Піяр беларускай культуры: як ператварыць Гётынгенскі план у плён?

Apr 27, 2010 11:42

Інтэрнэт змяніў сітуацыю радыкальна: імгненна вырасла канкурэнцыя сярод СМІ, і патрабаванні журналістаў да падзеі сталі высокімі... Але, тым не менш, ці варта прыўносіць шоу ў беларускую культуру?

Беларуская культура, як і любая іншая, фармуецца не пад уплывам цыркуляраў і пастановаў. Існуюць канкрэтныя людзі, апантаныя ідэяй (Францішак Багушэвіч, Уладзіслаў Галубок, Лявон Вольскі) - яны і ёсць яе рухавікамі. Разам з тым, трансляцыя культуры ў грамадстве адбываецца праз сродкі інфармацыі і камунікацыі. У XIX-XX стст. асноўныя масмедыя паспелі з’явіцца і стаць традыцыйнымі. Невысокі ўзровень канкурэнцыі медыяў у БССР, а пасля РБ не вымагаў ад арганізатараў культурных акцыяў вялікага крэатыву: “усё роўна ж пра нас напішуць”.

Інтэрнэт змяніў сітуацыю радыкальна: імгненна вырасла канкурэнцыя сярод СМІ, і патрабаванні журналістаў да падзеі сталі высокімі. Цяпер масмедыям патрабуецца крэатыўнасць і падзеі з вялікай літары.

Але, тым не менш, ці варта прыўносіць шоу ў беларускую культуру?

Што такое “Гётынгенскі працэс”?

Група беларускіх культурных дзеячаў, прафесіяналаў у метадалогіі, правяла каля нямецкага Гётынгену (горада з даўнімі універсітэцкімі традыцыямі) дыскусію, пасля якой абвясціла пра стварэнне новай ініцыятывы - "Гётынгенскага працэсу". Яе мэта - фармаванне беларускай нацыі ва ўмовах глабальнага свету.

Сваю прагу прыступіць да фармавання новай культурнай палітыкі культуролагі абгрунтоўвалі заклапочанасцю наконт сучаснага стану культуры ў Беларусі. Чаму сітуацыю трэба мяняць, яны, прынамсі, тлумачаць так: “Нас, дзейных асобаў культурнага працэсу на Радзіме, не падзяляе і не робіць міжсобку ворагамі нічога, што сыходзіла б з беларускай культуры, традыцыі, мовы і менталітэту. Мы ўсведамляем, што найвышэйшая мэта сучаснай культурнай палітыкі - фармаванне беларускай нацыі ва ўмовах глабальнага свету. Усе падзелы паміж намі сыходзяць з іншых сфераў грамадскага і дзяржаўнага ўладкавання.

Канфлікты і напружанасць у культуры пачалі акрэслівацца яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. …Дзякуючы ўсяму гэтаму ў саміх панятках мовы, нацыі і культуры быў пасеяны канфлікт. Сёння мы прызнаем, што гэты канфлікт вычарпаны”.

Таксама культуролагі дадаюць: “Існаваць паміж Польшчай і Балтыяй з аднаго боку і Расеяй з другога як роўныя сярод роўных - мы можам толькі ў гэткай самай нацыянальнай, культурнай, цывілізацыйнай кандыцыі, а не ў стане эвалюцыйна ніжэйшага і недафармаванага”. На думку аўтараў, “гэтая другаснасць будзе пераадоленая разам з вяртаннем да прынцыпу адзінства культуры”.

Асноўным інструментам развіцця беларускай культуры ў сённяшняй сітуацыі прапануецца - трансляваць любую, малую ці вялікую падзею ў культурным беларускім жыцці ўсімі сродкамі камунікацыі. Гэта і інтэрнэт (інфармацыйныя агенцтвы, блогі), і тэлебачанне (перадачы, фільмы), і друкаваныя медыі - можна напісаць артыкул ці “хаця б узгадаць пра падзею радком”. Урэшце, падзея з’явіцца на “сотнях і тысячах малых і вялікіх “экранаў” і ў выніку з’явіцца на самым вялікім “экране” грамадскае ўвагі беларусаў”.

