Трынаццаць хораў для боскага маркіза

Jun 09, 2011 18:12

Пераклаў нядаўна эсэ Робэрта Энтана (ці Антона :) Ўілсана з нагоды п'есы Пэтэра Вайса - па-мойму адзін з ключавых тэкстаў амэрыканскіх 1960-х. Насычаны поп-культурнымі знакамі таго часу, але ўсё роўна жывы.



Трынаццаць хораў для боскага маркіза

ХОР ПЕРШЫ
Вы баіцеся людзей незацугляных - як гэта сьмеху варта!
Дэ Сад

Я прысьніў, што тэлефаную Рыце Гэйварт і пытаюся, ці яна чуе ўначы крыкі дзяцей Хірасімы.
- Не, - адказала тая. - Была ў мяне раней крыху такая шыза, але мой псыхааналітык з гэтым усім разабраўся.
- Але, - настойваў я, - гэта ж твая выява была на Бомбе. Ня Гары Трумэн, не Айнштайн, нават ня Мэрылін Манро. Ты.
- Ну, можна і так на гэта паглядзець, калі хочаш. Але, божачкі ж вы мае, тады мае фоткі ляпілі на што заўгодна.
- Але, але, - выкрыкнуў я, - няўжо ты не адчуваеш нейкай адказнасьці?
- Падажджы-ка, хлопча, ты што, нейкі шызік? У мяне ніхто пра гэта і не пытаўся. Яны проста ўзялі і скінулі яе.
- Але, але, але, - крычаў я, - усе гэтыя людзі... я недзе чытаў, што іх было 550 тысяч... расшкуматаных тваёй выявай...
- Слухай, пацан, - адказала яна ўпэўнена. - Мой аналітык мне сказаў, што няма толку парыцца з-за такіх рэчаў.
І сувязь перарвалася пустым шчаўчком, як шчыльна закрываецца труна Дракулы, калі ранішняе сонца кідае свае белыя жудасныя промні радыяцыі ў прахалодную цемру сну.

ХОР ДРУГІ
Чаму гэтыя дзеці крычаць
За якія гурбы яны б'юцца
Гурбы з вачыма і вуснамі
Марат/Сад

І вось мы, стваральнікі Хірасімы, нарэшце праз 150 гадоў па ягонай сьмерці няўпэўнена пачынаем разглядаць нецэнзураванага дэ Сада.
Я прысьніў, што тэлефаную прэзыдэнту Айзэнгаўэру і пытаюся, ці павінен дэ Сад быць забаронены.
- Ня ведаю, - адказаў той. - Трэба спытацца ў начальніка пошты Самэрфілда. Калі ён скажа, што гэта непрыстойная кніга, дык вядома ж яе трэба забараніць. Амэрыка павінна захоўваць сваю чысьціню і дадзеную Богам спадчыну.
І я прысьніў, што тэлефаную яму празь дзьве ночы, і ён ужо пракансультаваўся. «Самэрфілд кажа, што дэ Сад быў ружовы збачэнец».
І сувязь перарвалася раптоўным прыглушаным шчаўчком, як апошні гук, што пачуў Гэмінгуэй, калі прыставіў да галавы стрэльбу і сказаў сабе, усё, блядзь, зараз, не пазьней, не праз хвіліну, а зараз.

ХОР ТРЭЦІ
...і быццам бы я неслухмяны малы хлопчык, вы лічыце,
што можна мяне адлупцаваць да добрых паводзінаў?
Дэ Сад

