Урокі дыпляматыі

Feb 07, 2015 20:30

Сёння з аднадумцамі абмяркоўвалі чарговую ініцыятыву эўрапейскай дыпляматыі па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Нашыя меркаванні разыйшліся. Ці варта было Мэркель і Алянду ехаць да вар'ята, які жыве на адзін паверх вышэй за Бога? Мы не ведаем усіх падрябязнасцяў, але, на маю думку, з упэўненасцю можна сказаць, што было не варта. Па-першае, у прапановах эўрапейскіх лідараў наўрад ці будзе нешта рэвалюцыйнае і, адпаведна, патынцыйнае маскоўскае пагадненне нічым не будзе адрознівацца ад менскіх дамоўленасцяў. То бок мы пабачым яшчэ адзін эфемерны мір, бессэнсоўны і бязлітасны. Па-другое, пажаданая Пуціным палестынізацыя Украіны (шырокая аўтаномія мяцежнікам) і гарантыі яе пазаблёкавага статусу апрыёры не задаволяць афіцыйны Кіёў і, як следства, не паспрыяюць дээскалацыі канфлікту. Акрамя таго, ці ёсць у сучаснай гісторыі прэцэдэнты, калі краіна пагаджалася на федэралізацыю падчас вайны? Па-трэцяе, увядзенне міратворцаў у Данбас выклікае яшчэ больш пытанняў. Адкуль будуць гэтыя міратворцы (ААН пакуль маўчыць)? Ці будуць яны кантраляваць мяжу паміж Украінай і Расеяй? Дзе будзе знаходзіцца лінія разьмежавання? На гэтыя цяжкія пытанні няма простых адказаў.




У рэшце рэшт, лёгіка вядзення перамоваў з галоўным вінаватым у канфліце вызывае вялікі сумнеў. Ці усведамляюць спадары дыпляматы, што гандляваць сваімі ідэяламі (а ў дадатак яшчэ і містралямі), каб не раззлаваць Крэмль, прыблізна тое самае, што і не публікаваць карыкатуры, каб не раззлаваць мусульман? Хай яшчэ прапануюць дзяўчынам Нямеччыны і Францыі не нараджацца прыгожымі, каб не правакаваць гвалтаўнікоў. А можа хай забароняць сваім грамадзянам пакупаць машыны, бо гэтым самым яны правакуюць згоншчыкаў. З такой лёгікай мы дакацімся да таго, што формула “жывеш і гэтым самым правакуеш забойцу” будзе ўспрымацца на поўным сур'ёзе. Дык што тады зрабіць, каб спыніць кровапраліцце? Мадэль паводзін пры такіх абставінах ужо даўно вядома і не мае патрэбы ў чарговым напамінку. Не трэба дапускаць афіцыйнае ўмяшальніцтва ў вайну з Расеяй. Трэбы размаўляць з людзьмі НА АДНОЙ МОВЕ. Тым больш, калі гэтыя людзі сваімі дзеяннямі нагадваюць раённых гопнікаў. Гопнік не зразумее ветлівай просьбы перастаць сцаць ў пад'ездзе. Гопнік зразумее, калі яму прыгрозяць кулаком. Падкрысліваю яшчэ раз - ПРЫГРОЗЯЦЬ КУЛАКОМ, А НЕ ПАБ'ЮЦЬ. Калі Мэркэль (на Алянда ў меня надзеі няма) не паказала Пуціну нямецкі кулак, то сустрэчу ў Маскве чакае лёс Ялты, а зусім не Дэйтана (сымбалічна, што на днях у Ялце ўсталявалі помнік з Сталінам).

З іншага боку, я магу і памыляцца ў безперспектыўнасці максоўскай сустрэчы. Яе правал можа апынуцца лёсавызначальным этапам для будучай кансалідацыі Захаду ў пытанні далейшага ціску на расейскі рэжым. Пасля паездкі Алянда і Мэркель прыхільнікам адмовы ад новых санкцый супраць Пуціна будзе проста няма чым крыць. Таму зараз просто пачакаем вынікаў. Відавочна адно: прыбыццё заходніх дыпляматаў у Маскву - гэта спроба санітараў уціхамірыць буянага пацыента. Спадзяюся, што для гэтай мэты ў іх знайшоўся сульфазін…

политика, Россия, Мэркель, палітыка, Украiна, Расея, Олланд, Украина, Алянд, Меркель

Previous post Next post
Up