У сярэдзіне васьмідзесятых слава Розы Куляшовай была ўсесаюзнай і
супернічала са славаю Джуны й сьнежнага чалавека. Шаноўная Роза
пальцамі (і больш інтымнымі часткамі цела) чытала лісты, запячатаныя
ў сьветланепранікальныя капэрты, рукамі адхілялі лазерны промень, на
адлегласьці абпальвала скептыкаў, лекавала ўсе хваробы, а ў выпадку
патрэбы --- насылала трасцу.
Аднойчы ля ўваходу ў Галоўны корпус нехта павесіў два нумары газэты
"Камсамольская правда". У адным з нумароў апісваліся цуды, якія
творыць Куляшова, у іншым --- іхняе выкрыцьці. Прачытаўшы абодва
нумары, я запэўніўся ў асветчаным атэізме і болей не зьвяртаў на іх
увагі. Дзён праз 10, праходзячы ў біблятэку, я пабачыў N. --- аднаго
з найвыдатнейшых тэарэтыкаў Фізтэха, чалавека беззаганнай рэпутацыі,
вострага аналітычнага розуму й велізарнай жыцьцёвай мудрасьці.
Чалавек гэты блізарука схіліўся да артыкула з апісаньнем подзьвігаў
Розы й уважліва яго вывучаў.
Я мінуў, здаў кнігі, пабалакаў з кімсьці й зноў апынуўся ля ўваходу.
N. стаяў у той сама ж паставе і гэтаксама ўважліва чытаў. Я не
стрываў. "Памілуйце! Што вы знайшлі ў гэтай дрэні?" --- непачціва
спытаў я. N. з годнасьцю павярнуўся.
"А Вы, Міша, тут нічога цікавага не знайшлі? Па-мойму, тут мноства
найцікавейшых рэчаў." --- Я схаладнеў...
Вядома, распаўсюджанае меркаваньне, што прафесійнае займаньне
навукай служыць прышчэпкаю ад забабонаў і веры ў цуды --- не болей,
чым памылка. Ніколі ніякі сэмінар не зьбіраў столькі люду, каолькі
сабралося ў актавай залі ў той памятны дзень, калі дакладаў чалавек,
які лекаваў усе хваробы ўскладаньнем на хворага сабакі, папярэдне
разрэзанага ў належным месцы. Сярод кандыдатаў і доктараў навук
адсотак людзей, якія вераць у сурокі, біяэнэргентыку, парапсыхалёгію
і перасяленьне душ, відаць, ёсьць гэтаксама вялікім, як і сярод
насельнікаў штабнога бараку ў СевУралЛагу.
Але N? У такое ня можна было паверыць! "Глядзіце, Міхаіл, ---
працягваў між тым N, --- яна верціць магнітную стрэлку, проста
зьдзяйсьняючы вярчальныя рухі над компасам. Трэба запрасіць яе ў
Фізтэх на сэмінар. Я ўпэўнены, што будзе надзвычай цікава і
павучальна на ўсё гэта паглядзець..." "Але, N! --- у роспачы
ўскрыкнуў я, --- у яе ў бюстгальтары напэўна зашыты магніт! І ім яна
стрэлку й верціць!!"
"Так вось гэта ж і цікава", --- парыраваў N., вяртаючы мне веру ў
чалавецтва.
Сэмінар Куляшовай так і не адбыўся... І вельмі шкада, як я цяпер
разумею
"Калі фізыкі яшчэ жартавалі" (пераклад -
praletar)