Прафэсар Б.Ф. Скінэр з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, багаты гадамі, розумам, навуковымі ступенямі і ўзнагародамі, кажа, што сьвет без пакараньняў апэрацыйна магчымы. То бок з гледзішча навуковай псыхалёгіі Скінэр ня ведае нейкіх паводзінаў, якіх нельга было б заахвоціць ці зьнеахвоціць без пакараньня.
Пажаданыя паводзіны (з вашага гледзішча, якім бы яно ні было) - заахвоцьце іх праз сыстэму ўзнагародаў. Такія паводзіны замацуюцца.
Непажаданыя паводзіны (зноўку ж, зь якога б там ні было вашага гледзішча) - няма патрэбы за іх караць; проста заахвоцьце несумяшчальныя зь імі паводзіны, зноўку праз сыстэму ўзнагародаў. Несумяшчальныя паводзіны замацуюцца, а «непажаданыя» паводзіны зьменшацца.
Проста, як доказ геамэтрычнай тэарэмы.
Але ў чалавецтве ёсьць нешта, што глыбока адпрэчвае прафэсара Скінэра, ягоны рацыяналізм, ягоную тэхналёгію і ягоны просты падыход. Імя гэтаму супадае зь імем боскага маркіза, Данасьена Альфонса Франсуа дэ Сада.
Я прысьніў, што тэлефаную дырэктару ФБР Эдгару Гувэру і пытаюся, слухай, дзядзька, што ты думаеш пра сьвет без пакараньняў?
- (Пастаўце на запіс), - прамовіў ён некуды ўбок, - (у мяне тут на лініі ружовы ёлупень-пацыфіст).
- Я вам так скажу, сэр. Мы ў нашай арганізацыі проста зьбіраем факты, мы ня робім нейкіх высноваў. Але Я Вам Вось Што Скажу! Ёсьць Толькі Адна Мова, Якую Разумеюць Бязбожныя Камуністы, І Гэта Мова Перавагі Ў Сіле.
- Але, але - выгукнуў я - вы хіба можаце пакласьці ўвесь сьвет на калена, каб даць яму плескача?
- Калі б у сьвету была адна срака, дык не сумнявайцеся, што мы б змаглі, -адказаў ён. - Але пакуль што давядзецца даваць плескача супольна і шматкроць.
І сувязь перарвалася парожнім шчаўчком, як гук бізуна, што зьнялі са сьцяны і ляснулі, выпрабоўваючы, у паветры.

ХОР ЧАЦЬВЕРТЫ
Марат
гэтыя клеткі ўнутры сябе
горшыя за найглыбейшыя каменныя лёхі
і пакуль яны замкнёныя
усе вашы рэвалюцыі застануцца
толькі турэмным бунтам
які здушаць
падкупленыя іншыя вязьні
Марат/Сад

