Жыровічы

Jun 29, 2011 00:00

Жыровіцкі манастыр

Жыровичы - колішняе мястэчка, цяпер вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, каля ракі Шчара. Адміністрацыйны цэнтр Жыровіцкага сельсавету. Насельніцтва 2570 чал. (2005).
Знаходзяцца за 10 км на поўдзень ад Слоніму, за 138 км ад Гродна.

1493-1495: першыя згадкі пра Жыровічы; уладанне падскарбія Вялікага Княства Літоўскага А. Солтана, які збудаваў царкву на месцы, дзе паводле легенды, у 1470 з'явіўся абраз Багародзіцы; каля царквы пачало фармавацца паселішча.
1565: у Жыровічах пачалі праводзіцца кірмашы.
1587: першы ўспамін пра Жыровіцкі манастыр базылянаў.
XVII ст.: буйны гандлёвы цэнтар, карысталіся ўласным гербам «у блакітным полі выява двух мужчынскіх постацяў - правая стаіць на каленях, левая трымае ў працягнутых руках кнігу» .
1610-я: у валоданні Льва Сапегі, затым І. Мялешкі.
1624: мястэчка Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва.
1652: атрымалі Магдэбурскае права.
1655: у часы Крывавага патопу казакі спалілі мястэчка і манастыр.
1795: у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.
1810-1828: у Жыровічах знаходзілася рэзідэнцыя берасцейскага вуніяцкага біскупа.
1828-1839: цэнтр Літоўскай вуніяцкай епархіі.
1840-1845: цэнтр праваслаўнай Літоўскай епархіі.
1921: згодна з Рыскай мірнай дамовай апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, цэнтар гміны Наваградзкага ваяводзтва.
1939: у БССР.
1940: цэнтр сельсавету.





Свята-Успенскі сабор - Пабудаваны як галоўны храм манастыра базыльян у 1629-71 гг. намаганнямі ігумена Пятра Мімонскага.
Помнік архітэктуры стыляў барока і класіцызм. Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (даўжыня больш за 55 м, вышыня каля 40 м) з паўкруглай апсідай ступеньчатага контуру. 3 паўночнага і паўднёвага бакоў да сабора прымыкаюць цэрквы Пакрова Прасвятой Маці Божай і Раства Іаана Прадцечы. Спачатку сабор пабудаваны ў стылі барока. На галоўным фасадзе былі вуглавыя вежы. Пасля рэканструкцыі 1828 г. архітэктура сабора набыла рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма стветлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр.
Інтэр'ер сабора захаваў барочны характар  Цэнтральны авальны купал пры дапамозе ветразяў падтрымліваюць масіўныя слупы крыжовага сячэння. Прастора трансепта павялічана кесаніраваным купалам паўночнага крыла і скляпеннем  на ветразях паўднёвага,  Нефы аддзелены высокімі аркадамі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках Падлога выкладзена мармуровымі плітамі (1300 штук). У паўночна- заходняй частцы храма на манументальнай 3-пралётнай аркадзе размешчаны шырокія хоры, парапет якіх дэкарыраваны дарычным фрызам, Пад апсідай размешчана скляпеністая крыпта з крыніцай.
Галоўны дэкаратыўны элемент інтэр'ера - 3-ярусны драўляны іканастас 17 ст., канструкцыйную аснову якога складаюць паярусныя каланады карынфскага ордэра з крапаванымі антаблементамі і фігурнымі франтонамі. Барочнае дэкаратыўнае афармленне іканастаса ўключае гарэльсфныя залачоныя выявы галовак херувімаў, разныя ракавіны, гірлянды, вінаградную лазу і лісце аканту. Багаццем арнаментальна-разной трактоўкі вылучаюцца залачоныя царскія вароты - сведчанне высокага ўмельства майстроў-рэзчыкаў па дрэве. На кляйме царскіх варот абраз «З'яўленне Жыровіцкага абраза на грушы пастухам». на 2-м ярусе іканастаса карціна «Іосіф Вільямін Руцкі і Іасафат Кунцэвіч». У бакавых нефах 2 другарадных іканастаса меншых памераў, выка-наныя ў 2-й палавіне 19 ст. Іх кампазіцыя пабудавана на аснове карынфскага ордэра з абмежаваннем дэкаратыўнай арнаментыкі.  2-ярусны драўляны ківот з абразамі «Уваскрэсенне» (2-я палавіна 18 ст.) і «Успенне» (пачатак 20 ст.).
Скляпенні і сцены пакрыты алейнай сюжэтнай і арнаментальна-дэкаратыўнай размалёўкай, упрыгожаны ляпным стукавым дэкорам раслінна-геаметрычнага арнаменту; падпружныя аркі - фрэскавымі філёнгамі у стылі ракако. Найбольш ранні жывапіс 18 ст. знаходзіцца ў купале («Тройца новазапаветная» з анёламі), на ветразях (выявы евангелістаў з сімваламі) і ў консе апсіды («Спас Пантакратар»). На заходняй сцяне маляўнічая кампазіцыя «Страшнага суда». На падоўжных сценах і 4-гранных слупах - выявы ў поўны рост свяціцелей, апосталаў, прарокаў з атрыбутамі і сімваламі Алейная размалёўка інтэр'ера выканана ў пачатку 20 ст., яна закрывае больш старажытны жывапіс.












фатаграфаваць у праваслаўных не прынята, таму здымкаў мала..., вось некалькі с тэрыторыі манастыра












отчет, монастырь, Беларусь, церковь, путешествие

Previous post Next post
Up