Смачна есці (Бізнес на кухні)
Маркоўныя кексы, труфелі з каньяком, пірагі з тварожным сырам, чарамшой і журавінамі. 34mag завітаў да кулінара Алены Біруковай, якая пастаўляе выпечку ўласнага прыгатавання адразу ў некалькі менскіх кавярняў.
«Я ж з вышэйшай адукацыяй…»
Сёння будзем гатаваць труфелі з цёмнага шакаладу і кіш з тварожным сырам, чарамшой, зелянінай і журавінамі. Мне днём усё гэта трэба аднесці ў Newton на продаж», -распавядае Алена Бірукова, прыгожая мініяцюрная дзяўчына, якая гатуе дома выпечку для некалькіх менскіх кавярняў. Мы ў невялікай светлай кватэры побач з кінатэатрам «Ракета». Тут у тыповай кухні на 7 квадратных метраў працуе Алена.
Ніякіх мудрагелістых дэвайсаў на кухні няма: беларуская пліта, лядоўня і ўсякае дробнае начынне. Гасцінная Алена адразу прымаецца адпойваць нас зялёнай гарбаткай і адкормліваць грушамі ды яблыкамі, якія спачатку асцярожна разразае, палівае цытрынавым сокам і пасыпае карыцай. Цесту для кіша трэба пэўны час, каб настаяцца, і мы пачынаем кранальную паўтарагадзінную размову пра самае галоўнае ў жыцці - ежу і самарэалізацыю.
Алёне 25 гадоў, і апошнія паўгода яна зарабляе гатаваннем на хаце. Цяпер супрацоўнічае з некалькімі менскімі кавярнямі (сярод іх «Лондан» і Newton Art Buffet), таксама пячэ кейкі на замову да ўсялякіх святаў, а з нядаўняга часу будзе адказваць за выпечку ў новай кавярні «Зерно». Менавіта там Алена нядаўна праводзіла кулінарныя майстар-класы для дзяцей і плануе рабіць тое самае для дарослых. Мяркуючы па колькасці ўсмешак і святла, якія яна генеруе за хвіліну, сябе ў гэтым жыцці дзяўчына знайшла. Хаця шукаць прыйшлося доўга.
«Я скончыла юрфак БДУ. Потым працавала ў Нацыянальнай кніжнай палаце, трохі займалася фуд-фатаграфіяй, была памочнікам прадзюсара ў рэкламнай канторы, - успамінае Алена. - Летась восенню вырашыла, што хачу займацца кулінарыяй. Спачатку здавалася, што ўсё гэта несур’ёзна - печ нейкія булкі, пірагі. Я ж з вышэйшай адукацыяй, трэба пытанні вырашаць ці нешта арганізоўваць...»
Час дзейнічаць
Адмысловых гастранамічных курсаў Алена не сканчала. Галоўнымі яе натхняльнікамі і настаўнікамі былі сайты і блогі, якія даказваюць, што печыва - гэта не толькі піражкі і чабурэкі: «Я вельмі любіла пагартаць кулінарныя сайты ў нэце. Але сама баялася нешта гатаваць.Часам мяне спынялі рэдкія інгрэдыенты, часам не атрымоўвалася нешта з першага разу, і я кідала гэтую справу. Потым сяброўка сказала: хопіць глядзець - час дзейнічаць».
Першы раз на продаж яна выпекла маркоўныя кексы для Frisbee Summer Party, далей сама дамовілася з «Лонданам» і Newton. Паступова пачала нешта гатаваць на замову. «Неяк гатавала для 80-гадовай бабулі на юбілей вялікі торт на 3 кг, - правяраючы цеста, распавядае Алена. - Гэта было хвалююча, але вельмі клёва. Што мне падабаецца ў выпечцы - гэта вельмі хуткая рэакцыя. Ты згатаваў, чалавек з’еў і яму адразу смачна і добра».
Прыгатаваць якаснае печыва даволі дорага, таму першы час Алена амаль нічога не зарабляла. Але потым «прапампавала скіл», знайшла прадукты аптымальнага кошту і якасці, і справа рушыла ў прыбытковы бок.
Пакуль ячшэ даводзіцца самой адносіць труфелі ды кексы ў месцы продажу, але хадзіць пешшу Алене нават падабаецца. Наогул, яе расказы пра ежу не саступаюць у напружанні і пафасе аповедам рэжысёраў ці мастакоў. «Імкнуся ўвесь час эксперыментаваць, паляпшаць рэцэпты, - распавядае дзяўчына.
- Ведаю, што і як можна змяніць, якія нечаканыя прадукты можна спалучаць. Магу зрабіць печыва са свежым размарынам, кедравымі арэшкамі і марской буйной соллю. Сушаныя журавіны я магу дадаць у салат, а магу зрабіць з імі кексы. Атрымліваецца файна».
Naive food
За апошнія гады Алена ела мяса некалькі разоў, ужо больш за 3 гады займаецца ёгай, харчуецца хітрымі салатамі, фруктамі ды іншай, як сама кажа, naive food. Нават печыва сабе гатуе зрэдку. Алена плануе стварыць уласны блог і патроху перавыхоўваць айчынных фанаў сасісак-макароны. Бо, як кажа яна, пры наяўнасці фантазіі можна знайсці шмат добрых прадуктаў на роднай зямельцы.
«Мёд купляю ў тыпова савецкай краме «Пчалярства»
на Маскоўскай, бабовыя і сачавіцу
бяру ў «сірыйскай» краме на Першамайскай.
Калі хочацца чагосьці асаблівага,
то прашу прывезці сяброў з Вільні або Стакгольму»
«Вельмі клёва купляць прадукты на Камароўцы, - дзеліцца яна досведам. - У бабуль або нават на крытым рынку. Там ёсць тое, чаго нідзе больш не знойдзеш: хатняя мацарэла, тым’ян, размарын, розныя траўкі. Мёд купляю ў тыпова савецкай краме «Пчалярства» на Маскоўскай, бабовыя і сачавіцу бяру ў «сірыйскай» краме на Першамайскай. Калі хочацца чагосьці асаблівага, то прашу прывезці сяброў з Вільні або Стакгольму. Я гатую натуральную ежу без усялякіх “Е”. У Беларусі на рынках такую пакуль можна знайсці».
Цеста настаялася, грушы з’едзеныя, і мы выносім стол у залу ды пачынаем фатаграфаваць працэс стварэння салёнага пірага з тварожным сырам і чарамшой. Алена распавядае, што гатаванне ежы для яе амаль як медытацыя - найлепшы спосаб пазбавіцца благіх думак і адчуць сябе добра. А гатаваць разам з кімсьці - на яе погляд, праява ўзаемаразумення і любові. Слухаючы такія натхнёныя прамовы, неяк вельмі хочацца верыць, што хутка ўсе мы будзем шмат усміхацца, есці здаровую ежу і займацца любімай справай.
«У Беларусі куча варыянтаў патэнцыйнага бізнесу, - лічыць Алена. - І самае файнае, што тут шмат дзе яшчэ можна быць першым. Не абавязкова мець кучу грошай: калі ты будзеш развіваць сваю тэму і рабіць гэта добра, знойдуцца людзі, якія захочуць укласці ў цябе грошы ці проста падтрымаць. Галоўнае - працаваць з любоўю і рухацца наперад».
Смачна есці! 25-гадовая Алена Бірукова распачала свой бізнес літаральна на ўласнай кухні.