Паступова да нас пачынае даходзіць, што дэ Сада дагэтуль не зразумелі. Ён заклікаў да свабоды, а мы абвінавачваем яго ў тым, што ён папярэднік Гітлера. Ён марыў пра сьвет без пакараньняў, а мы прыпісваем яму брутальнасьць. Ён казаў пра дух любові, а мы вешаем на яго ўсе магчымыя заганы.
Нам страшна, што ён нас спакусіць - нас, стваральнікаў Хірасімы.
Ён паказаў нам наш уласны твар у люстэрку, а мы 150 гадоў крычым, што гэта ягоны твар.
Нішто ня можа быць больш ясным за ягоныя ўласныя словы:
Законы павінны быць «гнуткія», «мяккія» і «нешматлікія».
Мы павінны «назаўжды пазбавіцца зьверства караць сьмерцю».
Жанчыны павінны быць роўныя з мужчынамі: «Хіба больш боская палова чалавецтва павінна быць абцяжараная кайданамі ад іншай паловы? Разьбіце гэтыя кайданы, Прырода гэтага хоча».
Маёмасьць болей не павінна быць манапалізаваная нешматлікай групай асобаў.
Цяперашняя сыстэма ўласнасьці і ўлады грунтуецца на «падпарадкаваньні народу... праз... гвалт і частае выкарыстаньне катаваньняў».
Ён адмовіўся ад сваёй пасады судзьдзі, каб не выносіць сьмяротнага пакараньня. «Ад мяне патрабавалі бесчалавечнага дзеяньня. Я такога ніколі не хацеў».
Ягоныя прынцыпы, як ён верна заўважыў, гэта ня тое, што вядзе да тыраніі, але «прынцыпы, супраць агучваньня і ажыцьцяўленьня якіх бясслаўны дэспатызм тыранаў выступаў незьлічоныя стагодзьдзі».
Нават у адносінах да сьвятароў ён захоўваў бясспрэчна лібэртарыянскую пазыцыю: «Я, аднак, не прапаную масакраў ці дэпартацыяў. Такім жахлівым рэчам няма месца ў асьветніцкім розуме. Не, ні ў якім разе не забівайце, не высылайце... Скіруйма выкарыстаньне сілы на ідалаў; для тых, хто ім служыць, будзе дастаткова высьмейваньня».
Але на гэтыя словы не зважаюць. Таму што ён зрабіў адно злачынства - дакладна паведаміў таемныя мары ды жаданьні мужчынаў і жанчын нашай цывілізацыі, мужчынаў і жанчын, якія гадаваліся ў тыглі ўлады і падпарадкаваньня, дысцыпліны і пакараньня - яго выстаўляюць прыхільнікам такіх крайнасьцяў.
Больш праўдзіва, чым Флябэр сказаў «Я - мадам Бавары», дэ Сад мог бы сказаць (і сказаў для тых, хто чытае паміж радкоў) «Я - Жустына». Гэта ягоным голасам увесь час крычаць прамовы Жустыны: «О, пачвары, няўжо пакуты сумленьня ў вас мёртвыя?» Гэтаксама бясспрэчна, што гэта ягоны голас гучыць у «Дыялёгу паміж сьвятаром і чалавекам, які памірае» і кажа проста: «Розум, шаноўны пане - так, ужо адзін наш розум павінен папярэдзіць нас, што зло, прынесенае свайму бліжняму, ніколі ня дасьць нам шчасьця... і ня трэба ні бога, ні рэлігіі, каб гэтак лічыць».
Я прысьніў, што тэлефаную Ісусу Хрысту і пытаюся, слухай, Дзядзька, ты сапраўды дараваў ім, бо ня ведалі, што рабілі?
- Праўду, праўду кажу табе, - адказаў ён, - я выказаўся пра уладу і падпарадкаваньне так ясна, як толькі мог: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі. Але ня так хай будзе паміж вамі» (Мацьв. 20:25). «Усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее» (Мацьв. 12:25). «Калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць» (Мацьв. 15:14). «Зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх» (Мацьв. 23:4). Яны будуць сьляпымі правадырамі сьляпых, хлопча, і мэханічныя законы пакараньня ды ўмоўных рэфлексаў прывядуць іх у плыткія каляіны жыцьця-канвэера.
- Але, але, - пярэчыў я, - ці ёсьць нешта па-за паводзінамі на ўмоўных рэфлексах? Ці ёсьць сапраўдная свабода, Дзядзька? Ці ёсьць?
- Знайдзі тое, у чым мы з дэ Садам пагаджаемся, - адказаў ён, - і тады ты знойдзеш пачатак вызначэньню свабоды.
І сувязь перарвалася нечаканым шчаўчком, як зачыняюцца дзьверы ў спальню, калі маленькага хлопчыка выштурхнулі вонкі.

ХОР ПЯТЫ
Яны напышліва прамаўляюць супраць жарсьцяў, не турбуючыся, што якраз з гэтага полымя філязофія запальвае сваю паходню.
Дэ Сад

