(no subject)

Feb 02, 2011 03:28

Я люблю свой дзень народзінаў, заўжды чакаю яго і шумна адзначаю ў здымных асабняках з басейнамі, фейерверкамі, шматпавярховымі тортамі і, абавязкова, невялікім самадзейным канцэртам у мой гонар, падчас якога я выходжу да публікі як мінімум у трох розных сукенках.

А сёлета напярэдадні я, выпіўшы некалькі кубкаў бананавага парацэтамолу, маркотна схілілася над сталом і падумала, што свята бывае тады, калі ёсць будні. Свята трэба заслужыць. І віншаванні, і падарункі таксама. А ты што? А ты нічога. Ты не заслужыла. З чым цябе віншаваць? Так, апошнія месяцы я мала што раблю, апроч стыхійнага паядання сябе (А. кажа, што ў некаторыя моманты ў цішыні, седзячы побач са мной, можна пачуць прагнае чмяканне). Таму я вырашыла, што заўтра я "наказана", выключыць тэлефон, не выходзіць у чацікі, бо прыемных словаў я не дастойная, вось так. Але, канечне, назаўтра нічога я не выключыла, і цэлы дзень радасна прымала сігналы, расплыўшыся ў расчуленай дурацкай усмешцы. За што вялікі дзякуй усім хто!

А яшчэ ў мяне цяпер, здаецца, ёсць асабісты транспартны сродак "чарнічнага колеру". Таму ўжо зусім неадкладна патрэбная вясна, бо я пераб'ю ўсё шкло ў доме, калі буду катацца на ім з пакоя ў кухню.
Previous post Next post
Up