Натарыят па-беларуску

Oct 24, 2011 14:08

Спатрэбілася мне даверанасць на кіраванне машынаю. Пайшла ў Першую Мінскую гарадскую дзяржаўную натарыяльную кантору, што на Чырвонай вуліцы. Папрасіла аформіць па-беларуску.
 І - дзве цёткі-юрысткі ў адзін голас заявілі: "НЕ!".
У адказ на пытанне "чаму?" я пачула наступную юрыдычную аргументацыю:
1) Вы же с этой доверенностью поедете за границу. Как можно по-белорусски!?
2) У нас два государственных языка, поэтому мы не обязаны.
3) Делопроизводство в Минске на белорусском языке не ведётся, идите в областную нотариальную контору на ул. Фрунзе. Туда деревенские обращаются, может, и вам помогут.
4) Я белорусским языком не владею.
5) Нам не нужен текст на белорусском (я прапанавала дапамогу ў перакладзе), потому что программа, которой нас обеспечило Министерство юстиции, не может его использовать
6) На документ по-белорусски нельзя поставить печать, потому что она по-русски.
7) Вы - единственная, кому нужно по-белорусски.

Вось такая юрыдычная кваліфікацыя і такое стаўленне да Беларусі, да беларусаў і мяне ў прыватнасці.
На мае контраргументы яны не рэагавали, звысака глядзелі на мяне як на расціснутага таракана.  І я пагадзілася на рускамоўную даверанасць, аплаціла квітанцыю.
А атрымаўшы дакумент - папрасіла кнігу скаргаў.

І тут раптам у імгненне вока, як у казцы, я з прыніжанай папялушкі ператварылася ў прынцэсу: перада мной пашыхтавалася ўся кантора. У прысутнасці загадчыцы мая цётка-натарыюс на чысцюткай беларускай мове  пачала апраўдвацца і напрамілы бог прасіла не пісаць скаргу. Яе ж могуць пазбавіць прэміі. З'явілася наступная версія падзеяў: яна нібыта прапанавала мне зрабіць даверанасць па-беларуску, але без ламінавання, а я нібыта адмовілася.  Яўная хлусня мяне пераканала, што скаргу пісаць трэба. Усёй канторай мяне спрабавалі накіраваць у Мінюст, маўляў яны не вінаватыя, а толькі выконваюць загад. Загадчыца дадала, што нават у Вячоркі не было прэтэнзій да іхнай канторы, а ў мяне ёсць. (Ага, значыць, усё ж такі я не адзіная, каму патрэбна па-беларуску!)

Але ў мяне быў жалезны аргумент: я не парушала закон, а яны - юрысты - гэта ведаюць і свядома парушаюць мае канстытуцыйныя правы на карыстанне дзяржаўнай мовай.
Напісаўшы скаргу, я зноў адчула сябе чалавекам, хаця і з рускамоўным дакументам.

Хэпі-энд.
Увечары таго ж дня а 21:06 мне нечакана пазванілі з натарыяльнай канторы і паведамілі, што мая даверанасць  па-беларуску гатовая і нават заламінаваная, я магу забраць яе ў любы зручны для мяне час.

Previous post
Up