсіроўшчыца, і круціць рацыяй, быццам кнутом. На асфальце сядзяць тры лісы, і людзі з машын кідаюць ім сушкі.



Адразу за рускай мяжой у нас пачаўся дзень добрых спраў. Спачатку мы дацягнулі спужаную літоўку, у якой скончыўся бензін пасярод леса, да запраўкі. Пасля ў калінінградскай кавярні да Арцёма ў прыбіральні падышоў хлопчык гадоў чатырох і папрасіў дапамагчы яму зашпіліць штаны, бо ў яго не атрымліваецца. Арцём спытаў, дзе яго мама, але хлопчык сказаў, што ён не хоча прасіць маму, бо яму сорамна. Арцёму прыйшлося дапамагчы малому. Вельмі кранальнае дзіцячае адчуванне мужчынскай салідарнасці. Але нягледзячы на ўсе нашыя добрыя справы, у Калінінградзе мы адразу згубілі гаманец з нармальным такім месячным заробкам. Няма справядлівасці ў гэтым свеце. Калінінград, дарэчы, нам не спадабаўся, горад панэльных скрыняў і коракаў. Нямецкая архітэктура была знішчаная амаль цалкам -- спачатку падчас вайны, а тое, што выжыла, разбурылі ў 1960-я, засталіся лічаныя будынкі. Тут я думаю пра тое, што можна было набыць на страчаныя грошы:





Па вяртанні быў яшчэ дзень у Вільні, трапілі раптам на віленскія могілкі Росы. Людвіка, якая рабіла нам экскурсію, згадваючы чыесьці словы, казала, што раней Вільня была калыскай беларушчыны, а цяпер ейная труна. Мы хадзілі сярод асветленых сонцам беларускіх магілаў на ўзгорку -- Ядвігіна Ш, братоў Луцкевічаў, Сыракомлі, Сваяка. А я думала, як назваць такое рэдкае ўтульнае адчуванне, калі лёгка і ва ўсім бачыцца прыгажосць, у ім ёсць штосьці агульнае ад натхнення і кахання, але гэта не тое і не другое.

Previous post Next post
Up