Mar 26, 2011 22:12
Я прачытала "Хронікі Нарніі", калі мне было 19 год. Яшчэ тады я вырашыла, што мне проста пашчасьціла не знайсьці гэтыя кнігі ў дзяцінстве. Ведаеце, я проста згубіла б розум, малюючы сабе ў галаве той сьвет, які не існуе, сьвет, у мільёны тысяч разоў прыгажэйшы за наш.
І цяпер мне 21... Я не звар'яцела, канешне, бо я занадта сталая ўжо, каб апынуцца ў Нарніі :) Але за ўсё сваё жыцьцё маё самаадчуваньне ў гэтым сьвеце прынцыпова так і не зьмянілася. І як я ні спрабую, не магу знайсьці ў пазле сусьвету месца для сваёй часьцінкі. Ёсьць два выйсьці: шукаць далей, мажліва гадамі, ці мяняць сваю асобу, зрабіць яе кангруэнтнай той пазіцыі, якую я займаю. І супакоіцца. І памерці, бо мая існасьць будзе ўжо не мая.
Таму і ёсць у душы такое пякучае жаданьне апынуцца там, дзе зло - гэта зло, а дабро - гэта дабро. Дзе бог - гэта Аслан, які заўсёды прыходзіць, калі ты ў адчаі, з якім можна параіцца, усё-ўсё распавесьці і быць упэўненай, што ты не адна і табе спачуваюць... У сьвет, дзе можна не прымушаць сябе быць цьвёрдай, не хаваць сваё сэрца, дзе можна проста заставацца сабою.
А пакуль я проста часьцінка сьвету, які не існуе. Я гляджу на ўсё быццам з боку, быццам я проста прывід, які адначасова бачны і нябачны для людзей.
P.S. Не, гэта не дэпрэсія, усё нармалёва :) Я проста паглядзела "The Voyage of the Dawn Trader". Дарэчы, не магу сказаць цяпер, якая экранізацыя мне спадабалася больш: першая ці трэцяя.
што не існуе,
рамантычнае