Астральны канцэрт на лініі фронту

Jun 13, 2017 15:07

Сардэчна вітаем замежных гасьцей і прэсу!
Сёньня для вас выступае прыўкрасны
народны дуэт "Гланды Палесься"
і члены літклуба "Пальцы Пегаса".

Як вядома, не за гарамі атамная зіма.
Хоць за гэту дзяржаву не ўпісваўся толькі лянівы,
але зараз тут больш нікога няма,
акрамя клапоў і нас, аматарскіх калектываў.

Самі вядзем барацьбу, і ня першы год,
самі ствараем духапад'ёмную прадукцыю.
Калі да сталіцы наблізіўся фронт,
эліта сказала "пас" і пайшла ў прастытуцыю.

Нажаль, даехаць сюды не пасьпела,
затрымаўшыся недзе пад Бродамі,
цыркавая трупа імя Гастэла:
там ідуць зацяжныя баі з андроідамі.

Побач таксама лютуе вораг,
таму канцэрт праходзіць у бункеры.
Мяне зваць Адольф. Мне сорак.
Я - канферансье на гэтым таемным хутары.

Займайце месцы, мы пачынаем містэрыю.
Яе адкрые народны эпас "Сьмерць тэрмінатарам".
А ў фінале сілай вершаў паэтка Валерыя
выкліча дух прэзідэнта, забітага робашпіёнам Вальтэрам.

вершыкі

Previous post Next post
Up