Я МОГ БЫ СТАЦЬ НАЧАЛЬНІКАМ

Feb 22, 2014 20:00

Продолжаю выкладывать рассказы из недавно изданной книги моего деда.
Этот, на мой взгляд, очень четко рисует окружающую нас действительность. Комментарии приветствуются, если есть желающие приобрести экземпляр книги - обращайтесь.
Приятного чтения.

Калі я вучыўся ў медыцынскім вучылішчы на зубнога ўрача, самым галоўным прадметам лічылася «Гісторыя КПСС».
  Яе выкладчыца Аляксандра Мацвееўна Ледзянёва, жонка тадышняга інструктара гаркама, а пасля развалу КПСС і КПБ, першага сакратара партыі камуністаў Беларусі ў Полацку, казала так:
  - Вы можаце быць дрэннымі ўрачамі, але абавязаны быць добрымі праваднікамі ідэй партыі.
  Мы павінны былі ведаць назубок даты ўсіх з’ездаў і пленумаў партыі, дзе яны праходзілі, якія задачы ставілі, іх праграмы, усе лічбы, якія дакляравалі дагнаць і перагнаць Амерыку па харчаванні і іншых паказчыках на душу насельніцтва, ну і як там усе жывуць у голадзе і холадзе апрача, вядома, невялічкай кучкі багацеяў.
  Праўда, выкладчыкі іншых прадметаў, скажам, хірургіі, тэрапіі таксама лічылі іх не менш важнымі, чым гісторыя КПСС. У душы мы з імі былі цалкам салідарныя, добра ўсведамляючы, што з гісторыяй могуць здарацца розныя гісторыі, што цалкам пацвердзіў апошні час, а прафесія медыка - вечная.
  На жаль, па тым часе Аляксандра Мацвееўна мела вельмі вялікую рацыю. Не паспеў я прыехаць па накіраванні ў сельскую бальніцу, як тут мяне ўжо чакала і новая грамадская работа - сакратара камсамольскай арганізацыі даволі вялікага калгаса. Да мяне сакратаром была настаўніца, але яна паступіла ў аспірантуру і сядзела ўжо, як кажуць, на чамаданах. Фактычна не толькі гаспадарчымі справамі, але і ўсімі палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі ў калгасе кіраваў яго старшыня - былы партызан, верны ленінец і сталінец. I калі я заікнуўся адмовіцца ад ганаровага абавязку, ён зверам накінуўся на мяне.
  - Ага, я ведаю вас, пшэкаў, вы ўсе ў медыцыну лезеце, каб пры любой уладзе жыць. Не выйдзе! Нам патрэбны верныя памочнікі партыі, а не якія там зубадзёры. Мы можам і з працы выгнаць, і дыплом адабраць!
  Чамусьці ўсіх, хто быў родам з былой Заходняй Беларусі, старшыня называў «пшэкамі». Толькі з-за гэтага ў іх кагорту трапіў і я, спрадвечны беларус і нават праваслаўны.
  Што старшыня можа любога выгнаць з працы, нават і адабраць дыплом - пераконваць мяне не было патрэбы. Ужо пры мне па волі старшыні была звольнена сярэдніх гадоў настаўніца пачатковых класаў толькі за тое, што яе паважаная карова сарвалася з ланцуга і ўбілася ў калгасную пожню. I яшчэ тая настаўніца, як высветлілася, трымала не адно, як належала ў праддзвер’і камунізму, а два парасяці, што лічылася па тым часе не толькі вялікім грэхам, але і злачынствам, падрывала веру ў тое, што нашы калгасы не толькі накормяць усіх нас, але і ўвесь свет. Гэтую веру нават заўзята падтрымаў і славуты наш драматург сваёй камедыяй «Лявоніха на арбіце».
  Ведаючы гісторыю з настаўніцай, я хуценька згадзіўся з ганаровым абавязкам, а ў дадатак, па гарачых слядах, на мяне ўзвалілі і яшчэ адзін грамадскі груз - агітатара.
