Рэйманд Карвэр: Яшчэ вось што

May 08, 2007 21:55

Пераклаў першае апавяданьне (пакуль самае кароткае) Рэйманда Карвэра з трох, што ўзяўся зрабіць на замову Паўла Касьцюкевіча. Павал выдаў па-беларуску кнігу Этгара Керэта, а цяпер хоча тое ж зрабіць з Карвэрам. Калі нехта хоча далучыцца да праекту, пішыце найлепей Паўлу на liavonka@yahoo.com



ЯШЧЭ ВОСЬ ШТО

Максін, жонка Л.Д., сказала яму вымятацца ў той вечар, калі вярнулася з працы і пабачыла, што Л.Д. зноўку п’яны і крычыць на Рэй, іх пятнаццацігадовую дачку. Л.Д. і Рэй сядзелі за кухонным сталом і сварыліся. У Максін нават не было часу пакласьці сумачку ці зьняць паліто.

“Мама, скажы яму. Скажы, пра што мы размаўлялі”.

Л.Д пакруціў у руцэ шклянку, але піць зь яе ня стаў. Максін утаропіла ў яго жорсткі і пранізьлівы позірк.

“Ня суй носа у рэчы, у якіх нічога не разумееш, - сказаў Л.Д. -- Як я магу сур’ёзна ставіцца да некага, хто ўвесь дзень запар сядзіць і чытае часопісы па астралёгіі”.

“Астралёгія тут ні пры чым, -- адказала Рэй. - Ня трэба мяне зьневажаць”.

Рэй ужо колькі тыдняў не хадзіла ў школу. Яна сказала, што ніхто яе не прымусіць. Максін назвала гэта яшчэ адной трагедыяй у доўгай чарадзе танных трагедыяў.

“Хай бы вы абое памаўчалі! - сказала Максін. - Божачкі, мне ўжо галава разбалелася”.

“Скажы яму, мама, - працягвала Рэй. - Скажы яму, што ўсё ў ягонай галаве. Кожны, хто нешта ў гэтым разумее, скажа, што так яно і ёсьць!”

“Як наконт цукроўкі, ну як наконт дыябэту, га? Як наконт эпілепсіі? Могуць мазгі гэта кантраляваць?” - не здаваўся Л.Д.

Ён падняў шклянку пад цяжкім поглядам Максін і дапіў да дна.

“Цукроўка таксама, -- сказала Рэй. - Эпілепсія. Усё! Мазгі - самы моцны орган ва ўсім целе, каб ты ведаў”.

Яна ўзяла ягоныя цыгарэты і запаліла адну.

“Рак. Як наконт раку?” - спытаўся Л.Д.

Яму падалося, што тут ён яе ўжо дакладна злавіў. Ён паглядзеў на Максін.

“Ня ведаю, з чаго раптам мы пачалі пра гэта спрачацца”, - зьвярнуўся ён да Максін.

“Рак таксама, -- сказала Рэй, нібы дзівячыся зь ягонай наіўнасьці. - Таксама. Рак пачынаецца ў мазгах”.

“Гэта вар’яцтва! - сказаў Л.Д. - Ён ляснуў далоняй па стале. Попельніца падскочыла. Ягоная шклянка ўпала і пакацілася па падлозе. - Ты вар’ятка, Рэй! Ты гэта разумееш?”

“Змоўч!” - крыкнула Максін.

Яна расшпіліла паліто і паклала сумачку на буфэтную стойку. Максін паглядзела на Л.Д. і сказала: “Л.Д., мяне ўжо гэта дастала. Рэй таксама. І ўвогуле, усіх, хто цябе ведае. Я ўсё абдумала. Я хачу, каб ты сышоў. Сёньня. Зараз. У гэты ж момант. Вымятайся адсюль зараз жа”.

Л.Д. нікуды не зьбіраўся ісьці. Ён перавёў позірк з Максін на слоік марынаваных гуркоў, што стаяў на стале з абеду. Ён узяў слоік і кінуў яго ў вакно.

Рэй падскочыла з крэсла. “Божа! Ён жа вар’ят!”

Яна падбегла да маці і стала побач, часта дыхаючы.

“Тэлефануй у паліцыю, -- сказала Максін. - Ён ашалеў. Сыходзь з кухні, пакуль ён цябе не параніў. Тэлефануй у паліцыю”.

Яны пачалі выходзіць з кухні.

