Якуб Колас і Ніколь Кідман

Oct 22, 2008 21:44

Кожны з нас мае пэўнае кола знаёмых. Аднак і гэтыя знаёмыя таксама маюць знаёмых, а знаёмыя знаёмых - сваіх знаёмых, большая частка якіх з вамі ўжо незнаёмая.
Адзін мой шаноўны фрэнд пазначыў, што праз аднаго знаёмага ён знаёмы ледзь ня з усім беларускім і расейскім “істэблешмэнтам”, а праз дваіх-траіх - ледзь ня з цэлым Сьветам!
Пакіну пакуль што “знаёмых знаёмых”, гаворка зараз будзе толькі пра тых, з кім я “знаёмы праз адну руку”. А такіх, аказваецца, нямала - дзякуючы некаторым асабістым знаёмствам.
Напрыклад, цэлых два разы я меў гонар сустракаўся з прафэсарам Томасам Венцлавай. Такім чынам, дзякуючы яму, я магу лічыць сябе ў адным кроку ня толькі ад Ёсіпа Бродскага, Яўгенія Рэйна і інш. знакамітых паэтаў, але і ад шмат якіх прадстаўнікоў навуковай і культурнай грамадскаці ЗША і Эўропы! А маючы неаднаразовы кантакт з Дэніэлам Крэйгам і некаторымі іншымі акторамі і рэжысэрамі, я магу лічыць сябе знаёмым (праз аднаго) з усім Галівудам (як з зоркамі, так і з шэраговымі супрацоўнікамі). Праз маіх знаёмых З. Пазьняка і С. Шушкевіча я “знаёмы” з вялікай колькасьцю сусветных палітыкаў вялікага, сярэдняга і нават самага вялікага масштаба. Прыняўшы аднойчы ўдзел у паседжаньні літоўскага Сойму (быў і такі цікавы факт у біяграфіі) я, такім чынам, магу лічыцца “знаёмым” (галоўным чынам, канешне, “праз аднаго”) з усімі соймаўцамі, міністрамі і прэзідэнтамі Літвы.
А яшчэ я быў добра знаёмы з Аляксеем Анішчыкам, нядаўна сышоўшым ад нас найстарэйшім пісьменьнікам Беларусі. Ён пачаў пісаць і друкавацца яшчэ да Другой Сусьветнай. Праз яго я “знаёмы” з М. Танкам і Зм. Бядуляй, Р. Шырмай і Я. Драздовічам, яшчэ жывым Барысом Кітом і нават... з такімі, здаецца, далёкімі ад нас Я. Купалай і Я. Коласам!
Вось чаму мой пост і называецца так дзіўна. Здаецца, што агульнага паміж Н. Кідман і Я. Коласам? А тое, што з абодвума я “знаёмы праз адну руку”!
Мой сябар Сяржук Вітушка расказваў, як віленская пісьменніца Зоська Верас разпавядала яму, седзячы на кухні, пра М. Багдановіча: “Вось тут ён сядзеў, таксама, як ты цяпер сядзіш! Вось толькі Максім тады быў за цябе маладзейшы...” Ну, гэта ўжо пра Вітушку, не пра мяне - я, нажаль, Зоську Верас ужо не застаў...
Previous post Next post
Up