Нехта сказаў, што «Замак» - гэта дэ Садаўскі раман: Кафкава сцэна - тыповае логавішча дэ Садавых пачвараў у чаканьні наіўнага падарожніка. Я б сказаў, што «Працэс» яшчэ больш дэ Садаўскі, бо два галаварэзы, якія цягнуць Ёзафа К. на пустку, каб перарэзаць яму горла «нібы сабаку», гэта, як і вобразы дэ Сада, праявы рэчаіснасьці нашай цывілізацыі. Сьмяротнае пакараньне, паказанае як нават больш голы сьняданак, чым той, якім здолеў нас накарміць Бэраўз.
Тое, што здарылася зь Ёзафам К., тое, што здарылася з Жустынай, гэта толькі нязначныя скрыўленьні таго, што адбываецца з кожным мужчынам, з кожнай жанчынай у грамадзтве, заснаваным на ўладзе і падпарадкаваньні.
Тое, што пабачыў дэ Сад - і чаго не пабачыў Марат - схаваны сэнс па-сафоклаўску цыркавой п'есы Пэтэра Вайса - што Чалавек, якім мы яго ведаем, Чалавек у гістарычным часе, гэта цалкам прадукт пакараньня. Пакараньне вызначае ягоны характар, ягоныя абрысы і структуры, пакараньне і ёсьць ягоным характарам. Садамазахізм - гэта не вычварэньне ці «лад жыцьця», але сэнс нашай цывілізацыі.
Дэ Садава імкненьне да свабоды - то бок спроба зразумець сябе - прывяло яго да сцэны ў бардэлі, дзе ён пярдоліць іншых і яго пярдоляць, ён лупцуе і яго лупцуюць бізуном. Гэтая сцэна і сем гадоў зьняволеньня, якія яна яму каштавала, далі назву вычварэньню, але пры гэтым ёсьць адчуваньне, што нешта тут ня так, дэ Садаўства гэта не садызм - гэтыя дзьве сілы сутыкаюцца, але дэ Сад рухаўся ў адным кірунку, а сапраўдны садыст у іншым.
Разгарніце любую жоўтую газэтку і пачытайце прыватныя абвесткі, у якіх садамазахісты намацваюць адно аднаго: «Паслухмяны малады чалавек шукае жанчыну з досьведам у дысцыпліне...» «Мужчына, які цікавіцца скураным адзеньнем і ўніформамі, шукае мужчыну, які любіць дамінаваць...» «Цікаўлюся скуранымі аксэсуарамі на жанчынах...»
Але ж гэта не дэ Садаўскі кірунак, Божа ж ты мой, гэта кірунак начальніка прызыўной службы генэрала Гершы і прэзыдэнта Джонсана; гэта кірунак нашай цывілізацыі; гэта сутнасьць нашай цывілізацыі, выцягнутая на разгляд у сваім паскудзтве. Уніформы і дысцыпліна. «Забі дзеля свабоды, забі дзеля міру, забі віетнамца, забі, забі, забі!» Бацькоўскі голас у галюцынацыях, які кажа: «Ты гомасэксуаліст» і «Трэба забіць яго». Уніформы і дысцыпліна. Сьляпы сьляпога вядзе.
Альбэрт Эліс нават больш агульнавядомы, чым доктар Бэрн. Паводле лекцыі доктара Эліса перад Нью-Ёрскім таварыствам агульнай сэмантыкі, большасьць нэўротыкаў - то бок большасьць цывілізаваных людзей - існуюць зь ціхім унутраным голасам, які кажа: «Ты нікчэмнае гаўно». («Ты гомасэксуаліст», «Ты баязьлівец» і «Ты бездапаможны нэўротык» гэта толькі тры варыяцыі на галоўную тэму. Галоўная тэма заўсёды «Ты нікчэмнае гаўно».)
Пісьменьнік-фантаст Эрык Фрэнк Расэл некалі вынес на абмеркаваньне загадку: «Калі ўсе ненавідзяць вайну, чаму войны працягваюцца?» Памятаеце садамазахісцкія абвесткі: «шукае дысцыпліну», «шукае ўніформы», «шукае скуру і гуму».
Улада і падпарадкаваньне - гэта галоўны структурны факт фэадальнага, капіталістычнага і сацыялістычнага грамадзтваў. Пакараньне і паслухмянасьць - вызначальны жэст гэтых грамадзтваў, як сказаў бы Станіслаўскі. Каб імгненна праілюстраваць гэта: Оруэлаўскі «бот наступае на чалавечы твар - назаўсёды». І гэта дэ Садаўская тэма, назаўсёды.
Я прысьніў, што тэлефаную кардыналу Фултану Шыну і пытаюся, я чытаў у тваім артыкуле, што «дзіцяці для заахвочваньня трэба, каб яго пагладзілі па сьпіне, але рабіць гэта трэба дастаткова моцна, дастаткова нізка і дастаткова часта». Ты што, верыш у гэтую лухту, дзядзька?
- Без дысцыпліны, - прамовіў ён нарасьпеў, - уся наша цывілізацыя скоціцца да анархіі. «Я пакараю яго жазлом мужоў», кажа Добрая Кніга.
- Але, але, дзядзька, - запярэчыў я, - ты ж нібыта супраць сэксу. Ты што, ня ведаеш, што некаторыя во так і заводзяцца па поўнай? Ты што, не чытаў пра оргіі, дзе яны лупцуюць адно аднаго па сраках і ў штаны ад гэтага канчаюць? Ты ж здаецца супраць, каб нехта ўвогуле канчаў, няважна дзе, калі і як?
- Агыхххх, - выдыхнуў ён, як ліхадзей, што памірае ў коміксе, і я ня здолеў разабрацца, ці ў яго аргазм, ці інфаркт.
Сувязь перарвалася дзіўным шчаўчком, як адчыняецца бомбавы люк, каб скінуць партрэт Рыты Гэйварт (Гільда-блудадзейка са свайго залатога ложка дае знак... маленькім паганцам, якія ня верылі ў Ісуса).