  3 гэтага часу кожную раніцу, перад дойкай, я павінен быў хадзіць на мясцовую ферму і чытаць газеты даяркам - маладым дзяўчатам, якія закончылі па сем-восем, а то і дзесяць класаў. Чамусьці старшыня лічыў, што чым больш я прачытаю даяркам газет, тым больш дадуць каровы малака. Я некалькі раніц схадзіў на ферму, прачытаў сякія-такія допісы ў газетах, на якія дзяўчаты-даяркі не звярталі ўвагі, а больш цікавіліся мной, маладым хлопцам. Але потым я не захацеў цярпець усю гэтую лухту. Тым больш, што пачыналася ўжо зіма і каровы не толькі не прыбаўлялі, а зусім пераставалі даваць малако, бо кармоў хапала ім толькі на падтрымку жыцця.
  Даведаўся пра маё самавольства старшыня. Тэрмінова сабраў партыйны сход. Хоць я быў камсамольцам, але як сакратар камсамольскай арганізацыі па тадышніх мерках абавязкова падпарадкоўваўся партыйнай арганізацыі. Як толькі ні бэсціў мяне старшыня і ў тон яму радавыя камуністы, як ні хацелі давесці мяне да пакаяння ці хаця б да плачу, я быў нязломны. А калі сказаў, што, каб каровы давалі малако, ім трэба не газеты, а сена, старшыня ад гэтых слоў ледзь не ашалеў, пагражаў выгнаць з працы і адабраць дыплом. Страшыў сяброўствам з самім старшынёй аблвыканкама, аднапартызанінам. Я стаяў на сваім.
  Сход прыняў пастанову, у якой мне даваўся месячны тэрмін выправіцца. Але гэта мяне яшчэ больш абурала. Я не толькі не хадзіў на ферму, але і на вечарынкі. Пачаў да мяне прыязджаць нават першы сакратар райкама камсамола, пераконваў падпарадкавацца, відаць, «сігнал» паступіў і да яго. Але я стаяў на сваім.
  Перад наступным партыйным сходам, дзе павінен быў вырашацца мой лёс, прыйшоў да мяне сакратар партыйнай арганізацыі Вікенцій Люцыянавіч Грыбок. Ціхі, разумны, цярплівы. Яго роля ў партарганізацыі зводзілася да таго, каб адкрыць і закрыць сход, прачытаць даклад перад нейкім рэвалюцыйным святам. Прыйшоў і кажа:
  - Іван Канстанцінавіч, чаго вы лезеце на ражон. Ну, паабяцайце, што будзеце чытаць газеты даяркам, што каровы дадуць больш малака. За абяцанне яшчэ ніхто нікога не караў. Мяне яшчэ і не так бэсцяць. Але я заўсёды каюся, кажу, вінаваты, паабяцаю выправіць становішча, хаця сам разумею, што ўсё гэта немагчыма.
  I я яго паслухаў. На сходзе не толькі паабяцаў чытаць газеты, але і павысіць надоі ў два разы. Маё выступленне сустрэлі воплескамі, а сам старшыня нават паціснуў руку. Я яшчэ некалькі разоў схадзіў на ферму, вядома, ніякіх газет не чытаў, хаця для адводу вачэй браў іх з сабой, стараўся быць у той час, калі наведваўся старшыня. А ён бываў там кожны дзень раніцай і вечарам. Я браў кіпу газет, маладая дзяўчына-бібліятэкарка дазваляла мне вымаць іх нават з падшыўкі, часам і мінулагодняй.
  Апошні раз, ведаючы дакладна, у які час будзе старшыня, я ўзяў, можа, сотню газет, раней за яго прыйшоў на ферму. Прыйшлі раней і дзяўчаты.
  - Во, Сямён Мікалаевіч, колькі газет прачытаў. Малайчыны і дзяўчаты, за гадзіну раней на працу прыйшлі.
  - Ну, і ты маладзец! А як надоі?
  - Мала, - кажа самая маладая, Алена.
  - Трэба добра выдойваць, - ушчувае старшыня.
  - Доім. Апошнія кроплі ўжо з крывёю выціскаем, - прыходзіць на дапамогу сяброўцы Тэрэза. - Ім бы саломы ці сена прыбавіць.
  - Будзе. Усё будзе, - абяцае старшыня. Хаця даяркі добра ведаюць, што гэта толькі абяцанкі-цацанкі.
