Вялікодная разынкавая містэрыя, ці Як музыкі зладзілі святочную этна-геаграфію ў “Добрых мыслях”

Apr 09, 2010 21:24

Вялікодная разынкавая містэрыя, ці Як музыкі зладзілі святочную этна-геаграфію ў “Добрых мыслях”

http://studfarmat.org/blogs/vyalikodnaya-razynkavaya-misteryya-ci-yak-muzyki-zladzili-svyatochnuyu-etna-heahrafiyu-u-“dobryx-myslyax”.html

Ваколіцы менскай станцыі метро “Інстытут культуры” больш і больш набываюць статус моладзевага культурнага “мястэчка”. Не толькі дзякуючы вядомай “інстытуцыі”, але й мясцовым менскім кавярням, у сценах якіх ладзяцца музычныя і літаратурныя імпрэзы.

Святочны тыдзень праграмай “ИзюмАкустика” распачалі менскія музыкі ў кавярні “Добрыя мыслі”. Госці вечару былі заахвочаны даволі крэатыўным пасылам “паспытаць разынкавую акустыку”. Падчас ужывання кісла-салодкіх разынак слухачы адчулі арыгінальна-ўсходні смак песен гурту “Шёпот Серебра”, дзякуючы гурту “Хортица” даведаліся больш пра славяна-арыйскія карані, а пад прыгожыя фолькавыя і акустычныя творы дуэта Рамана Яраша і Юліі Ліцвінавай змаглі адчуць песенную прыгажосць нашага края.


Палеская рапсодыя

Этна-геаграфію распачаў дуэт Юліі і Рамана. Песні палескага рэгіёну, Вiцебшчыны i Смаленшчыны выконваліся вельмі натхнёна.Стварэнню пэўнай народнай атмасферы спрыяла таксама традыцыйнае адзенне спадарыні Ліцвінавай. Вышываная ружамі-кветкамі прабабулевая калінкавіцкая кашуля, каларытныя пацеркі, чырвоная стужачка ў чорных валасах - стварылі незабыўны вобраз пекнай спявачкі. Раман у свой час прафесійна граў на чорнай бліскучай гітары ды й яшчэ часам ўскладняў сваё выкананне вуснавым гармонікам. Асаблівым майстэрскім захадам стала прымкненне да гэтай таленавітай кампаніі і саліста гурту “Шёпот Серебра” Уладзіміра Дрындрожыка. “Цераз быструю раку падай, мілэнькі, руку, цераз тоненькі лясок…” - прафесійна зробленай аранжыроўкай песня нагадала ўрывак з якога-небудзь украінскага мюзікла - незвычайна і запамінальна. Своеасаблівае аб’яднанне журчання вады, вохкання ветру і шэпту пяску было дасягнута арыгінальным інструментам пад назвай rainstick (“палка дажджу”). Паварот у пэўным кірунку гэтай бамбукавай трубачкі з баршчавіка ствараў патрэбны для лагічнага развіцця тэксту эфект.

З тэрыторыі “традыцыйнай палескай песні” слухачы пакрочылі далей ўжо толькі з бардам Раманам Ярашам. Яго сольныя песні былі напоўнены атмасферай “дзікага захаду”. Узгаданыя вышэй інструменты Рамана стварылі вобраз вулічнага музыкі. Што цікава, гэтую асацыяцую падкінуў у залю сам выканавец. У песне “Грошы” ён так і распавёў слухачам, што“а всэ за грошы, што ў мэнэ е”. Спадар Яраш таксама, як і ў дуэце, выконваў песні з Палесся і Смаленшчыны, але іх незвычайная апрацоўка пераносіла гасцей імпрэзы далёка-далёка, дакладна па-за межы Беларусі.

“Нотны сшытак” пад шэпт серабра

Наступным у вялікоднай разынкавай містэрыі прыняў удзел гурт “Шёпот Серебра”. Гэта квартэт, да якога, як кажуць самі музыкі, “містычным чынам прыцягваюцца невыпадковыя людзі”. Стыль, у якім грае гурт , называецца acustic fusion. Фольк, блюз, джаз, эксперыментальная музыка, усходнія матывы - усё гэта стварае насычаны каларыт, адлюстроўвае арыгінальнасць мыслення музыкантаў.

