Плынь

Apr 12, 2011 18:07

Сьмерць з шумам і выбухам прайшлася па цэнтры Менску. Многія адчулі яе простую блізкасьць - хоць імавернасьць загінуць у выніку тэракту ня большая за штодзённую імавернасьць трапіць пад колы аўтамабільнага вар'ята.
На яркім эмацыйным фоне паўстае думка, якая "цеплахалоднага, памяркоўнага" (а ўрэшце - духоўна абыякавага) беларуса можа проста зьвесьці з глузду - гэта думка пра ўласную слабасьць і неабароненасьць. Раптам можа стацца так, што, не чакаючы й не шукаючы ніякіх прыгодаў, апынесься на гэтым экзістэнцыяльным "памежжы", калі нікога не затурбуюць твая моц/посьпехі/праца/памяркоўнасьць/аўтарытэт/... Тут няма тваёй волі - можа стацца, што заўгодна - цябе могуць зьбіць на плошчы, могуць схапіць як "падобнага да злачынцы", а могуць і проста "пусьціць у расход". Дадаюць містычнай невядомасьці й страху абсурдызм задумы тэракту, адсутнасьць бачных прычынаў (зноў пачнуць шукаць "нейкага анархіста/чачэна/пуэртарыканца", хоць мы жа разумеем...). Калі падобныя думкі прыходзяць да чалавека, які ня мае нутранага духоўнага стрыжня, выразных каштоўнасьцяў ды арыентыраў, можа стацца страшэннае - ад безнадзейнасьці й пастаянных страхаў да роспачы й суіцыду. Літаральна ўчора разважаў аб тым, як быццам бы непатрэбныя гуманітарныя й духоўныя веды часта становяцца вырашальнымі ў розных галінах, асабліва гэта адчуваецца ў падобных вострых сітуацыях. Але нас гадуюць у духу "усьмешка дзеля стабільнасьці", "мы заўжды перамаглі ў вялікай айчыннай вайне", "мір дзеля міру", "хто как хаціт, тот так і гаварыт"... - такая пустая ультрапамяркоўнасьць, якая вельмі проста зьнішчае чалавека знутры.
Вядома ж, можна пераключыць сябе на іншыя аспекты - "хто вінаваты, загадкі, інтрыгі, дасьледаваньні...", хтосьці можа нават уключыць тэлевізар і "пераканацца" у тым, што "ўсё пад кантролем, а гэтых уродаў мы ў сарціры замочым", але супраць падсьвядомасьці такі не папрэш. Самім жыцьцём мы вымушаныя рабіць і зьдзясьняць свой духоўны выбар, за тэлевізарамі і інтэрнэтамі не адсядзімся.

плынь, нацыянальныя каштоўнасьці, акупацыя, чалавекі

Previous post Next post
Up