  - Сямён Мікалаевіч, - кажу я. - А можна, я прачытаю дзяўчатам «Маральны кодэкс будаўніка камунізму» і даклад Мікіты Сяргеевіча на дваццаць другім з’ездзе?
  - О, вядома, вядома, - зірнуўшы на карову, якая ад недакорму вісела на вяроўках, паляпаў мяне па плячы старшыня. - Малайчына. З такімі арламі мы горы перавернем.
Старшыня пайшоў, так, пэўна, і не заўважыўшы, з якім балючым крыкам у вачах глядзела на ўсіх нас падвешаная на вяроўках карова.
У той час меўся быць абмен камсамольскіх білетаў. Стаяла задача: не дапусціць «адсеву» камсамольцаў. А мне гэта вельмі пагражала.
  У Заходняй Беларусі радавыя людзі не вельмі імкнуліся стаць камсамольцамі ці камуністамі. Хіба толькі тады, калі ім абяцалі лёгкую працу, як казалі, «з пяром». А, вядома, усіх «пяром» забяспечыць не маглі, словам, падманвалі, дык камсамольцы-калгаснікі, асабліва камсамолкі, выйшаўшы замуж, гадавалі дзяцей і не толькі не хадзілі на сходы, але і не плацілі ўзносаў. А калгас, на тэрыторыі якога знаходзілася бальніца, быў вялікі, апраўдваючы сваё імя «Гігант», і моладзі было вельмі шмат, бо пашпартоў тады яшчэ не выдавалі і моладзь вымушана была заставацца ў калгасе. I мне даводзілася са свайго мізэрнага заробку зубнога ўрача (пяцьдзесят пяць рублёў) плаціць пяць рублёў, а то і больш, за камсамольцаў, якіх я і ў вочы не бачыў.
  Абмен прайшоў больш-менш удала. Хаця мне давялося плаціць яшчэ і за новыя білеты, часам і распісвацца, гэта значыць падрабляць подпісы прымусоўцаў-камсамольцаў.
  Гэтая аперацыя прыбавіла мне яшчэ больш аўтарытэту і ў вачах раённага камсамольскага начальства.
  Неўзабаве адбылася раённая камсамольская канферэнцыя. Вядома, як сакратар камсамольскай арганізацыі дэлегатам быў і я.
Ужо ў той час моладзь праўдамі і няпраўдамі пачала ўцякаць з калгасаў. Памятаючы пра параду сакратара партарганізацыі: як найбольш абяцаць, я вырашыў выступіць на канферэнцыі, і мне далі слова.
  Я пачаў несці ўсялякую лухту, пра якую зараз і не ўспомню. Памятаю, што галоўнай маёй прапановай па затрыманні моладзі ў калгасе было будаўніцтва вялікіх клубаў. Я паабяцаў, што камсамольцы калгаса «Гігант» пабудуюць лепшы ў свеце клуб і што кожны камсамолец і камсамолка выгадуюць па тысячы трусоў і гэтым самым праз некалькі месяцаў пераплюнуць Амерыку па малаку і мясу. I што возера Белае ператворым у сапраўднае мора.
  Я так разагнаўся ў сваіх наўмысных абяцанках толькі таму, што кожная з іх падтрымлівалася дружнымі і бурнымі апладысментамі. I заахвочаны гэтым, я паабяцаў, што ўсе калгаснікі-камсамольцы адбяруць у бацькоў кароў, як і ў «Лявонісе на арбіце», будуць жыць толькі грамадскім статкам. А мне ўсё пляскалі і пляскалі, нават тады, калі я сказаў, што трэба забараніць усе песні, апрача «Інтэрнацыянала». I калі, вычарпаўшы ўсю бязглуздую фантазію і абяцанкі, я хацеў пайсці на сваё месца ў зале, як тут жа мяне затрымалі і... пасадзілі на аднекуль прынесенае крэсла ў прэзідыум.
  Я прыйшоў у сябе і вельмі напалохаўся, што адсюль, з прэзідыума, мне ўжо ніколі не ўцячы, псіхушка забяспечана. Але, калі пачуў сваё прозвішча ў якасці члена райкама камсамола, нават здранцвеў. Толькі калі пачалі віншаваць мяне з гэтай нагоды знаёмыя і незнаёмыя камсамольцы, я паспакайнеў.
