December 31, 2018 ·
И не забудь про меня...
Andrej KhadanovichDecember 31, 2018 Сяду за стол цьвярозым,
стану пісаць лісты:
Санта зь Дзедам-Марозам,
Зюзя й Мікола Сьвяты!
Хай ні дачку, ні жонку
шчасьце не абміне -
прыйдзе знутры і звонку,
і крыху - ад мяне.
Дайце пісьменьніку сьвята
з кніжкаю і казой,
цыніку - вершы бяз мату
з радасьцю і сьлязой.
Тэлевізару - сорам,
хай гэту ноч адпачне.
Неба - калядным зорам.
...І чагось для мяне.
Хай усьміхнецца ўдача
ворагам і сябрам,
кожны - сьмяецца й плача,
храмаў хапае і крам.
Хлопца - кожнай дзяўчыне,
а не захоча - дык не,
незалежнасьць - краіне.
...І чагось для мяне.
Зюзя зь Дзедам-Марозам,
Санта зь Міколам Сьвятым!
Трохі сэрца і розуму
дайце гэтым і тым.
Хай ні далёкіх, ні блізкіх
больш не заб’юць на вайне.
...Ёлку ў сьвяточных блісках.
...І чагось для мяне.