Асоба ў краязнаўстве

Oct 13, 2017 21:00

«Cловам радаваць і грэць…»
Трэцяга кастрычніка адзначыў свой юбілей краязнаўца Мікалай Шуканаў - журна­ліст, пісьменнік, рэдактар аддзела жлобінскай раённай газеты «Новы дзень».
Нарадзіўся ён у 1962 годзе ў маляўнічым куточку зямлі беларускай - гарадскім пасёлку Лельчыцы.
Лельчыцкі край… І тут прыгадваецца ўрывак з верша «Мае ўсе думы звязаны з табою» Ніны Загорскай:
Люблю цябе такой, якая ёсць,
Зямля мая, зямля бацькоў святая, -
Мая слязінка - са святла наскрозь,
Маё прычасце, мой святлісты лёс…


А ўсё пачыналася з маленства… З цеплынёю і пяшчотай гаворыць Мікалай Васільевіч пра сваіх бацькоў Валянціну Мікалаеўну і Васіля Паўлавіча, якія ні дня не маглі жыць без працы, цанілі ў чалавеку шчырасць, сціпласць, сумленнасць, добразычлівасць і гэтыя якасці выхоўвалі ў дзецях, а таксама - любоў да Радзімы і радзіннага куточка, да роднага слова. Бацька ў час нямецка-фашысцкай акупацыі перажыў «сваю» Хатынь: гарэў у хляве, падпаленым карнікамі, але выжыў. Жыццё бацькоў - найлепшы прыклад для пераймання. А з якім замілаваннем успамінае ён бабулю Агату Лаўрэнцьеўну! Дзіцячыя гады прайшлі побач з ёю, і гэта не магло не адбіцца на фармаванні яго характару, светапогляду. Яна вучыла Мікалая жыць у згодзе з сабою, людзьмі і Богам. З маленства вельмі любіў чытаць, разам з героямі кніг пражываў іх лёсы, радаваўся і сумаваў, здзяйсняў рамантычныя вандроўкі, трапляў у неверагодныя сітуацыі. Любіў слухаць радыё: на роднай мове штодзень гучалі песні, казкі, вершы, апавяданні… Менавіта тады з’явілася ў яго вялікае жаданне стаць філолагам. І гэтай мары суджана было здзейсніцца.


Пасля заканчэння сярэдняй школы і службы ў Савецкай Арміі паступіў у 1983 годзе на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская і руская мова і літаратура». Ужо на 1-м курсе пачаў друкавацца ў газеце «Гомельскі ўніверсітэт» (сваю першую публікацыю назваў «Роздум. Хлеб», у ёй засяродзіў увагу на стаўленні старых людзей да хлеба). Студэнтам браў удзел у семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах, дзе тады знаходзіўся Дом творчасці Саюза пісьменнікаў БССР. У пачатку 1988 года, яшчэ студэнтам, уладкаваўся на працу настаўнікам у Мормальскую СШ Жлобінскага раёна. З 1990 года працуе ў рэдакцыі жлобінскай раённай газеты «Камуніст» (з 1991-га мае назву «Новы дзень»). А ў 2013 годзе быў прыняты ў Саюз журналістаў Беларусі.

Жлобіншчына стала другой радзімай М. Шуканава, і мы з поўным правам лічым яго сваім земляком. Мікалай Васільевіч ведае тут кожны куток, кожную сцежку, многіх людзей, якім прысвяціў ён нямала светлых і цёплых радкоў. Аўтар услаўляе подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, штодзённы, незаўважны на першы погляд подзвіг чалавека працы, распавядае пра святло духоўных каштоўнасцяў, асновай для гэтага сталі матэрыялы па тэме «Жлобіншчына Праваслаўная».
Імя Мікалая Шуканава вядомае далёка за межамі нашага раёна. Сведчаць аб тым яго шматлікія публікацыі ў перыядычных выданнях раённых і абласных, а таксама нацыянальных («Краязнаўчая газета», «Голас Радзімы», «Царкоўнае слова», «Настаўніцкая газета», «Літаратура і мастацтва», «Народная газета») і замежных («Правило Веры», Санкт-Пецярбург; «Тувинская правда», Кызыл; «Журнал Московской Патриархии», Масква; «Полярная звезда», Якуцк). Мікалай Васільевіч - аўтар кнігі «За всё - слава Богу: Записки краеведа» (Мінск, 2016), суаўтар кніг «Памяць. Жлобін. Жлобінскі раён» (Мінск, 2000), «Довск и Старый Кривск: Летопись времени» (Мінск - Рагачоў, 2016).
Праца над словам выяўляе ўменне аўтара шырока выкарыстоўваць досвед таленавітага журналіста і краязнаўцы. Да ўсяго падыходзіць ён з пачуццём вялікай адказнасці, кожны радок старанна адшліфаваны, даведзены да дасканаласці. У любым яго публіцыстычным творы, малым ці вялікім, заўсёды прысутнічае арыгінальная думка. Як тонка адчувае ён слова! Як умела ім карыстаецца!
Клапоцячыся пра лёс роднага слова, Мікалай Васільевіч доўгі час узначальваў раённае Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. А яшчэ ён член Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі і Міжнароднай грамадскай арганізацыі саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.
У 2006 годзе Мікалай Васільевіч удзельнічаў у конкурсе публікацыяў праваслаўнай тэматыкі, які праводзілі Беларуская Праваслаўная Царква і Міністэрства інфармацыі Беларусі, і быў узнагароджаны Граматай Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.


А яшчэ майстар за плённую самаадданую працу неаднаразова ўзнагаро­дж­ваў­ся Ганаровымі граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, памят­ным нагрудным знакам «За дапамогу і падтрымку» Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне», медалём Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы ў гонар святога праведнага Іаанна Кармянскага. І ён - лаўрэат рэгіянальнай краязнаўчай прэміі імя рагачоўскіх мецэнатаў мяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў Ёлшыных.

М. Шуканаў шчодра аддае сябе любімай працы, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Ён справядліва лічыць, што не любіць справу, якой займаешся, проста немагчыма. Лёсам наканавана Мікалаю Васільевічу быць узорам, прыкладам для маладых журналістаў. Па сваім жыццёвым шляху, застаючыся маладым душой, ідзе ён годна, паважна, упэўнена, кожнаму чытачу аддаючы цеплыню свайго добрага сэрца, як кажуць, «словам радуе і грэе»… Хочацца пажадаць юбіляру многа шчасця, моцнага здароўя, здзяйснення ўсяго задуманага, вялікага ўраджаю на яго творчай ніве.
Людміла МІНАКОВА, дацэнт кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук
С сайта - http://bfk.by/?p=5709

П.С. От души поздравляю юбиляра! Дальнейших успехов на ниве краеведения!

краеведение

Previous post Next post
Up