ХОР ШОСТЫ
Марат
забудзь астатняе
няма нічога іншага
па-за целам
Марат/Сад

І вось, праз 150 гадоў, мы гатовыя паглядзець дэ Саду ў твар, вочы ў вочы. Ён заўсёды наскоквае, як дзэн-майстар, і крычыць нам проста ў вушы: «Тыранія ці Анархія - трэба выбіраць. Адказвай зараз жа!»
Ён быў першы, хто меў дастаткова шаленства і здаровага розуму, каб прыняць дадзенае, нязьменнае, каб пачаць з чалавека ў гісторыі, а не з чалавека ў тэорыі. Вось што, кажа ён, я ня веру ў «высакароднага дзікуна». Я нават сумняваюся, што ён «ад прыроды добры», але, прымаючы яго такім, як ён ёсьць, я ўсё роўна кажу: Свабода. Ён заслугоўвае свабоды, бо ніхто іншы ня ёсьць дастаткова добрым, каб забіраць яе ў яго.
Ён разглядаў анархію, ён глядзеў скрозь добраахвотную самаарганізацыю ў анархіі Прудона і Талстога, ён паглядзеў на самы сапраўдны хаос і сказаў: Так, нават гэта, я прыму нават гэта, але ня стану на калені перад Уладай, якая заяўляе, што я - яе маёмасьць.
Я прысьніў, што тэлефаную прэзыдэнту Джонсану і кажу, слухай, дзядзька, ты не забярэш майго сына на нейкую са сваіх клятых дурных войнаў.
- Ты памыляесься, - адказаў той упэўнена. - Гэты хлопчык ня твой сын. Ён належыць грамадзтву і Дзяржаве, а я - гэта грамадзтва і Дзяржава. Я забяру яго, калі толькі мне заманецца, загадаю яму рабіць тое, што мне прыйдзе ў галаву, і прыстрэлю яго, калі ён парушыць загад.
- Але, але, дзядзька, - запярэчыў я, - ні храна сабе, ты што, думаеш, што мы твая маёмасьць?
- Пачытай законы, сынку, - хіхікнуў ён. - Уласнасьць гэта права ўжываць або злоўжываць.
І сувязь перарвалася халодным, амаль нячутным шчаўчком, як машына прабівае дзірку ў картачцы недзе ў агромністых і неабсяжных бюракратычных калідорах.

ХОР СЁМЫ
Хоць дзіўнае відовішча глупства, зь якім мы сутыкаемся, можа быць жахлівым, яно заўсёды цікавае.
Дэ Сад

Я патэлефанаваў сьвету і стаў маліць іх:
«Колькі з вас належаць Камбінату? Калі вашы грошы забіраюць на падаткі, а вашых дзяцей на вайну, дык чым вы адрозьніваецеся ад каровы, якую дояць, ці ад сьвіньні, якую ядуць? Вы плодзіцеся для іх, як коні на выгане? Няўжо яны маюць права выкідаць плод вашых сьцёгнаў? Нават нікчэмнае гаўно, якое баіцца, што прыйдзе Бацька і адрэжа яму, усё ж мае нейкія правы, праўда? Ці не? Ці ёсьць ахвяра, якой вы не прынесяце? Ці ёсьць дысцыпліна, якой вы ня прымеце? Ці ёсьць загад, якога вы не выканаеце? Ці ёсьць гаўно, якога вы не зьясьце?
Хто навёў на вас сурокі? Як гэта пачалося? Калі вам было 12, і вы баяліся, што Эдгар Гувэр назірае праз свой вашынгтонскі тэлескоп, як вы дрочыце? Ці вас запалохалі шэрым воўкам? «Не рабі фу-фу ў штаны, інакш прыйдуць людажэры і зьядуць цябе»? Абразаньне, дзікі ў сваёй жорсткасьці і нялюдзкасьці напад на геніталіі, прымаецца вашымі дактарамі; чаму? Кармленьне па раскладзе, якое нахран перакруціла мазгі цэламу пакаленьню; чаму? Гэта вось так яны атрымліваюць салдатаў для сваіх войнаў? Хлопчыкі бізуна і папругі, хлопчыкі ўніформаў і дысцыпліны, хлопчыкі Пэнтагону, усе ў адной вялікай шчасьлівай оргіі з лупцоўкай па сраках?»
Але апэратар адказаў: «Перапрашаю, сэр. Сьвет больш не адказвае на тэлефанаваньні. Ён глядзіць тэлевізар».
І сувязь перарвалася гучным і незвычайным шчаўчком, як хлопчык зашпільвае маланку ў нагавіцах, калі чуе Бацькавы крокі ў калідоры.

