Дотык

Mar 30, 2020 01:27



Дні праходзілі такія ж як і звычайна. Кожны раз яго чакалі паўсядзённыя справы, ад якіх ён меркаваў немагчыма было адмовіцца. Але апошнім часам яны ўжо не прыносілі радасці. За мінулыя некалькі год ён звыкся спяшацца, штораз імкнуцца зрабіць нешта важнае, істотнае, часта тое, што павінна дапамагчы іншым. Але пры гэтым ён не заўважаў як сам станавіўся ўсё больш спустошаны.
У гэты зімні вечар ён выйшаў са свайго дому на шпацыр. Непадалёку месцілася прыгожая рака, лес... Нядзіва, бо тое былі ваколіцы старой панскай сядзібы, ад якой застаўся шляхецкі дом, сажалкі і рэшткі алеі... Гэта месца было ў межах горада, і адначасова ўскрайкам. Зусім іншая рэальнасць былога некалі фальварка.
Ён любіў туды выходзіць, з'яўлялася магчымасць пабыць сам-насам са сваімі думкам. Сам таго не разумеў, але ў шпацыры адчувалася палёгка. Своеасаблівае паглыбленне ў іншую рэальнасць. Усё неістотнае некуды сыходзіла. Гэта была спроба вынесці свой пастаянны цяжар на волю.
Ён ішоў ўздоўж ракі ды разважаў, прыродная цікавасць прымушала знаходзіць розныя закуткі, быць там дзе рака рэзка паварочвала ля берага. Нядзіва, што спусціўся да мастка, дзе праз раку праходзіла шаша. Палез ўніз, каб паглядзець як рака выходзіць на другі бок. У той момант наверсе, па мосце праязджалі машыны ды рэдкі вечаровы грамадскі транспарт. У мёрзлых аўтобусах, вокны якіх самі пасажыры ўласным подыхам адагравалі для сябе, праглядаліся людскія постаці. Пэўна вярталіся з працы, завяршаючы свой няпросты працоўны дзень.
Ён і сам паступова пачынаў разумець заганнасць свайго стану:
- Вось і я заўтра буду некуды спяшацца, вырашаць тую ці іншую справу, мітусіцца. Сапраўды, я і сам буду вяртацца заўтра аднекуль ў падобным аўтобусе.
Чамусьці гэта думка не была сумная. Наадварот, у той момант ён разумеў непазбежнасць падобнай сітуацыі. Але гэта будзе пасля, заўтра, але цяпер ён тут...
У той момант калі ён спусціўся ўніз ад маста, ён пабачыў тое, што у іншы час нават і не заўважыў бы, не быў бы ўражаны. Але цяпер быў той момант, калі ён па-іншаму звярнуў сваю ўвагу да гэтай простай з'явы. Плынь! Звычайная плынь ракі. Але як яна выходзіла з-пад маста! Падае, цячэ пераліваючыся праз камні. Чароўна! Кожны каменьчык ляжыць такім чынам, што спуск ракі становіцца непаўторным. Велічнае ў сваёй прастаце. Моцна ўражаны ён зачаравана стаяў каля гэтай невялікай плыні ракі нібыта гэта з'ява - самая прыгожая ў свеце. Непараўнальна з тым, што ён бачыў раней і што яго дагэтуль здзіўляла. Але раней прыходзілася для здзіўлення нешта ствараць самому... Але тут не! Гэта не нейкія дасягненні, праекты або "замкі з пяску". Гэта ўражвала не менш за ўсё астатняе, а нават больш. Для яго гэта сталася адкрыццем... Новым і нечаканым. Гэта быў дотык да ягонай душы.
І хоць у будучым быў яшчэ доўгі шлях і надалей яго чакала вельмі важнае, ён запомніў гэты дотык прыгажосці. Нешта ў той момант памянялася. Хто ведае, можа менавіта тады пачаўся новы адлік.

напісана ў сакавіку 2020 года
Previous post Next post
Up