* * *

Nov 21, 2009 18:26

Лістапад распачынаецца стрыптызам -
Падрыхтуйце вашы хрусткія банкноты.
І - да ног - усе жаданьні і капрызы
Ад празрыстасьці да прагі адзіноты.

Што з таго, што распачаўся пазаўчора?
Лістапад мінае светла ды імкліва…
Так нязвыкла бачыць голым гэты горад,
Так няёмка за ягоную цнатлівасьць.

Ён самотны, ён знясілены і сонны.
Кожны дзень нанова ў ім праторваць сьцежкі,
Над самотаю раскрыльваць парасоны
Падбіраючы кляновыя усьмешкі,

І ў калекцыю яго нервовых зрываў -
Дзесьці там, дзе завяршаюцца сюжэты -
Да сьцяны прышпільваць тэкстаў негатывы.
І аголенай выходзіць у сусьветы,

Бо ня мае сэнсу дзесьці перахоўваць
Тое ўсё, што не змяшчаецца ў кішэнях -
Лістапад. Туман і сонца. Дождж і холад.
І квіток у пазаўчорашняе сненьне:

Голы горад захінаецца ад ветру.
Заўтра сьнежань. На гадзінніку дванаццаць.
Першы прынцып існаваньня ўсіх сусьветаў -
Каб хацелася з табою прачынацца

восень, верш

Previous post Next post
Up