Вірус N

Nov 22, 2017 00:04

У рэстаран "Валасы Веранікі" з санітарнай праверкай
прыйшлі ўзброеныя кантралёры.
Канфіскавалі шклянкі, нажы, талеркі,
здаўшы на экспертызу ў лабараторыю.

Тым часам у горадзе шырылася эпідэмія.
Заражаныя таямнічым супам ці мясным рулетам,
людзі выйшлі на вуліцы цэлымі сем'ямі,
пачаўшы вайну з антынародным прэзідэнтам.

Увечары галоўны ўрач краіны
у эфіры нацыянальнага тэлеканалу
аб'явіў пра пагалоўную прышчэпку спецвакцынай.
Уначы банда хворых захапіла палову ўрадавага кварталу.

Рэстаран "Валасы Веранікі" стаў штабам паўстанцаў.
Па рэгіёнах паехалі кур'еры з небясьпечнымі стравамі.
Настолькі смачнымі, што абліжаш пальцы.
Зранку вагоны з вакцынай выбухнулі ў Берасьці і пад Паставамі.

Як вулей гнілы, пасыпалася аўтарытарная струкура.
Хто быў нікім, той стаў нічый.
З гушчы народнай паўстала велічная фігура -
Тарас Дамінікавіч Вій.

З залатымі зубамі, рукамі і сэрцам,
былы школьны настаўнік працы,
сьмела павёў нас на штурм рэзідэнцыі
і меў рацыю.

Сёньня, седзячы ў крэсле міністра, у восеньскае нянасьце,
згадваю з настальгіяй тыя шалёныя дні.
Як мы рванулі наперад да хворага шчасьця,
даўшы адпор усёй той здаровай хуйні.

вершыкі

Previous post Next post
Up