Ніватыднёвік беларусаў у Польшчы
2011/49 (2899)
Завяршыўся суд над Алесем Бяляцкім. Прыгаварылі яго да канфіскаты маёмасці і 4,5 года пазбаўлення волі ў турме з абвостраным рэжымам толькі за-тое, што сам Алесь і кіраваны ім Праваабарончы цэнтр „Вясна” кінуў выклік антыдэмакратычнай і антызаконнай сістэме Аляксандра Лукашэнкі. А гэтага дыктатар не пераносіць. Тым самым Алесь Бяляцкі папоўніў доўгі спісак палітычных вязняў, якія зараз адбываюць пакаранні і пераносяць рэпрэсіі ў самой Беларусі. Апынуўся ён у ліку тых, каго сам абараняў. Варта нагадаць, што Алесь Бяляцкі з’яўляецца шматгадовым чытачом нашага тыднёвіка і сябрам рэдакцыі. Калі менавіта ў 2004-2006 гадах ішоў прыдуманы працэс над „Нівай”, то прадстаўнікі „Вясны” і іншых беларускіх пазаўрадавых арганізацый сарганізавалі маштабную, міжнародную акцыю ў абарону нашай рэдакцыі. Сам Алесь Бяляцкі ўжо як прызнаны аўтарытэт пра нашую справу і яе раздзьмуханасць гаварыў у час важных сустрэч з прадстаўнікамі польскіх і еўрапейскіх структур. Мы, пры існаванні незалежнага правасуддзя, выйгралі менавіта дзякуючы і той беларускай салідарнасці. У нашай справе маўчалі тады афіцыйныя беларускія ўлады і іх дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
Болей...