ХОР ВОСЬМЫ
Шалёны зьвер
Чалавек гэта шалёны зьвер
Мне тысяча гадоў і ў свой час
Я дапамог зрабіць мільён забойстваў
Марат/Сад

Партрэт Рыты Гэйварт на Бомбе.
Чаго мы сапраўды ад іх хочам? Што давяло Гарба да хованак, Манро да самагубства, Лямар да крадзяжоў у крамах, што зьнішчыла Гарлаў і загнала Гарланд у пляшку з бухлом?
І што адбываецца ў "Плэйбой-клюбе"? Ці стаялі вы там, як я, з кактэйлем у руцэ, пазіраючы на дэкальтэ «дзяўчыны-зайчыка» і раптам думаючы пра Лона Чэйні ў ролі Ваўкалака: «Нават і той, хто чысты душой / І кажа малітвы ўначы / Можа стацца ваўком, як мардоўнік цьвіце / І яркая поўня крычыць...» Калі б паказаць на сьцяне ў ЛСД-выявах фантазіі кожнага чалавека ў тым памяшканьні, як бы яны выглядалі - сяброўская невялічкая оргія, «Выкраданьне сабінянак» ці Масавае Забойства?
Я прысьніў, што тэлефаную «зайчыку» і пытаюся, як табе дэ Сад?
- Самае тое, салодкі ты мой, - пяшчотна прамовіла яна.
- Але, але - спытаўся я, - што ты насамрэч думаеш пра мужыкоў?
- Але ж, сонейка, - сказала яна проста, - што быдла думае пра мясьнікоў?
І сувязь перарвалася адрывістым шчаўчком, як дыяфрагма, што падае з жаночай торбачкі на халодную мэталёвую падлогу.

ХОР ДЗЯВЯТЫ
Жарсьці майго бліжняга палохаюць мяне бязьмерна меней за несправядлівасьці закону, бо жарсьці майго бліжняга стрымліваюцца маімі, у той час як несправядлівасьцяў закону не абмяжоўвае нішто.
Дэ Сад

