Стабільнасць у пустыні?
За апошні час мне ўсё часцей успрымаецца сітуацыя з намі, нашым народам, як сітуацыя з народам Ізраіля ў пустыні.
Нікога больш не здзіўляе тое, што адбываецца з намі ў апошнія гады. Калі ўсе напружана чакаюць павышэння коштаў, хуткага падзення рубля і г.д.
Але прычына гэтаму паўстала не зараз, а раней.
А менавіта, як гэта нядзіўна, з савецкага часу. Для мяне савецкі час - гэта перыяд так званай “егіпецкай няволі”. Вядома, што нават працягласць савецкага “палону” 70 год супадае з часам іншых палонаў (напрыклад, Вавілонскага, які цягнуўся таксама роўна 70 год).
Вяртаючыся да егіпецкага палона, то ён быў вельмі цяжкім для ізраільскага народа. Пакуты, цяжкая праца. Любое імкненне ізраільцян да вызвалення прыводзіла да яшчэ большых пакут. Аднак толькі моц Божая, вернасць ёй народа, вывела цудам Ізраіль з егіпецкай зямлі...
Вывела з палону, цяжару, беднасці, пакут... Але на шляху да абяцанай зямлі, вывела іх нікуды ў іншае месца, як спачатку ў пустыню... На шляху да абяцанай зямлі паўстаў перыяд выпрабавання.
Для нашай краіны такім перыядам сталіся 1990-я гады? Запытайцеся ў людзей пра гэты час. Мала хто скажа нешта добрае пра яго. А тым не менш, гэта быў перыяд надзеі, новага шляху, які неабходна было пераадолець. Ці лёгкі гэты час? Не. Ці можна абыйсціся без яго? Таксама, не.
У ізраільскага народа ў пустыні пастаянна былі нараканні. Вось, што напісана ў Бібліі: “І казалі Маісею: “Таму ты прывёў нас ў пустыню, каб мы паўміралі”, “Пакінь нас, каб мы служылі егіпцянам? Бо значна лепей было служыць ім, чым прападаць у пустыні” (Кніга выхаду, 14 глава, 11-12 верш).
Асабліва цяжкімі для народа з’яўлялася пачуццё голаду. Узгадвалі насычанасць, якае была раней, няхай і ў няволі. Пра гэта сведчаць наступныя словы: “Лепш бы мы паўміралі... ў зямлі Егіпецкай, калі бы сядзелі пры гаршках з мясам і калі елі хлеб уволю”, “Навошта ты вывеў нас ў гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасць?” (Кніга выхаду, 15 глава, 3 верш).
Прыкладна такія самыя ўспаміны нашага грамадства, беларускага народа, пра тыя цяжкія часы. Аднак 90-я гады былі часам надзеі, часам выхаду да свабоды. Свабоды не толькі палітычнай, але і ўсеагульнай, чалавечай. У час “пустыні” трэба было вучыцца жыць “кожным” днём. Не загадваць наперад. Так жа і ў ізраільскага народа. Калі ім не хапала ежы, яна з’яўлялася ў выглядзе манны нябеснай, але толькі на кожны дзень. Людзі не маглі яе назбіраць на запас. Бо спадзявацца трэба было вучыцца ў Госпада, які вывеў людзей, а не на сябе саміх. Пустыню трэба было перайсці...
Аднак наш народ не змог годна выканаць гэта падарожжа (або пакуль не змог). На шляху, калі трэба было ісці наперад, мы збочылі, а лепш сказаць засталіся пасярод пустыні і пачалі будаваць сабе свой дом тут, на паўшляху. Нас скіравалі застацца абяцаннем лёгкай заможнасці, без пакутаў і цяжкасцей. Нам сталі больш важнымі не інтарэсы праўды, свабоды, годнасці, але інтарэсы сытасці, заможнасці і так званай стабільнасці. Больш за гэта нам перастала быць патрэбна. І нам ужо не да той зямлі, якая магла бы ў нас быць.
Застаўшыся ў пустыні, мы забылі тую мэту, да якой ішлі. І наіўна мяркуем, што без шляху наперад, зможам жыць заможна. Маісей вадзіў людзей па пустыні 40 гадоў, пакуль не змянілася пакаленне людзей, якія наракалі на Госпада. У нас прайшло толькі 25 год.
І вось іронія лёсу. Калі мы пачалі забывацца на савецкія “прелести” палону, а менавіта цяжкая праца, беднасць, забароны, прыбіранне неўгодных людзей, ідэалагічныя нормы... Гэта ўсё нам вярнулася наноў.
А іначай і не можа быць. Якая стабільнасць можа быць у пустыні? Калі мы выйшлі з палону, гэта не азначае, што мы пазбавіліся рабства.
У працяг тэмы хочацца дадаць некалькі слоў.
Для ізраільскага народа, менавіта ў пустыні, быў дадзены закон (у тым ліку вядомыя 10 запаведзей). Аднак ці такія яны вядомыя? Калі перачытаць іх і прааналізаваць, ці выконваем мы іх, пачыная з самай першай, то думаю гэта яшчэ вялікае пытанне.
А яшчэ хочацца сказаць, калі ізраільскі народ хадзіў па пустыні 40 год, пакуль не памянялася пакаленне, то ці не будзе ў нас і наступнае пакаленне тым, якое выбярэ ціхае маўчанне і бедную “стабільнасць”, чым шлях да той зямлі, да якой не дайшлі папярэднікі.