«Through the Language Glass: Why the World Looks Different In Other Languages», by Guy Deutscher

Jul 16, 2013 10:56

Калі пачаў чытаць уступ да гэтай кніжкі, на некалькі хвілін адчуў зайздрасьць - падумалася: чаму ж я сам некалі, у студэнцкія гады, за такое ня ўзяўся? Бо заўжды ж цікавіўся моўнымі падзеламі часам малапрыдатнага для дзяленьня сьвету, і тым, як яны часта не супадаюць у розных мовах - можна было б і напісаць нешта:) Але ўжо ў другой частцы ўступу пабачыў, што Дойчэр абяцае болей за рэчы, вядомыя больш-менш удумліваму перакладчыку.

Наймацнейшы бок гэтай кнігі - сыстэмна пададзеныя экспэрымэнты апошніх гадоў, якія даводязць уплыў мовы на ўспрыняцьце колеру і на прасторавую арыентацыю. Уплыў не вырашальны, але дастаткова адчувальны, каб навукоўцы маглі яго «злавіць». Колеры ў кнізе атрымалі найбольш увагі - ад гістарычнага экскурсу з навуковымі спрэчкамі наконт тэкстаў Гамэра да дадатку, дзе тлумачыцца фізіялёгія зроку.



Але вынікі з колерамі прынамсі інтуіцыйна прадказальныя - больш драматычнымі падаліся экспэрымэнты з носьбітамі моваў, дзе выкарыстоўваецца толькі геацэнтрычная сыстэма каардынат замест звычных нам «зьлева», «справа», «сьпераду» і «ззаду». Трэцяя сфэра - уплыў граматычнага роду на ацэнку прадметаў - не была настолькі цікавай, хоць яна і дадала крыху вагі ў капілку кнігі.

Цэлы разьдзел Дойчэр прысьвяціў крытыцы гіпотэзы «лінгвістычнай адноснасьці» Ўорфа. Гэта ня дзіўна, бо Дойчэр відавочна лічыць, што менавіта зачараваньне, а потым расчараваньне Ўорфавымі ідэямі на нейкі час зрабіла саму думку пра ўплыў мовы на ўспрыняцьце сьвету «ненавуковай» для лінгвістаў. Прыкладна як гараскопы сярод сучасных астраномаў. Адсюль і назва разьдзелу з алюзіяй на ангельскае «crying wolf» - «Crying Whorf». Уорфу ён супрацьпастаўляе «прынцып Якабсона»: Мовы адрозьніваюцца тым, што яны мусяць перадаваць, а ня тым, што яны могуць перадаваць.

Падыход слушны, і для кнігі ён працуе выдатна. Але мне падалося, што аўтар нават перабраў у запале супраць Уорфа, каб яго не палічылі прыхільнікам «лінгвістычнай адноснасьці».

Напрыклад, Дойчэр іранічна піша: «Няўжо ж старажытныя бабілёнцы, якія выкарыстоўвалі адно слова (арнум) і для „злачынства“ і для „пакараньня“, не разумелі розьніцы? Калі так, чаму ж яны напісалі тысячы юрыдычных дакумэнтаў, кодэксаў законаў і судовых пратаколаў, каб дакладна вызначыць, якое канкрэтна пакараньне павінна прызначацца за якое злачынства?»

Нібыта ўсё правільна, але тут важна падкрэсьліць розьніцу паміж «здольнасьцю зразумець» і «разуменьнем паводле змоўчаньня». Для таго, каб нешта ня ўцяміць без дадатковых тлумачэньняў ці зразумець па-іншаму, дастаткова і «прынцыпа Якабсона». Магчыма, старажытныя бабілёнцы выдатна адчувалі розьніцу паміж «злачынствам» і «пакараньнем». Магчыма, яны разумелі яе нават гэтак жа, як сучасныя эўрапейцы, мовы якіх мусяць праводзіць гэтае адрозьненьне. Магчыма, праблема была б толькі для старажытнабабілёнскага перакладчыка, які ўзяўся б за раман «Злачынства і пакараньне», а тамтэйшая публіка лёгка б зразумела такі тэкст - пад назвай, напрыклад, «Несправядлівы прыватны і справядлівы ўладны (ці боскі) арнум».

Але мне тут прыгадаўся іншы - прызнаю, не зусім паралельны і не зусім лінгвістычны - выпадак розьніцы ў культурных кодах. Унівэрсытэцкая аднагрупніца з Паўднёвай Карэі дзівілася: хіба можна не разумець, што мясныя сабакі, якіх гадуюць для ежы, гэта зусім іншыя істоты, адрозныя ад хатніх гадаванцаў. Ну, прыблізна як сьвінкі звычайныя і марскія.

Тэксты

Previous post Next post
Up