Apr 20, 2013 22:00
Вось жыву сабе, дыхаю, хаджу кудысьці, займаю свой розум гэтай мазайкай: чаму менавіта вось так у жыцьці складваецца? Ну, чаму?
Напрыклад, мая радасьць Лёшанька. Трэба было дажыць да 25 гадоў, каб побач быў хлопец, у якім я, без усялякіх ваганьняў, згодная прарастаць. І ён ўва мне -- таксама. І вось цікава: тут пытаньне нутранай гатоўнасьці зладжана разам свой супольны сьвет будаваць, а не ў гульні гуляць, альбо, каб знайсьці сваю каштоўнасьць, трэба не адзін год перабіраць, шукаць... Можа, і першае, і другое.
Прачынацца разам зранку нават не столькі радасна (але і радасна таксама!), колькі натуралёва. Адэкватны канструктыўны дыялог, шчырасьць, нават чысьціня, гармонія. А да гэтага шмат было гісторый -- не даканца гарманічных, самых розных, месцамі вельмі дыскамфортных... Глыбокая і працяглая блізасьць з хлопцам здаралася ў маім жыцьці, але ж з трэшчынамі, з тужлівымі заблытанасьцямі. Альбо штось фрагмэнтарнае, хуткае, не-зразумела-для-чаго. Некаторы час я не ўрубалася, чаму ж я раз за разам безадказна закаханая: вельмі захапляльныя разборы маёй псыхікі з разумным псыхааналітыкам, яснабачцы, расстаноўкі Хэлінгера...
І вось што яшчэ цікава: здаецца, да канструктыўных адносінаў сапраўды трэба сасьпець?.. У раннія гады ты, відаць, жывеш яшчэ нейкім салодкім вобразам-чаканьнем, ня ведаючы напраўдзе, дзеля чаго гэты супрацьлеглы пол увогуле патрэбны. Узгадваю, як у 15 я затусіла з 25 гадовым чуваком. Цэлую ноч мы сядзелі на бальконе: дарослыя пацалункі, а яшчэ ён увесь час дакранаўся да маіх грудзей. Цнатлівая, вядома, я яму не аддалася і нават не даверылася. Па сутнасьці, я ўсю ноч ад яго зьбягала і супраціўлялася, седзячы пры гэтым побач і дазваляючы да сябе дакранацца. Гэта была такая рамантычная, вельмі ўражвальная прыгода -- і не памятаю аніякага рэальнага кайфу ад дотыкаў і пацалункаў. Я чакала, што ён патэлефануе на наступны дзень - не патэлефанаваў. Я чакала… Чакала таму, што марыць пра хлопца - гэта так соладка, рамантычна, прыгожа, таемна. А я яму было 25, а ён граў на кантрабасе ў гурце, які стане праз 3 гады стане для мяне культавым.
Багата, багата назьбіралася розных гісторыяў! Але ў іх заўжды не хапала нечага істотнага, каб было дарэшты, каб аддана прарастаць у чалавека… Памятаю, як мы хадзілі з Сашам за рукі, спалі ў абдымку, так шмат сьмяяліся, любілі адну і тую ж музыку і ператэлефаноўваліся штовечар, але пры гэтым нават не цалаваліся (Таму што я была яшчэ цнатлівая? Альбо таму што не мой тыпаж? Альбо… Не дазволіла сабе закахацца, пабаялася не дарасла. Вельмі цікавае “ня ведаю”!)
Лёша падараваў вельмі прыемнае адчуваньне нутранай інтэграванасьці і ўсьвядомленасьці, калі ты цьвёрда адчуваеш, як правільна. Унутры прамаляваліся выразныя прынцыпы. Мне прыемна тэлефанаваць іншым хлопчыкам, і радасна шпацыраваць на вуліцы, гутарыць зь імі, але ж -- адное чыстае сяброўства. Лёшанька -- мой дом, каханьне і ісьці буду толькі побач зь ім.
Кахаць і быць каханым - гэта так проста. І ўсё ж гэта як таленавіты твор: у ім быццам бы ўсё і проста, але ж нешта мусіць так супасьці, утварыць такі танец, каб - гарманічна, каб -- нічога лішняга.
about myself,
радасьць,
вясна!,
cпазнаньне,
людзі,
тантра