Jun 07, 2014 23:23
Нацыяналізм.
Часта кажуць, што нацыяналізм - гэта такое светаўспрыманне, пры якім людзі падзяляюцца на “сваіх” і “чужых”, прычым “чужыя” - быццам нейкія ніжэйшыя і неразумныя нацыі і народы. Альтэрнатывай такога погляду часта называюць патрыятызм: любоў да сваёй Радзімы з павагай да іншых народаў. Першыя, звычайна, успрымаюць прыналежнасць да нацыі, як да нейкай адметнай гераічнай супольнасці, якая імкнецца да свабоды, а другія акцэнтуюць сваю ўвагу хутчэй на прыналежнасці да дзяржавы і яе дасягненнях. Мне зразумелыя абодва погляды і іх сумяшчэнні, але звычайна па-за ўвагай гэтых разуменняў застаецца тое, што, на маю думку, з’яўляецца тут галоўным: любоў. Любоў да чалавека, да Бога, да ўнутранай свабоды, да тых сцежак, якія дапамагаюць зразумець і ўбачыць жыццё пад новым вуглом гледжання, перапыняючы ўспрыманне хваляванняў, пакутаў, мітуслівасці і несвабоды - спакоем, любоўю, цішынёй і свабодай. Вось гэтыя шляхі, закладзеныя і захаваныя нацыянальнымі традыцыямі, рэлігіяй, літаратурай, культурай увогуле і з’яўляецца тым, што апраўдвае усю гэтую валтузню з нацыянальна-палітычнымі пытаннямі. Нацыя ў гэтым разуменні не проста адметная супольнасць людзей, сабраная ў дзяржаву, але асабісты шлях чалавека да Бога і свабоды, шлях да сябе. З такім разуменнем і адчуваннем жыцця, любоў да кожнай нацыі, кожнага чалавека, уключаецца ў твой унутраны стан, бо ўсе мы ў дарозе да Бога, які запаўняе ўсё навокал і знутры Сабой. І такі нацыяналізм, які раскрывае гэтае разуменне і адчуванне праз нацыянальныя традыцыі, мастацтва і нават палітыку, мне блізкі і зразумелы. Нацыя, якая не проста імкнецца да свабоды, але адчувае і выяўляе яе - жыве. Таму жыве Беларусь, жыве вечны Бог у сэрцы нашага народа, нашай культуры, мовы і кожным сэрцы. Жыве Беларусь!