Nov 23, 2011 23:39
Заўтра еду ў Мінск на абвяшчэнне прысуда Алесю Бяляцкаму. Не хачу прагназаваць колькі яму дадуць. Негледзячы на увесь песімізм сітуацыі яшчэ жыве надзея, што заўтра ён выйдзе з судовай клеткі.
***
Памятаю ноч перад сваім прысудам. Доўга не мог заснуць. Уяўляў як будзе выглядаць заўтрашні дзень - прысуд, пасьля ў турму там збіраю свае рэчы і пераводзяць на "бастён" у "асуждёнку".
З адвакатам дамовіліся, што не буду пісаць каб мяне хучэй вязлі ў "зону". На "зоне" умовы утрымання лепшыя чым у турме і таму людзі ахвотна пішуць каб іх хучэй завезлі ў калонію. У маім выпадку гэта было б праявай слабасці ды і невінаваты не павінен прасіцца ў "зону".
Такія невясёлыя думкі. На карыдоры перамаўляюцца і гагочуць вертухаі. Начная змена. Малады мужчына на нашым паверсе і дзяўчына на 2 паверсе.Прыслухваюся... Але нічога зразумець не магу. Чую толькі, што ім весяла. Што ж у кожнага свой лёс.
Ноч цягнецца і здаецца ніколі не скончыцца. У душы раз по раз распальваецца надзея, маўляў можа заўтра ў гэты час я буду на волі... Але я яе з усіх сілаў адганяю.
З раніцы я быў ужо абсалютна спакойны і ішоў на прысуд з усмешкай. Калі выводзілі з камеры на першым паверсе некалькі ахознікаў і ахоўніц глядзяць на мяне з цікавасцю. Знаёмы "гульшчык" (супрацоўнік які выводзіць вязняў на прагулкі і з якім я трохі "паваяваў" за час прагулак) пытаецца:
- Ну што пойдзем сёння гуляць?
У пытанні вядомы падтэкст. Думаеш пасадзяць ці выпусцяць?
- Канешне пойдзем, як жаж без прагулкі - адказваю спакойна. Усе думкі, яны так і засталіся ў той, здавалася бясконцай начы перад прысудам. Я ішоў у суд падрыхтаваны пачуць "тры гады пазбаўлення волі".
***
Я і пачуў свае тры гады пазбаўлення волі. Праўда потым была рэмарка - выкарыстаць артыкул 88 прызначыць пакаранне з адтэрміноўкай на 2 гады. Гэта рэмарка была нечаканасцю.
Жадаю Алесю Бяляцкаму заўтра менавіта такога паварота падзей. А там за аднаго бітага двух не бітых даюць...
solidarity,
Арыштанцкія Байкі