  Праз некалькі дзён у мой зубны «кабінет» - куточак у пярэдняй дома вывезенага і, казалі, расстралянага ксяндза, уварваўся малады хлопец, назваўшыся шафёрам райкама партыі, і запатрабаваў ехаць з ім. Я толькі зрабіў анэстэзію хвораму і меўся вырваць зуб, але пасля гэтага патрабавання ў мяне задрыжэлі рукі. Мой пацыент быў стары чалавек і яго амфадантозны зуб трымаўся «на чэсным слове», таму я змог хутка выканаць свой прафесійны абавязак.
  Едучы ў машыне, я папытаў у шафёра, каму і навошта я патрэбен. Той адказаў, што гэта райкамаўская машына, а каму і навошта я патрэбен, даведаюся там, на месцы. «Усё, - падумаў я, - вязуць ці ў вар’яцкі дом ці ў турму за тое маё здзеклівае выступленне на канферэнцыі». I нават хацеў выскачыць на хаду з машыны. Але цюкнула ў галаву: каб везлі ў вар’яцкі дом ці ў турму, то не паслалі б аднаго шафёра і райкамаўскую машыну.
  I праўда, ужо на ганку райкама камсамола сустрэў мяне яго першы сакратар, сустрэў ветліва і ледзь не пад ручку павёў у свой кабінет. I адразу проста з моста: вас рэкамендуюць быць другім сакратаром райкама камсамола.
  Я ледзь не абамлеў. I ледзь не шэптам запытаў:
  - Хто?
  - Абкам камсамола і райкам партыі.
  - За што?
  Я хацеў сказаць за якія грахі, але сакратар райкама апярэдзіў:
  - А за добрае ваша выступленне на камсамольскай канферэнцыі. Яно спадабалася прадстаўніку абкама камсамола і прадстаўніку райкама партыі.
  - А вам? - пытаю я.
  - Мне... Мне, шчыра кажучы, - не. Але вы трапілі ў наменклатуру.
  Я не ведаў і не разумеў слова «наменклатура».
  - А што гэта такое?
  Сакратар райкама стрымана растлумачыў:
  - Вы трапілі ў спіс на вакансіі кіруючых кадраў. Хоць і вельмі цьмяна, але я як быццам нешта зразумеў і сказаў:
  - А адмовіцца можна?
  - Не, ваша біяграфія чыстая. Бацька загінуў за савецкую ўладу пад Кёнігсбергам, маці сумленна працуе ў калгасе. Вы камсамолец. Партыйная арганізацыя калгаса дала вам станоўчую характарыстыку.
  - Ну, а калі, скажам, я ажанюся і жонка не захоча гэтай маёй пасады?
  - Жаданне жонкі пад увагу не бярэцца. Вы чыталі «Паднятую цаліну», пра дваццаціпяцітысячнікаў?
  - Чытаў.
  - Ну, вось і разумейце.
  - А тое, што ў мяне нага кульгавая - не прычына? - запытаў я.
  - Дадуць кватэру ў горадзе, на месцы, ды і машына ў нас ёсць.
  Бачу, непераліўкі атрымліваюцца.
  - Я ж куру, - кажу.
  - Гэта не лічыцца заганай.
  - I чарку бяру.
  - Ну, калі будзеце браць на працы - выганім.
  - Дык навошта браць на працу, каб потым выганяць?
  - Гэта ўжо не ад мяне залежыць, - сказаў сакратар. - Вы самі гэтага захацелі. Навошта было абяцаць усялякія залатыя горы.
  - Якая ў мяне ёсць прычына адмовіцца? - пытаюся я.
  - Ніякай, - адказаў сакратар.
Я доўга і ў роспачы думаў. Буду няшчырым, калі скажу, што не хацеў я нейкай хоць малюсенькай улады, кватэры ў райцэнтры, ды і часам персанальнай машыны. Але палохала мяне адно, што буду пісаць пратаколы сходаў усіх пярвічных камсамольскіх арганізацый раёна, плаціць узносы за вялікую частку камсамольцаў. Не ведаў я тады, што чым большы начальнік, тым менш у яго адказнасці. Галоўнае, - трэба абяцаць.

Рассказы

Previous post Next post
Up