Першамай: змаганне заўжды актуальнае

May 01, 2018 06:01

https://pramen.io/wp-content/uploads/2018/05/dims.jpeg
https://pramen.io/ru/2018/05/pershamaj-zmaganne-zauzhdy-aktualnae/

131 год прайшоў з таго дню, як 350 тысяч амерыканскіх працоўных упершыню застрайкавалі, патрабуючы 8-гадзінны працоўны дзень. Далейшыя падзеі сталі гістарычнымі: масавыя арышты анархістаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі страйку, мітынг супраць паліцэйскага гвалту на Хеймаркет-сквер, правакацыя, бойня, арышт 8 анархістаў і пакаранне смерцю чатырох з іх 11 лістапада 1887 года.

Хто з сённяшніх грамадзян Беларусі ведае гэтую гісторыю? Нажаль, для працоўных яна ператварылася хіба ў яшчэ адзін выходны дзень, які можна правесці з сям'ёй, перад тэлевізарам, альбо з бутэлькай алкаголю. А многія ўвогуле лічаць, што барацьба працоўных, страйкі, салідарнасць і патрабаванні лепшых працоўных умоў - з'явы з пазамінулага стагоддзя, а зараз сацыяльная дзяржава, асабіста ў развітых краінах, дае ўсім суцэльны дабрабыт і прававыя механізмы вырашэнне спораў з працадаўцамі.

Многія лічаць, што калі індустрыяльнага пралетарыяту, таго самага "працоўнага за станком" у свеце робіцца ўсе менш, то і пралетарская салідарнасць ужо не актуальная.

Аднак факты кажуць самі за сябе:

10% сусветнага насельніцтва па-ранейшаму жыве меней чым на 1,9$ у дзень.

У свеце 200 міліёнаў дзяцей-працоўных, з якіх 120 працуюць у цяжкіх умовах. [1]

Усяго 8 найбагацейшых чалавек валодаюць такой жа колькасцю грошай колькі 50% насельніцтва зямлі.

Нават у найбагацейшай краіне свету - ЗША, вымалёўваецца смешная сітуацыя. 70% амерыканцаў прылічваюць сябе да сярэдняга класу, тады як з'яўляюцца ім усяго 50%. [2]

Большасць насельніцтва свету па-ранейшаму альбо беспрацоўныя, альбо вымушаныя працаваць на кагосьці, каб зарабіць сабе на жыццё. Пакуль гэтая структурная дыспрапорцыя існуе, заўседы будзе беднасць, эксплуатацыя, падман беднага багатым і гвалт моцнага над слабым. І не мае вялікага значэння што працоўных з гаечнымі ключамі, кувалдамі і лапатамі выціскаюць айцішнікі, афіцыянты, барыста, повары, касіры, прадаўцы, мерчендайзеры і інш. Няроўнасць ад гэтага не толькі не змяншаецца але наадварот, павялічваецца.

Важнасць працоўнай барацьбы і сацыяльных патрабаванняў у Беларусі моцна недаацэнівае і палітычная апазіцыя - амаль пагалоўна правая і настроеная адстойваць ідэалы капіталізму да пераможнага канца. Усе размовы аб рэвалюцыі ў Беларусі спатыкаюцца аб адсутнасць трывалай звычкі барацьбы на працоўным месцы - дзе, дарэчы. чалавек праводзіць траціну свайго жыцця. Аднак калі мы возьмем нават апошнюю рэвалюцыю: украінскі Майдан 2014-га, то пабачым, што працоўныя канфлікты і, увогуле, удзел арганізаванага пралетарыяту, адыгралі ў ім калі не рашучую, то вельмі істотную ролю. У 2013-м годзе, што папярэднічаў Майдану, ва Украіне адбылося 249 пратэстаў з удзелам больш чым 1000 чалавек. 43% ад усіх пратэстаў склалі выступы сацыяльна-эканамічнага кшталту [3], у тым жа годзе адбылося 40 страйкаў. Падчас самога Еўрамайдану страйкі былі абвешчаныя ў Цярнопалі і Львове - была нават спроба абвясціць агульнанацыянальны страйк. Тысячы працоўных прыехалі жыць у намётавы лагер на майдане Незалежнасці, забыўшы пра свае працоўныя месцы, кар'еру і звальненне. Лёс краіны і ўласных дзяцей турбаваў іх нашмат больш.

Аналагічную карціну даюць і "дармаедскія" пратэсты 2017 года. Пераважная большасць іх удзельнікаў: нават не беспрацоўныя, а працоўныя, якіх турбавала перспектыва стаць "дармаедамі". Разумеючы гэта, улада і кінула такія немаверныя прапагандысцкія і сілавыя рэсурсы на іх падаўленне.

Зрэшты, праца ў гэтым напрамку ідзе ўвесь час: прэсінг працоўных актывістаў, недазваленне палітычнай агітацыі сярод працоўных, вярбоўка шпігуноў у працоўных калектывах, звальненне забастоўшчыкаў, забарона прафсаюзаў - усё гэта выразна кажа аб тым, чаго ўлада, нягледзячы на шматтысячную армію АМАПаўцаў, баіцца найбольш. Прымушаць жа ўладу баяцца - гэта наш, анархістаў, непасрэдны доўг. То давайце - хай не адразу, з часам - даб'емся таго, каб Першае мая стала не проста сімвалічнай датай для вузкага кола актывістаў і выходным днём для працоўных, а сапраўдным святам непакорнасці пралетараў. А панятак Класавай Вайны хай хутчэй перасяляецца з шэўронаў, цішотак і jpg-файлаў у штодзённую рэчаіснасць беларускага соцыўму.

ДВ для pramen.io

[1] http://www.theworldcounts.com/stories/Child-Labor-Facts-and-Statistics

[2] https://www.cnbc.com/2017/06/30/70-percent-of-americans-consider-themselves-middle-class-but-only-50-percent-are.html

[3] http://texty.org.ua/pg/news/textynewseditor/read/53309/Navit_popry_Majdan__najbilshe_ukrajinci_protestujut

первомай, аналитика, история

Previous post Next post
Up