“Я сыходжу, -- сказаў Л.Д. - Добра, я сыходжу зараз жа. Мне нават лепей. Вы тут усё роўна здурнелі. Дурдом. Ёсьць жа іншае жыцьцё. Ня думайце, што мне тут мёдам намазана, у вашым дурдоме”.

Ён адчуваў, як вецер дзьме яму ў твар празь дзірку ў шыбе.

“Вось куды я пайду, -- сказаў ён, паказаўшы пальцам. - Туды, навонкі”.

“Добра,” - сказала Максін.

“Ладна, я пайшоў”. Ён стукнуў кулаком па стале і падняўся, піхнуўшы нагой крэсла.

“Вы мяне больш ніколі не пабачыце”, - сказаў Л.Д.

“Ты тут і так дастаткова нарабіў мне на памяць,” - адказала Максін.

“Ладна”.

“Давай, вымятайся, -- сказала Максін. - Я плачу за кватэру, і я кажу "сыходзь". Зараз жа”.

“Я сыходжу. Не наяжджай на мяне. Я сыходжу”.

“Проста ідзі”, -- сказала Максін.

“Я пакідаю гэты дурдом”.

Ён пайшоў у спальню і дастаў з шафы адну з жончыных валізак. Гэта была старая белая валізка са штучнай скуры, у якой была зламаная адна зь дзьвюх засьцежак. Некалі яна пакавала туды цёплыя рэчы, калі ехала ў каледж. Ён таксама ў свой час вучыўся ў каледжы. Ён кінуў валізку на ложак і стаў складаць у яе сваю бялізну, штаны, кашулі, швэдры, стары скураны рэмень зь меднай спражкай, шкарпэткі і ўсё астатняе, што меў. З начнога століка ён узяў часопісы пачытаць. Ён забраў попельніцу. Ён паклаў у валізку ўсё, што мог, усё, што ўлезла. Ён зашпіліў ацалелую засьцежку, падцягнуў рэмень на валізцы і тут ўспомніў пра рэчы ў ванным пакоі. У насьценнай шафе на палічцы за яе капелюшамі ён знайшоў сваю вінілавую сумачку ад набору для галеньня. Туды паклаў брытву, крэм для галеньня, тальк і свой дэзік ды зубную шчотку. Потым забраў зубную нітку.

***

Ён чуў, як яны ціха размаўляюць у залі.

Ён вымыў твар. Паклаў у сваю вінілавую сумачку мыла і ручнік. Потым паклаў туды ж мыльніцу, шклянку, што стаяла на ракавіне, кусачкі для пазногцяў і яе шчыпцы для веек.

Ён ня змог зашпіліць сумачку, але гэта было ня важна. Ён апрануў паліто, узяў валізку і пайшоў у залю.

Калі Максін яго пабачыла, яна паклала Рэй руку на плячо.

“Вось і ўсё, -- сказаў Л.Д. - Вось яно, разьвітаньне. Ня ведаю, што яшчэ сказаць, акрамя таго, што я цябе больш ніколі не пабачу. Цябе таксама, -- зьвярнуўся Л.Д. да Рэй. - Цябе і тваіх шызанутых ідэяў”.

“Ідзі, - сказала Максін. Яна ўзяла Рэй за руку. - Хіба ты ўжо не нарабіў досыць шкоды ў гэтым доме? Давай, Л.Д., сыходзь адсюль і дай нам спакою”.

“Толькі памятай, -- сказала Рэй, -- усё ў тваёй галаве”.

“Я сыходжу, вось усё, што я магу сказаць, -- сказаў Л.Д. - Куды заўгодна, абы з гэтага дурдому. Гэта галоўнае”.

Ён агледзеў апошнім позіркам залю, а потым пераклаў валізку з рукі ў руку і ўзяў сумачку пад паху. “Я буду ў кантакце, Рэй. Максін, табе самой бы не зашкодзіла выбрацца з гэтага дурдому”.

“Ты сам зрабіў з гэтага дому дурдом, - адказала Максін. - Калі гэта дурдом, дык гэта ты яго такім зрабіў”.

Ён паставіў на падлогу валізку і паклаў на яе сумачку. Ён замёр на месцы і ўтаропіўся ў іх.

Яны адступіліся.

“Мама, асьцярожна”, - сказала Рэй.

“Я яго не баюся”, -- сказала Максін.

Л.Д. засунуў сумачку пад паху і ўзяў валізку.

Ён сказаў: “Я яшчэ вось што хачу сказаць”.

Але потым ён ня здолеў прыдумаць, што б гэта магло быць.

Пераклады

Previous post Next post
Up