Каб было да чаго ўжываць такі інструмент - усеагульную трансляцыю падзеяў - культуролагі склалі першасны каляндар беларускіх культурных падзеяў - Каляндар культуры. Нават калі пачаць трансляваць у медыях гэты план - ужо будзе плён. (Газеты і радыё, напрыклад, газета “Беларусь сегодня” або радыё “Юністар”, вядуць рубрыкі, дзе распавядаюць пра культурныя падзеі).

Ці трэба нам адна культура для ўсіх?

Але ці адпавядае канцэпцыя “адзінства культуры” сённяшняй еўрапейскай рэчаіснасці? Гісторык Аляксей Братачкін сумняваецца ў гэтым. “Культура, - кажа ён, - гэта універсальны чалавечы феномен, і пра гэтую універсальнасць трэба памятаць, кажучы пра сувязь культуры з будаўніцтвам нацыі”. Аляксей Братачкін ставіць пытанне: а якія каштоўнасці лічыць базавымі для беларускай нацыі? “Бо, - выказвае ён сваё меркаванне, - у беларускім грамадстве пакуль няма каштоўнаснага кансенсусу, хутчэй можна казаць пра наяўнасць розных сістэмаў каштоўнасцяў, якія канфліктуюць паміж сабой”. У якасці падмацавання сваёй думкі ён прыводзіць сітуацыю ў ЕЗ: “Мадэль "культура для ўсіх" паступова замяняецца мадэллю "культуры для кожнага", якая прадугледжвае культурную разнастайнасць”. Таму “канфлікты, пра якія прапаноўвае забыць "Дэкларацыя адзінства культуры", як мяркуе Братачкін, "маюць каштоўнасную прыроду, а таму іх немагчыма ігнараваць цалкам”. І прыводзіць спіс акалічнасцей, пры якіх, на ягоную думку, магчымы "Гётынгенскі працэс".

Што дасць нам магчымасць паразумецца ў любым выпадку?

Якую б пазіцыю ні выбраў менеджэр культуры, у яго заўсёды ёсць сродак камунікацыі, які дапаможа. Гэта - інтэрнэт. Так склалася (а можа, гэта і не выпадковасць), што развал Савецкага Саюзу супаў з пачаткам актыўнага развіцця інтэрнэту. У Беларусі ў 1991 г. з’явіўся вузел Internet/Relcom, які дазволіў карыстацца электроннай поштай. А ў 1992 г. быў створаны першы сайт - гэта была старонка Вярхоўнага Савету. У сённяшняй сітуацыі, калі існуюць велізарныя напрацоўкі ў галіне беларускай культуры, і разам з тым ёсць магчымасць (вядома, з пэўнымі цяжкасцямі) піярыць беларускую культуру, гэта і варта скарыстоўваць. Тое складваецца і само сабой - прафесіяналы і некаторыя аматары займаюцца папяровым самвыдатам, але штомесяц шэрагі “інтэрнэт-выдаўцоў” (прынамсі, блогераў) павялічваюцца. (Папяровыя выданні і інтэрнэт - розныя сродкі камунікавання, развівацца маюць і першыя, і другія).

Благасфера - частка інтэрнэту, адзін з універсальных інструментаў, якія беларуская культура атрымала ў наш час. Блогі, ды і ўвесь інтэрнэт - не тое што наступны пасля газет, радыё і тэлебачання сродак камунікацыі, а абсалютна іншы, новай ступені. Прыкладна, як не было кнігадрукавання, а потым яно з’явілася на свет, гэтак жа змяніў яго і інтэрнэт. Сёння кожны блог - незалежны СМІ, і кожны творца можа ці стварыць асабістую медыяпрастору, ці прымкнуць да тых, якая ўжо існуюць.

Пісьменнік, пра якога пішуць медыі

І інтэрнэт, і благасфера, калі яны падмацаваныя традыцыйнымі медыямі, іншымі каналамі камунікацыі, даюць культурны выбух. Адзін з культурных дзеячаў, які любіць рабіць такія выбухі, - Зміцер Вішнёў, беларускі літаратар, які да таго ж займаецца выданнем кніг. Ладзячы прэзентацыі свайго выдавецтва “Галіяфы”, Вішнёў заўсёды працуе з медыямі, і гэта мае свой плён. Пасля прэзентацыі ягонага рамана “Замак пабудаваны з крапівы”, аўтар гэтага артыкулу задаў Змітру шэраг пытанняў пра тое, як у яго наладжаная праца з медыямі ды які вынік яна дае? Паводле Вішнёва, перад кожнай прэзентацыяй ён робіць тры рэчы для запрашэння журналістаў: 1) запрашае добра знаёмых журналістаў асабіста; 2) дасылае запрашэнні тым журналістам, якіх ведае збольшага; 3) робіць агульную рассылку па медыях. Перад прэзентацыяй раману “Замак пабудаваны з крапівы” ён ажыццявіў першыя два пункты. Разам з тым, праз 10 дзён пасля прэзентацыі ў масс-медыя з’явіліся 7 матэрыялаў (у тым ліку радыёрэпартажы). Напрыклад, артыкул на рускамоўным Open.by.

