* * *

Nov 02, 2009 21:17

А гэты горад выплюне мяне -
Каштан бліскучы - з шалупіньня словаў.
Цяпер і тут - пачаць усё нанова,
Пакуль яшчэ ня выпаў першы сьнег.

І з цэлым сьветам перайсьці на “вы”,
І дакранацца. І ўсьміхацца шчыра.
Але браты мае ляцяць у вырай -
Я ім пляту кашулі з крапівы,

І мала мне кастрычніцкіх начэй.
Я дзён кавалкі адрываю ўпотай.
А ты ператвараеш у пяшчоту
Усё што закранеш. І так лягчэй.

А гэты горад - я ў ім не жыву,
Ён без цябе неўтаймавальна горкі.
З братовых крылаў стомленыя пёркі
Кладуцца на зялёную траву,

На дрэвы, на ваду, на цішыню…
А потым восень стрэлкі асьцярожна
Перавядзе - падоўжыць ноч. Ёй - можна.
І за гадзіну я цябе прысьню.

І гэты горад стане залатым,
Злавіўшыся на восеньскія чары.
Цяпер і тут - любіць, сьмяяцца, марыць
І з цэлым сьветам перайсьці на “ты”

восень, верш

Previous post Next post
Up