На мінулым тыдні на працы сказалі, што еду ў Курск. На працягу гадзін чатырох шукала ў нэце і па даведках, як жа туды, за 700 км, дабрацца. Аказалася, толькі з перасадкай, 14 гадзін туды, 17 - назад. За дарогу я больш за ўсё і хвалявалася, бо ў незнаёмым Арле трэба было за 55 хвілін купіць зваротны квіток і пераехаць з аўта на чыгуначны вакзал. Дарога, напэўна, аказалася адным з самых лёгкіх успамінаў - усюды спакойна даехала, хоць бачыла і чула не пра адну аварыю.
У Курску мяне сустрэлі, на машыне адвезлі ў гасцініцу і давялі да нумара. Там мяне ўжо чакала прадстаўніца Магілёва. Яна была крыху (у параўнанні з пазнейшым станам, бо калі ад’язджала, ледзь не спазнілася на цягнік) у шоку. Як аказалася, у нумары няма прыбіральні і душа - яны па розных канцах калідора. З тымі ўмовамі гасцініцы “Цэнтральная” абласнога горада Курска ў Гомельскай вобласці падобныя - толькі ў Петрыкаве, праўда, у Курску больш абадраныя шпалеры, аднак ёсць гарачая вада і ў нумары цёпла, і за тое дзякуй. І кармілі добра ў рэстаране пры гасцініцы. Можа, таму што разам з больш патрэбнымі гасцямі - літоўцам і галандцамі.
Канферэнцыя, якую назвалі гучна - Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па захаванні і развіцці традыцыйнай культуры “Истоки”, пачалася ў літаратурным музеі. Атрымаўшы праграму, з вялікім разачараваннем заўважыла, што на даклады адводзілася большая частка часу - два велізарныя пленарныя і толькі дзве секцыі на другі дзень, практычная частка - два невялічкія канцэрты, па гадзіне на дзень, наведванне музея ручнікоў і выставачнай залы промыслаў і рамёстваў. Даклады, як аказалася, быў рэгламент 10 хвілін, а не толькі аб’ём да 5 старонак, - узроўня абласной вучобы кадраў культработнікаў самадзейнасці, музей ручнікоў - вельмі скромненькі, з тэарэтычнай інфармацыяй з Беларусі.
Самае вялікае добрае ўражанне - ад галандцаў. Жанчына з Расіі стварыла ў Галандыі фонд па захаванні і прапагандзе рускай традыцыйнай культуры замежнікам, дзе ў яе займаецца каля 150 чалавек. Яны кожны год падпісваюць кантракт на навучанне, дзе абавязваюцца аплочваць навучанне, наведваць заняткі, займацца самастойна па 6 гадзін на тыдзень, ездзіць мінімум раз на год у Расію. Рускую мову яны не ведаюць, толькі змест выконваемых песень, затое спяваюць выдатна. Акрамя таго яны вывучаюць галандскі фальклор і касцюм, што і прадэманстравалі на выступе.
На другі дзень павезлі ў тэхнікум мастацтваў у Суджу - раённы цэнтр. Там я атрымала сапраўдны культурны шок. Актавая зала, дзе яны прадстаўляюць усім гасцям вобласці сваю творчасць, выглядае, як у самым разваленым клубе самай аддаленай беларускай вёскі - аблезлыя паўразваленыя крэслы, голая сцэна. Хаця працуюць і навучаюцца там цікавыя таленавітыя людзі. Вельмі спадабаўся мужчынскі ансамбль казацкай песні (у Курскай вобласці, аказваецца, ёсць свае казакі), якому на канцэрце далі выканаць толькі дзве песні, а нейкія і-народныя дзеці выступалі з паўгадзіны.
Працяг шокавай праграмы быў у сталоўцы. Толькі цяпер шок быў у літоўца - упершыню з армейскіх часоў ён карыстаўся алюмініевымі прыборамі. Калі сказаў сталоўскім, што гэта вельмі небяспечна для здароўя, тыя ніяк не адрэагавалі.
Вечарам - развітальная вячэра, на якую трэба было прыходзіць са сваімі напоямі, так што вялікі дзякуй украінкам.
Шкада, што так і не ўбачыла горад, як нічога не ведала, так і зараз - экскурсія не была запланавана, вольны час - толькі пасля 9-10 вечара. Хто мяне блізка ведае, мабыць і не ўзгадае, ці бачылі мяне злой. Там я разазлілася. Позна ўвечары аказалася, што аб тым, як дабрацца да вакзала, каб уехаць, трэба думаць самім. Дзякуй іншым удзельнікам-гасцям, якія памянялі мне грошы на таксі.
Маці дома запытала, ці было што карыснае. Доўга думаўшы, так - цяпер ведаю, як не трэба рабіць мерапрыемствы. Яшчэ, спадзяюся, калі-небудзь спатрэбяцца знаёмствы.
Відэа галандцаў і казакоў:
https://www.youtube.com/playlist?list=PL3z7IO7L_8w5pvb7YnoxULO8DNnW7tRuD&feature=addtoФота: vk.com/albums61037548?z=photo61037548_291805284%2Fphotos61037548
http://www.gi-kursk.ru/number/3320/art/001762/http://www.gi-kursk.ru/number/3320/art/001761/