(no subject)

Mar 02, 2014 01:30

Як бачу, шматлікія аналітыкі зараз папрыціхлі. Я не пра інтэрнетбалаболаў, а пра тых, якія гэтым зарабляюць грошы. Безумоўна, я і сам не буду грашыць безнадзейным сёння, на мой погляд, палітычным прагнозам. Выкажу толькі некалькі сваіх разрозных назіранняў.

1. Пры той вялізнай колькасці "прадказальнікаў", якая сёння існуе, верагоднасць выпадковага слушнага прагнозу даволі вялікая. Але гэта не аналітыка, а латэрэя. Хто возьмецца аргументавана зпрагназаваць сітуацыю на Ўкраіне праз два тыдні?

2. Украінскія падзеі, як мне здаецца, яшчэ мала заўважна, але незваротна мяняюць ментальнасць жыхароў нашага рэгіёну. Мы усе, і тут у Беларусі, і ў Расіі і, зразумела, на Украіне пастаўлены перад фактам: у нашых гарадах могуць адбывацца ўзброеныя канфлікты, нашы дзяржавы могуць ваяваць між собку і захопліваць суседскія тэрыторыі. Іншымі словамі, зараз ніхто ўжо не будзе успрымаць гэты рэгіён, як стабільны. Магчымая вайна стала ўжо магчымай у нашым светаўспрыманні. Любы сцэнар далейшага развіцця падзей не будзе ўспрымацца, як немагчымы.

3. Я ў шоку ад рускіх. Ніколі ня меў асаблівых сімпатыяў, але. Ня бачу надалей магчымасць звальваць усю віну за антыўкраінскую гістэрыю, адно толькі на афіцыйную прапаганду. За рэдкімі галасамі (літаральна як у 1968 годзе) само грамадства ашалела і страціла розум. А шкада. Дарэчы, белы рух у Грамадзянскую вайну прайграў не ў апошнюю чаргу таму, што ягоныя лідары не маглі пазбавіцца шавіністычна-імперскіх амбіцый. І настроілі супраць сябе фінаў, палякаў, латышоў ды іншых.

4. Зараз ужо падзеі на майдане ў Кіеве маюць адносна невялікае значэнне. Мяркую, што выбухнуў вельмі глыбокі канфлікт. Канфлікт прынцыповы, цывілізацыйны.

5. Я ня ведаю, што зможа супрацьставіць Украіна расійскім войскам. У мяне складваецца ўражанне, што сілавыя структуры гэтай краіны малаэфектыўныя. І справа ня толькі ў тым, што іх зганьбілі майданаўцы (дарэмна вельмі). Мяркую, што праблема ў неправедзенай сваечасова люстрацыі. Я разумею, наколькі гэта супярэчлівая ідэя. Але за дваццаць гадоў можна было ўжо падрыхтаваць новых прафесіяналаў. Мяркую, што ў выпадку ўсходняй агрэсіі нашыя "сілавікі" таксама былі б бездапаможныя.

6. Лічу, што тыя з лідэраў, якія свае знешнепалітычныя прагнозы базуюць на міжнародным праве і дамовах - гэта поўныя ідыёты. Здаецца яшчэ ні разу не было, каб такія міждзяржаўныя пагадненні выконывалісь у канфліктных сітуацыях. Перакананы, што зараз захад будзе яшчэ меньш турбавацца пра эфектыўную дапамогу Украіне, чым Польшчы ў 1939. Кінулі Малдову, кінулі Грузію, і Украіну таксама.
Выснова, якую я раблю, ня новая. Нам няма іншага паратунку, як шукаць падтрымкі ў саміх сябе. Называйце будучае аб'яднанне як заўгодна: хоць новай Рэч'ю Паспалітаў, хоць Балта-Чарнаморскай садружнасцю. Але ніякія нашыя эгацэнтрычныя планы ня маюць шансаў на ажыццяўленне, без такого аб'яднання. Ні Расія не стане лепшай, ні захад меньш цынічным.
Пачынаць можна і трэба з фармавання агульнай інфармацыйнай прасторы. Пакуль што і мы, і ўкраінцы з'яўляемся філіяламі расійскай, а значыць мы раз'яднаныя і залежныя.
Previous post Next post
Up