Ды не, ня сплю. Ня з мужам. Не з тваім!

May 06, 2013 14:34


Шаноўны Аляксандар Класкоўскі ўжо ня першы раз на сайце mediakritika.by згадвае як важнае дасягненьне беларускай журналістыкі пастанову камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў з крытыкай артыкулу Зянона Пазьняка «Сутнасьць правакацыі».


Цалкам згодны, што мэдыі «мусяць адказваць і за карыстальніцкі кантэнт, не дапускаць зьняваг, абраз». Але пастанова камісіі была настолькі няўдалая і блытаная, што зь яе такая выснова зусім не вынікае.

Ва ўступнай частцы чаго там толькі не цытуецца - ажно да таго, што Дэкларацыя прынцыпаў прафэсійнай этыкі журналіста, прынятая БАЖ, заклікае «не дапускаць дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасьці, нацыянальнасьці, спавяданай рэлігіі, паў [відаць, перакладзенае кампутарам „полу“], сэксуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г. д.»

А ў выніку ўсё фактычна зводзіцца да таго, што выкарыстаньне ярлыкоў тыпу «правакацыя», «фальшывы актывіст» выглядае абразьлівым. І пры гэтым камісія чамусьці палічыла, што «ў дадзенай сытуацыі рашэньнем, якое адпавядае этычным прынцыпам журналісцкай супольнасьці, ад самага пачатку была б адначасовая публікацыя тэксту З. Пазьняка і адказу на яго І. Кузняцова».

Атрымоўваецца як у загалоўку гэтага блогу. Дык вы мо разьбярыцеся - калі гэта сапраўды абразы і зьнявагі, якім чынам адначасовая публікацыя тут дапаможа? Калі вас назавуць «прыдуркам», ці вас задаволіць права на адначасовы адказ? І для чаго - каб сказаць крытыку: «Сам ты прыдурак»?

Але рэч якраз у тым, што «правакацыя» і «фальшывы» у гэтым канкрэтным тэксьце Пазьняка гэта палітычныя ацэнкі, а не пустыя абразы. Яны магчыма памылковыя, але яны грунтуюцца на канкрэтных дзеяньнях, якія Пазьняк лічыць шкодным - спробе ўсталяваць у Курапатах помнік польскім афіцэрам.

Ад часу пастановы камісіі БАЖ прайшло ўжо два месяцы, і я б ня стаў пісаць гэтага тэксту, калі б спадар Класкоўскі згадаў бы, што тады ж у хуткім часе быў і адказ на яе на сайце Радыё Свабода. І палемізаваў бы з гэтым адказам па сутнасьці, замест таго, каб чарговы раз ухваляць пастанову:).

Тэксты

Previous post Next post
Up