Цывілізацыя, заснаваная на ўладзе і падпарадкаваньні, - гэта цывілізацыя бяз сродкаў самавыпраўленьня. Эфэктыўная камунікацыя скіраваная толькі ў адзін бок: ад кіроўчай да падпарадкаванай групы. Любы кібэрнэтык ведае, што ў такім аднабаковым канале камунікацыі няма зваротнай сувязі і такі канал ня можа паводзіць сябе «разумна».
Дасканалы ўзор улады-падпарадкаваньня - гэта войска. Сетка кантролю і камунікацыяў у войску мае ўсе заганы, якія толькі можа ўявіць у кашмарным сьне кібэрнэтык. Тыповыя мадэлі паводзінаў увекавечаныя ў фальклоры як СНУПС (сытуацыя нармалёвая - у поўнай срацы), ПСУБС (поўная срака - усё безнадзейна сапсавана) і СТАНС (срака такая, ажно няма словаў). У менш экстрэмальнай, але настолькі ж назалягічнай форме, гэта тыповыя станы любой аўтарытарнай групы, такой як карпарацыя, нацыя, сям'я ці цэлая цывілізацыя.
Прудон быў вялікім аналітыкам камунікацыяў, які нарадзіўся на 100 гадоў раней, чым яго маглі зразумець. Ягоная сыстэма добраахвотных асацыяцыяў (анархія) грунтуецца на тых простых камунікацыйных прынцыпах, што аўтарытарная сыстэма прадугледжвае аднабаковую камунікацыю альбо дурасьць, а лібэртарная сыстэма прадугледжвае двухбаковую камунікацыю альбо рацыянальнасьць.
Сутнасьць улады, як ён яе бачыў, гэта Закон - то бок загад - то бок эфэктыўная камунікацыя, скіраваная толькі ў адзін бок. Сутнасьць лібэртарнай сыстэмы, як ён яе бачыў, гэта Кантракт - то бок узаемная згода - то бок эфэктыўная камунікацыя, скіраваная ў абодва бакі. («Дастатак кантролю», калі карыстацца тэхнічным кібэрнэтычным выразам.)
Дэ Сад пабачыў гэта раней за Прудона. «Вяршэнства закону горшае за вяршэнства анархіі. Найбольш відавочны доказ майго цьверджаньня ў тым факце, што любы ўрад вымушаны ўпасьці ў анархію, калі ён намагаецца перарабіць канстытуцыю. Каб скасаваць свае ранейшыя законы яму даводзіцца ўсталёўваць рэвалюцыйны рэжым, у якім няма закону. Гэты рэжым урэшце нараджае новыя законы, але другі стан абавязкова менш чысты, чым першы, бо паходзіць зь першага».
Канфлікт Марат/Сад (насамрэч мелася б быць Маркс/Сад, але вынаходлівы спадар Вайс быў недастаткова вынаходлівы, каб зладзіць гістарычную сувязь паміж дзядзькам Карлам і Маркізам) гэта канфлікт паміж анархіяй і тыраніяй. Дэ Сад, а не Марат ці Маркс, гэта сапраўдны рэвалюцыянэр, бо ён імкнуўся да сьвету па-за тыглем пакараньня і падпарадкаваньня, а яны імкнуліся да новага сьвету, які усё роўна застаецца ў гэтым тыглі.
Я прысьніў, што тэлефаную Ігнацу Маўсу і пытаюся ў таго, чаму ты заўсёды кідаесься цэглай у Крэйзі Кэт?
Але замест яго адказала Крэйзі: «Мой малюпуся... ён заўсёды захоўвае вернасьць».
І сувязь перарвалася жахлівым шчаўчком, як ад шарыкаў у руцэ капітана Куіга.

ХОР ДЗЯСЯТЫ
Гільятына ратуе іх ад бясконцай нуды
Яны весела падстаўляюць свае галовы, нібы на каранацыю
Хіба гэта не вяршыня вычварэнства?
Марат/Сад

Ральф Нэйдэр скептычна піша ў сваім дасьледаваньні аўтамабільнай бясьпекі «Небясьпечныя на любой хуткасьці»: «Калі б нехта спрабаваў вырабіць мэханізм для нанясеньня пашкоджаньняў пешаходам, дык найбольш эфэктыўны дызайн быў бы вельмі блізкі да перада некаторых сучасных аўтамабіляў». Спадар Нэйдэр ніколі не чытаў дэ Сада. Ён лічыць гэта простай няўважлівасьцю з боку дэтройцкіх аўтамабілевытворцаў.
Я прысьніў, што тэлефаную Бэтмэну і пытаюся, ці ёсьць нейкая праўда ў гэтых чутках пра вас з Робінам?
- Нашы адносіны на 100 працэнтаў плятанічныя, - адказаў той суха. - Мы сублімуем. Чаму, па-твойму, мы заўсёды вышукваем «кепскіх хлапцоў», якіх можна пакараць?
І сувязь перарвалася хуткім шчаўчком, як кайданкі, якія назаўжды замыкаюцца на тонкім запясьці.

ХОР АДЗІНАЦЦАТЫ
Калі вы настолькі баязьлівыя, каб спыніцца на тым, што натуральна,
дык Прырода вечна будзе для вас недасяжнай.
Дэ Сад

