Прадуктовыя бунты

Mar 20, 2017 20:50



"Чыстая праўда! Бачыў ля крамы "Крышталь",
як білі мужчыну два чабурэкі", -
казаў мне прыхільнік тэорыі змовы Віталь.
Некалі ён разумным быў чалавекам.

Паводле яго, планету чакае вось-вось
паўстаньне прадуктаў супраць людскога роду.
"А ўчора, - працягваў Віталь, - п'яны ласось
групе падлеткаў моцна расквасіў морды.

Я б і ня верыў, калі б па вяртаньні дахаты
ня ўбачыў ў на ўласныя вочы ў навінах,
што ў Брэсцкай крэпасьці казематы
захапіла армія ялавічыны і сьвініны.

Тым часам у сталіцы вялікая партыя маянэзу
атакавала фітнэс-цэнтры і веганскі штаб.
У Гродна ў царкву падчас сьвяточнай месы
уварвалася банда "Люля-Кебаб".

Самалёт прэзідэнта падбіты ля заводу шампанскіх він.
Межы заблакаваныя войскамі РФ і НАТА.
Народ застаўся з ворагам адзін на адзін.
Хоць праўда за намі, але дапамогі чакаць ня варта.

"Мама, калі ты чытаеш гэты ліст,
значыць я загінуў у бітве з атрадам фаршу.
Ведай, цяпер я ніякі не пацыфіст".
Вось мой кухонны нож! Гэта краіна - наша!

вершыкі

Previous post Next post
Up