Лепшыя вершы да дня Святога Валянціна

Feb 13, 2015 17:49

Купіць квіткі на БДСМ-драму можа кожны, а вось прысвяціць уласны верш сваёй закаханай - толькі па-сапраўднаму арыгінальны і таленавіты чалавек. Вось вам мая падборка лепшых беларускіх вершаў пра каханне. Натхняйцеся перад святам:

1) Пятрусь Броўка “Першая запіска”

Усё да сэрца браў я блізка.
Нішто не пакідала след,
Як тая першая запіска,
Што сэрца ўзрушыла нашчэнт.
А я чакаў яе без меры,
Яна ж марудна так ішла -
На дробным ласкутку паперы,
3 няроўных літараў была
Ад той юначае, дзявочай,
Яшчэ нясмелае рукі,-
і ў соты раз чыталі вочы
У дзень жаданыя радкі.
Я ў кніжках пісьмы закаханых
Чытаў у шмат разоў даўжэй,
Ды я быў цвёрда пракананы -
Яе запіска ўсіх складней.
Быў я пісульцы падуладны,
Але ніхто ў сяле не знаў
Як я хаваў яе ашчадна
і колькі раз пацалаваў.
Я да кахання ў час юначы
Пайшоў у першую расу -
За кожнай літараю бачыў
Сваю бялявую красу.
і быў калісьці я ў адчаі...
Што зробіш, вечнага няма -
Згубілася пісулька тая,
А потым знікла і сама.
Усё ў жыцці мінае, зменна -
Прайшло. Мінула. Адплыло...
Але й дасюль яшчэ прыемна,
Што гэта некалі было.



2) Генадзь Бураўкін “Яшчэ не вечар, мілая…”
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Наперадзе ў нас тысяча сустрэч.
І будзе бэзам новы май расквечаны.
І салаўі аглушаць насамрэч.
І ўзыйдуць зоркі раньнія над вязамі.
І ты даверыш
Сон майму плячу,
І тыя словы, што яшчэ ня сказаны,
Табе я нечакана прашапчу.
І засьмяецца маладзік у фортцы.
І вернецца блакітны вецер наш...
А калі раптам нешта не паўторыцца,
То літасьціва тое не заўваж.
І не бяда,
Што бэз цвіце ня вечна
І лісьце асыпае вяз ня раз...
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Вясна яшчэ не разлучыла нас...



3) Змітрок Бядуля “Дазволь”

Дазволь цябе любіць, як кветачку на полі,
Як явар малады, што над ракой стаіць,
Як залатую птушку, што жыве на волі,
Дазволь цябе любіць.
Дазволь цябе любіць за песню, што я чую,
За срэбны гучны смех, што чыстатой звініць,
За вочы ясныя, за душу маладую
Дазволь цябе любіць.
Дазволь цябе любіць за светлыя часіны,
Якія ты даеш мне ў шчасці перажыць,
За шчырае натхненне, мілая дзяўчына,
Дазволь цябе любіць.



4) Уладзімір Караткевіч “Ты і я”
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, -
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?



5) Наталля Галавач  “Старэчая любоў”

“Старэчая любоў”… Нашто такія словы?!
Пакуль кахаеш ты, гадзін не лічыць лёс!
Калі дзеля любві на подзвігі гатовы,
Хай не гняце цябе сапраўдны твой узрост!
“Старэчая любоў?”… Мо, спелае каханне?
Не варта ўспамінаць, якім ты быў раней!
Няхай ужо цішэй пачуццяў шугаванне,
Але святло любві - жаданей і мілей!
“Старэчая любоў” - не толькі пацалункі,
Але і тое, што ... так дапаўняе іх:
Усмешак цеплыня, паднесеныя сумкі
Ды шчэ "паходы" ў парк увечар удваіх…
“Старэчая любоў”… Сімфонія абдымкаў…
З пяшчотай у вачах, слязінкай на шчацэ…
Ці ведае юнак з даўнішніх фотаздымкаў,
Што шчасце - калі ёсць рука ў тваёй руцэ…
“Старэчая любоў" - не горшая на свеце!
Калі б жыцця яшчэ - абраў такую б зноў!
Не здолець маладым у іх спякотным леце
Спазнаць салодкі смак асенніх маразоў!



6) Навум Гальпяровіч “Апошняе каханне, бы восеньскі туман...”

Апошняе каханне, бы восеньскі туман -
Здаецца, прыйдзе дзень, і вось яно растане...
Апошняе каханне - спакуслівы падман
Перад сівой зімою, перад глухім расстаннем.
Апошняе каханне - салодкае, як мёд,
Пяшчотнае, як свет, спакуснае да згубы,
Балючае, як рана, танюткае, бы лёд,
І горкае да слёз, як ціхі выгук “любы”.
Апошняе каханне - апошняя віна,
Апошняе віно, апошняя надзея.
Апошняе каханне - апошняе для нас,
Калі світальны золак на небе заірдзее.



7) Ніна Мацяш “Безь цябе…”
А мне ўсё лепей безь цябе.
Працую - не гарую.
Спакойна сіле не слабець -
Магу зьвярнуць гару я.
Бясплённа дзень не праміне,
На мары не патрачу.
Сьмяюся, калі сьмешна мне,
А плачацца - ня плачу.
Так, мне ўсё лепей безь цябе.
Жніво пасьпела ў часе.
Ні тлуму, ні трывог цяпер.
...І ні хвіліны шчасьця



8) Рыгор Крушына “Калі кахаеш”
Калi кахаеш, -
Ты пазнаеш
I хараство,
I сьмелы ўзьлёт.
I можна верыць,
Што i перац
Салодкiм станецца,
Як мёд.
А дзе распуста -
Брудна, пуста.
I там Эрот,
Як блудны сын.
Нi хараства,
Нi сноў,
Нi ўзьлёту.
I мёд -
Як чэмер,
Як палын



9) Антон Янкоўскі  “Кахаю”
Кахаю
Пяшчотна, аддана,
Бы птушка ў нябёсах, лятаю,
Сусвету сябе адкрываю
І ў слых вымаўляю:
Кахаю!
Сумую,
Ды сум акрыляе,
Усмешку ўнутры нараджае,
Якая на вершы натхняе,
І рыфму складаю:
Кахаю.
Дарую,
Бо часам бывае
Адлегласць пачуцці з’ядае,
Злавацца цябе прымушае,
Тады паўтараю:
Кахаю.
Чакаю
І днямі й начамі
Сустрэчу, якая збліжае,
Паловы - у жарсці яднае,
І рэхам спяваю:
Кахаю…
Кахаю…
Кахаю…



10) Славамір Адамовіч  “Не маю права памыліцца”
У рэшце-рэшт сказаць мне варта,
Што ты прыгожа і істотна.
Жыццё бяжыць, бяжыць упарта,
А без цябе мне так сумотна.
Крыніца ў гае, лямант птушак,
Зіхцелась поле ў цёмным ранку,
Нібы прыроды цудной стужка,
А ў гэтай стужке прамень маланкі.
Усё прыгожа ў гэтым свеце,
У прыроде ўсё рацею мае.
Ласкава баяет мяне вецер,
І соненько на небе грае.
У душе хай будзе навальніца,
Таму што я цябе кахаю.
Не маю права памыліцца,
Цябе таго же я параю.



каханне, вершы, Беларусь, мова

Previous post Next post
Up