Усё калі-небудзь пачынаецца. Бесклапотныя пацаны, яшчэ ўчора ўпершыню паспрабаваўшы на смак усе любаты дарослага жыцця, растуць, заводзяць сем`і, становяцца сапраўднымі мужыкамі. Вось і гэтым летам наш, парадзелы з гадамі, халасцяцкі клюб паменьшыўся ў сваіх колькасных суадносінах. На шчасце, у нашай кампаніі адзінокіх сэрцаў становіцца ўсё меньш і меньш. Значыць, сілы дабра яшчэ на нашым баку. Своеасаблівым пралогам ніжэйнапісаннаму міні-нарысу могуць служыць словы Альбера Камю : “ Усяго толькі адно вялікае каханне за ўсё жыццё апраўдвае беспадстаўныя прыступы адчаю, якім мы схільныя ”.
Гледзячы на нованароджаную сям'ю, ты міжволі разумееш, што беларускі арганізм яшчэ жывы. Прыгожыя, адукаваныя, сучасныя, крэатыўныя і па-сапраўдныму добрыя й спагадныя людзі. Менавіта на такіх сем`ях і будзе будавацца новая Беларусь. Менавіта такія маладыя сем`і выклікаюць у мяне надзею, што нашу краіну абавязкова чакая шчаслівая будучыня.
Заручальны пярсцёнак - старадаўні і шматзначны сымбаль. Па-першае, гэта сымбаль вернасці: пярсцёнак сведчыць аб тым, што сэрца чалавека належыць мужу ці жонцы. Па-другое, пярсцёнак круглы, то бок не мае ні пачатку, ні канца і, значыць, сымбалізуе вечнасць. І нарэшце, заручальны пярсцёнак з золата, а золата- чысты й прыгожы метал, да якога не прыстае бруд. Паважаныя сябры, няхай вашае каханне будзе верным, сумленным і вечным, а ўсе нягоды хай абыходзяць вас бокам. Я шчыра шчаслівы за вас!
p.s. Прашу прабачэння ў чытачоў за, быць можа, залішнюю ванільнасць, але сапраўднае каханне (як і сяброўства) - гэта заўжды гатоўнасць пайсці на невялічкі кампраміс. All you need is love!