У центрі уваги...

Mar 16, 2015 19:06

... сёння я, Ната kiedy :)
Усім вітанкі з Беларусі! Я вельмі радая, што мне выпала такая магчымасць распавесці пра сябе ў гэтай цудоўнай посткросерскай суполцы. На жаль, украінскай мовай я не валодаю (хоць усё добра разумею і на слых, і чытаючы), таму пішу па-беларуску. Спадзяюся, вам усё будзе зразумела. Калі што, перапытвайце, патлумачу невядомыя словы.
А цяпер непасрэдна пра мяне і посткросінг. Я трындзючая, папярэджваю!

Вышэй я ўжо пісала, што мяне завуць Ната. Поўнае імя, канечне, Наталля, але я гэты варыянт не вельмі люблю. Мне 25 гадоў, я нарадзілася ў Кіеве, але ў пашпарце запісана, што ў Мазыры, бо рэгістравалі тут. Чамусь праігнаравалі даведку з кіеўскага роддома. Ну і нічога, гэта ніяк не замінае мне любіць маю гістарычную Радзіму :)
Я ад нараджэння жыву ў Мазыры, пасля школы вучылася ў мазырскім педуніверы на настаўніка нямецкай і англійскай моў. Пасля вучобы мяне скіравалі на абавязковую двухгадовую адпрацоўку ў адну з мясцовых школ, там пакуль і працую. Вельмі люблю дзетак, а вось пра настаўніцкі заробак лепш прамаўчу... Улетку 2012 г. я выйшла замуж за чалавека, з якім пазнаёмілася ў жж. Мой муж Віталь родам з поўначы Беларусі, ён жыў больш за 500 км ад Мазыра. Але каханне моцная штука :) Мы былі віртуальна і крыху рэальна знаёмыя тры гады, калі распісаліся. І распісаліся мы на нашую 9ю офлайн-сустрэчу. Гэта мы ў ліпені 2014:


Яшчэ пару дзён таму я выглядала прыкладна так:


А гэта маё вясновае абнаўленне. Адна вучаніца, калі  сёння ўбачыла мяне з новай прычоскай, кінулася абдымацца і прашаптала: "Вы такая красивая!" Прыемна ж :)


У нас дома жыве коцік Сырнік, якога мы ўзялі ў ліпені 2012. Ён дапамагае мне адказваць на лісты і падпісваць паштоўкі.


На афіцыйным сайце посткросінга я зарэгістравалася 30.11.2009. На жаль, у мяне там усяго прыкладна па 250 адасланых і атрыманых: то часу не было, то грошай, то маркі сыходзілі на абмены.
Сваю першую паштоўку я атрымала з маёй любімай Нямеччыны:


Рэдкія краіны мне неяк пакуль не выпадалі.
Я люблю паштоўкі з мульцяшкамі, напрыклад, з Мумікамі


З футбалістамі і спартоўцамі (асабліва нямецкімі). У маёй калекцыі ўжо штук 20 з гэтай серыі з Бундэсманшафт.


З любімымі фільмамі






З сабакамі і ваўкамі






З музыкамі і іншымі вядомымі асобамі


З коцікамі (у мяне ўжо вялікі стосік Jetoy)


Вельмі люблю ўкраінскі паштоўкі, асабліва з казакамі і іншымі нацыянальнымі штукамі. Большасць з іх я неяк посціла ў свой жж тут і тут.
Сваю калекцыю я расклала па тэмах у файлікі і захоўваю ў скрыні ад абутку ў шафе. Справа - скрыначкі з лістамі.


А яшчэ я два-тры разы на тыдзень раблю невялічкую экспазіцыю з 5-10 паштовак на халадзільніку ў маіх бацькоў, я да іх амаль штодня заходжу паміж урокамі.

Так выглядае пошта праз дарогу ад майго дома. Мяне там ужо добра вывучылі за паўтара года :)


Гэта мая абаненцкая скрыначка на гэтай пошце.


Акрамя посткросінга я акрыўна займаюся вязаннем-вышываннем, люблю чытаць (гістарычныя раманы, фэнтэзі і іншае) і слухаць аўдыёкнігі па-нямецку і па-англійску, пішу лісты. У мяне ёсць сябры па перапісцы з Нямеччыны, Галандыі, Швейцарыі, Літвы, Украіны, Сінгапура, Аўстрыі і Беларусі. Яшчэ я люблю глядзець футбол (заўзею за FC Bayern і Бундэсцім), тэніс (Віка Азаранка), біятлон (Дар'я Домрачава), снукер (тут некалькі любімчыкаў: Ніл Робертсан, Майкл Уайт, Люка Брэсэль). Калі надвор'е добрае, мы з мужам ходзім гуляць ледзь не на цэлы дзень. А Мазыр стаіць на вялізных узгорках, тут шмат лесвіц, таму за пару гадзін можна добра так "убіць" ногі :))
Ну і крыху пакажу мае рукадзеллі за апошнія некалькі месяцаў:
Карцінкі вісяць дома ў бацькоў.




Навагоднія авечкі ў падарунак.


Шкарпэткі ў падарунак братавай жонцы.


А гэта падарунак бацькам на 30ю гадавіну вяселля.


Падарунак пляменніку.


Вельмі люблю вязаць бактусы.




Уф, накалякала абы-чаго, дзякуй усім, хто дачытаў і даглядзеў!
Ваша Ната kiedy Рудак (Бойка)

У центрі уваги, Білорусія

Previous post Next post
Up