У цяперашняй папулярнай культуры шмат садызму, але мала дэ Садаўскага. Адзін з рэдкіх прыкладаў - гэта стары фільм «Найнебясьпечная гульня», а другі - раман Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі».
Героі абодвух гэтых твораў трапляюць у пастку сытуацыяў, у якіх уладная сіла бязьлітасна спрабуе іх зьнішчыць. Абодва героі, дэ Садаўцы ў чыстым выглядзе, адразу ж прымаюць сытуацыю - ня скардзячыся на яе «амаральнасьць» ці «несправядлівасьць» - і пачынаюць сыстэматычна і ўпэўнена біць праціўніка ягонай жа зброяй.
Гэта дактрына бандытаў у «Жустыне» - «Прырода зрабіла так, што мы нарадзіліся роўнымі, Тэрэза; калі лёсу закарцела парушыць першапачатковы расклад, дык мы ў сілах выправіць яго капрызы» - і дактрына Штырнэраўскага анархізму. Пралетарскія героі дэ Сада, як славуты бандыт-анархіст Равашоль, інстынктыўна вераць, што «толькі злачынства адчыняе нам дзьверы да жыцьця».
Кожнаму, каму не падабаецца гэтая дактрына, дэ Сад адказвае без цырымоніяў: «Чэрствасьць Багатых легітымізуе кепскія паводзіны Бедных; хай яны адчыняць свае кашалькі для нашых патрэбаў... Мы сапраўды былі б дурнямі, устрымліваючыся ад [злачынстваў], калі тыя могуць аслабіць ярмо, якім нас душыць іх жорсткасьць». Выглядае, што гэта гучыць жахліва толькі для тых, чыё сьвядомае ці несьвядомае жаданьне - быць прыгнятальнікамі. Чалавек дэ Сада папросту адмаўляецца быць прыгнечаным; ён можа быць забіты, але ніколі заняволены.
Я прысьніў, што тэлефаную Адольфу Гітлеру і пытаюся, у чым была твая фішка?
- Яны верылі, што будзе разумней падпарадкоўвацца каму заўгодна, нават мне, чым рызыкаваць, што наступіць анархія, - адказаў той з ваўкалацкім сьмехам.
І сувязь перарвалася рэзкім шчаўчком, як абуты ў вайсковыя боты прыстаўляе нагу да нагі.

ХОР ДВАНАЦЦАТЫ
Я шалёны зьвер
Вязьніцы бясьсільныя
Ланцугі бясьсільныя
Я ўцякаю
скрозь усе сьцены
Марат/Сад

Б.Ф. Скінэр уяўляе сьвет без пакараньняў. Нікога гэта не цікавіць.
Цяпер ужо ёсьць зброя - яе выкарыстоўваюць паляўнічыя інспэктары ў Афрыцы - каб аглушыць, не забіваючы. З такой зброяй войска магло б захапіць горад, не праліўшы ні кроплі крыві. Ці чулі вы, каб нейкі ўрад плянаваў весьці свае будучыя войны такой зброяй?
Пакараньне, дысцыпліна, падпарадкаваньне - гэта ключы да такіх таямніцаў, да таямніцы самой вайны і да асаблівасьцяў паводзінаў Чалавека ды іншай свойскай жывёлы. Дэ Сад пабачыў гэта і быў забаронены на 150 гадоў. Ён пабачыў генітальную ліхаманку, патрэбу ў абдымках, загачаную ў самым асяродку чалавека. Яшчэ адна прычына чаму яго забаранілі.
Акторы вар'яцеюць, граючы ў п'есе «Марат/Сад». «У нашай трупе няма ніводнага чалавека, які б не ненавідзеў лютай нянавісьцю кожны раз, калі яму даводзіцца выступаць з гэтай п'есай», - гаворыць Іэн Кармайкл, які грае ролю Марата. «Робіцца ўсё цяжэй і цяжэй», - кажа Патрык Магі, што грае дэ Сада. Сярод актораў ужо быў выпадак вострай дэпрэсіі, прыпадак «ашалелага крыку і трызьненьня» пасьля спэктаклю, а адзін актор амаль страціў кантроль над сабой на сцэне.
Я прысьніў, што тэлефаную Д.А.Ф. дэ Саду і пытаюся: «Ісус сказаў мне, што вы зь ім пагаджаецеся прынамсі наконт адной рэчы і што гэта тлумачыць свабоду. Што гэта за рэч?»
- Даволі проста, - адказаў той, - ня бойся Крыжа. Страх сьмерці - гэта пачатак рабства.
І сувязь перарвалася пераможным шчаўчком, як вывальваюцца зачыненыя на завалу дзьверы.

Пераклады

Previous post Next post
Up