Папрацавалі і блогеры - адзін з іх размясціў відэа. Зміцер Вішнёў адзначыў, што яшчэ некалькі інтэрв’ю з ім, якія датычацца выхаду новай кнігі, рыхтуюцца. На пытанне, чаму прэзентацыю абмінула тэлебачанне, Вішнёў адказаў так: “Тэлебачанне рэдка наведвае літаратурныя імпрэзы, таму, каб не губляць час, я яго не запрашаў. ТБ больш цікавяць выставы - дзе можна зрабіць “карцінку”.

Як завабіць журналіста?

З фразы Зміцера Вішнёва - зрабіць “карцінку” - бачна, што і з тэлебачаннем варта працаваць, трэба толькі знайсці форму, якая адпавядае запатрабаванням сучасных візуальных медыяў. Тым часам, у красавіку 2010 г. у Мінску мусіць прайсці Чацвёрты міжнародны фестываль паэзіі “Парадак словаў”. Не сумняваюся, што пра яго будуць пісаць, а можа нават і тэлебачанне зробіць сюжэт, але з падзеяў, якія ёсць у праграме Фестывалю, выдзяляецца толькі адна: Першы беларускі “Турнір паэтаў”. Думаю, каб зацікавіць медыі, варта было разам з выступамі паэтаў і прэзентацыямі кніг прыдумаць яшчэ некалькі крэатыўным імпрэзаў, накшталт гэтага турніру. А кавярню, дзе паэты выступяць з вершамі, замяніць на закінуты дзіцячы лагер - там для тэлевізіі была б патрэбная “карцінка”.

Ці можа кожны творца стаць шоуменам?

Увогуле, калі казаць пра мадэляванне і ўздым культурнага працэсу ў Беларусі, трэба дасканала вывучыць думкі як прыхільнікаў адзінага культурнага працэсу, так і яго крытыкаў.

Свет не тое што рухаецца, а рухаецца імкліва. Некалькі стагоддзяў таму не адно пакаленне змянялася пры адной культурнай парадыгме. Сёння праз адно пакаленне праходзіць некалькі культурных парадыгмаў. І каб быць запатрабаваным, сучасным творцам гэта важна ўлічваць. Гаворка не ідзе пра тое, каб кожнаму творцу быць шоуменам. Варта як мага часцей самому па-рознаму інтэрпрэтаваць сваю творчасць, свае выступы. Мяняць свой культурны код у залежнасці ад бягучай сітуацыі (можна звязаць выступ з сітуацыяй у свеце, у Беларусі ці нават у зале, дзе выступаеш).

Каб лепш патлумачыць, у якасці прыкладу возьмем моду. Штогод у модзе змяняецца не адзін трэнд (для чалавека натуральная прага да зменаў). І паглядзіце, якая цікаўнасць да гэтай галіны існуе з боку медыяў, колькі тэлеканалаў, прысвечаных толькі модзе, можна глядзець па спадарожнікавай антэне. Між тым, спадніцы застаюцца спадніцамі, чаравікі - чаравікамі і кашулі - кашулямі. Але розныя спалучэнні лякалаў, тканіны і фарбаў, распрацоўка новых лякалаў паказваюць нам, што варыянтаў адзежы можа быць велізарная колькасць. Так і ў літаратуры: мова - мовай, творчая асоба - асобай, але варта дадаць творчай вечарыне крэатыўнасці, арыгінальнасці, шоу - і цікавасць масмедыя значна ўзрасце, а імпрэза з’явіцца на “экране” грамадскай ўвагі беларусаў”.

n-europe.eu

8 красавiка 2010

http://www.arche.by/by/24/10/1910/

Аляксей Чубат
 

культура, піяр, Беларусь

Previous post Next post
Up