Уладзімір Дрындрожык выйшаў на сцэну, трымаючы ў руках … тэчку з песнямі. “Відаць, вялізны рэпертуар”, - падумалася ў тую ж хвіліну. “Там, где растворяются облака”, “Чёрный свет” , “Мое задание”, “Сто из ста” і іншыя песні былі прадстаўлены гасцям. Неадназначная метафарызацыя спрыяла бурнай фантазіі. Дайшло нават да таго, што мой сусед выпадкова пракаментаваў радок адной з песен “Шёпота Серебра” таксама неадназначным выказваннем: “Канцэптуальныя разважанні пра ўнутранае лібіда”. Што яго падштурхнула да такой фармуліроўкі сваёй думкі - мо, віктарыны на тэму радзынак, а можа, дасведчанасць у паняцці “фрэйдызм”, хто ведае.

Флейта, сапілка, джамбэй, гітара і вядома ж моцны мужчынскі і жаночы вакал.. стварылі алюзію шэпту серабра. Дарэчы, пра такое арыгінальнае словазлучэнне музыкі напісалі на сваёй старонцы vkontakte.ru , што “шэпт - гэта тагасветны голас, які можна пачуць у поўнай цішы, а срэбра - гэта метал Луны, метал містычны і метал-лекі, бо мае магчымасць загойваць раны”. Мажліва, згодна са светаўспыманнем гурта, у людзей на іх імпрэзах узнікае адчуванне палёту (як прыклад, радок “Пока скафандр на мне не застегнули, последнее, что слышал я: лети , сынок”), драйву, пазітыву ў працы і бясконцай радасці на адпачынку. Музыка часткова ўводзіць у транс. А пэўнымі момантамі нагадвае выкананне ў жанры qawwali (каваліі).

Загуканне вясны пад гукі джамбэя

Музычны “чумацькі шлях” працягнуўся разам з гуртом “Хортица”. Тут таксама выступаў дуэт, хаця на самой справе акрамя двух “баяроў” у гурце прымаюць удзел яшчэ дзве паненкі. Але што зробіш, вясна. Жартую, канешне… “Буду песні пяваць, вясну гукаць, буду Ладу зваць” - і не падманулі. Спявалі. Гукалі. Забаўлялі. Унеслі ў залю сапраўднае веснавое паветра. Адзін з салістаў нават зашчабятаць змог па-птушынаму. Вось дзіва было. Да ўсяго гэтага даўгавалосы Яраміл паспрабаваў данесці слухачам інфармацыю пра славяна-арыйскія веды. Больш распавядаў у форме “жывой” песні. Істотна ўзяць прыметнік у дужкі, бо ён месціць у сябе не толькі відавочны прамы сэнс, але і моцную энергетыку выканаўца. Патрыятычным акордам іх выступу стала песня пра Беларусь, прадстаўляючы якую, адзін з салістаў шчыра з усмешкай на вуснах сказаў: “Написал песню - и появилось ощущение, что хотя бы чуть-чуть долг перед Родиной выполнил”.

“Пазітыўныя палкі дажджу” і памаранчавыя разынкі

Сорак чалавек . Радзынкі. Акустыка. Свята.Гэтымі чатырма словамі намалявалася карціна таго незвычайнага вечара.Вечара, калі пытанні тэматычнай віктарыны спрыялі жартаўлівым адказам кшталту “Неферцёця”, натхнялі людзей на думкі, што “радзынкі (па сонніку Фрэйда - заўв.аўт.) сняцца да акустычнага канцэрту”, а не да правільнага адказу - да любоўных пахаджэнняў. Цікава, што гэты вельмі даўні (каля 24 тыс год д.н.э) салодкі прадукт вельмі карысны цяжарным дзяўчатам.

Атмасфернасць - вось галоўная рыса канцэрту. Атмасфернасць ва ўсім - у музыцы, у настроі аўдыторыі, у каляровых паўзах, якія апантана запаўняў харошым жангляжам хлопчык з апельсінамі - Яўген Пяткевіч, бо “апельсіны - гэта вельмі вялікія памаранчавыя разынкі”.

“Музыкі гралі новыя тэмы і не вельмі вядомыя творы”, - заўважыў саліст гурту “Шёпот Серебра” Уладзімір Дрындрожык : “Пад канец музычнай імпрэзы адбыўся джэм з удзелам выканаўцаў і гледачоў, што ўсе гэтыя тры гадзіны былі з намі. Людзям раздалі шумелкі, званочкі, бубны. У кагосьці была мара пабіць у барабан - і мы яе выканалі”.

Кацярына ЛАБЕЦКАЯ,

cпецыяльна для studfarmat.org
 

studfarmat.org, Кацярына Лабецкая, Рамар Яраш, "Хортица", "Шёпот Серебра", "Добрыя мыслі", Юля Ліцвінава

Previous post Next post
Up