Апошні з прыматаў

Jul 09, 2017 14:03


Лаховіч - выпускнік Інстытута выміраньня.
Мае любоў з аднакурсьніцай Канстанцыяй,
у якой, згодна з дзяржаўным размеркаваньнем,
праз месяц - крэмацыя.

Як вядома са школьнай праграмы па біялогіі,
каханьне жыве ў арганізме тры гады.
З такою ведай немагчыма жыць без трывогі,
асабліва калі ты ніхто і малады.

Лаховіч шторанку выходзіць у цёмны пад'езд і штораз
атрымлівае ў нос ад таямнічага хера.
Ён не крычыць і не робіць удар у адказ,
бо выхоўваўся у ліберальнай атмасферы.

Ягоны бацька перад усімі сьцяліўся, нібы кілім.
Маці таксама жанчына лёгкага сэрца і паводзін.
Майстэрства быць нікім
здавён уласьцівае іхняй пародзе.

Лаховіч мае пяць базавых пачуцьцяў - простых, як цьвік.
Ёсьць і шостае, але таксама невысокай якасьці.
Эвалюцыя ягонага віда зайшла ў тупік
(такую графу нядаўна ўвялі ў пашпарце).

Сонца паціху аслабляе свае флюіды.
Мускулістыя персанажы пашыраюць свой арэал.
У пакоі Лаховіча вісіць шыльда:
"Жыцьцё - кал".

вершыкі

Previous post Next post
Up