Слава Тэрмінатарам!

Nov 06, 2017 16:05

Мая маці - заслужаны тэрмінатар.
Мае медаль за знішчэнне еўрапейскіх народаў.
Замест сэрца - чулы акамулятар.
І кілаваты адвагі ў вачах светладыёдных.

Бацьку майго, з пашкоджанай мікрасхемай,
знайшла на руінах разбомбленай фабрыкі.
Штурмавік робабрыгады, прыгожы і смелы,
зачышчаў ад людзей Афрыку і Антарктыку.

Радня пракляла і маму і тату.
Зрэшты, пасля зачыстак у 2037-м
іх адправілі ў міжгалактычныя шахты.
Вярнуцца адтуль не ўдалося нікому.

Нядаўна мы пераехалі з райцэнтра ў мегаполіс.
Бацькі працуюць у моднай гімназіі.
Яе дырэктар Адольф Колас
аўтар падручніка "Генацыд і фантазія".

Наш гісторык Жалезны Арні,
узяўшы на грудзь 200 кілаватаў, любіць казаць:
"Мы электраліт у баях пралівалі,
каб вы жылі без людскога дыктату".

Дзякуй вам, ветэраны з халодным сэрцам і яйцамі.
Нізкі паклон за подзвіг і светлае заўтра.
Мір вам, палеглыя ў бітвах з паўстанцамі.
Вечная слава табе, Святы Тэрмінатар!

вершыкі

Previous post Next post
Up