Развагі да Міжнароднага дня роднай мовы
Напярэдадні Дня роднай мовы ўзніклі думкі пра нашу мову. А насамрэч, думка ўварвалася да мяне простая, ясная і настойлівая. Як можа ў нас быць адраджэнне без мовы? Можа таму мы яшчэ не дасягнулі перамогі, што падзелены паміж сабой не толькі палітычнымі поглядамі, амбіцыямі, але і мовай. Бо ў нашым выпадку гэта не проста сродак зносінаў. Гэта значна больш...
Мова - гэта той стрыжань, які фарміруе нацыю. Нібыта гэта вядома здаўна, але ж... Што годнага можна зрабіць, калі народ які не стаўся нацыяй заўжды на крок марудзіць? Ён гатовы прыняць змены, але няма палітычнай волі. Ёсць палітычная воля (як было ў пачатку 1990-х, калі толькі здабылі незалежнасць), але бракуе сілаў, народнага ўсведамлення. Калі нават мова не яднае людзей, што яшчэ можа звязаць? Паэтэса Цётка (Алаіза Пашкевіч) казала, што мова гэта цэмент, які звязвае людзей. І няма дагэтуль у нас, дарагая Цётка, таго найлепшага спосаба разумець адзін аднога, адной думкай жыць, адной долі шукаць, як ты марыла. Бракуе мовы, якая лепш за ўсё астатняе, дае магчымасць трывала стаяць на нагах. Як на грунце хрысціянскім гэта вера, так на нацыянальным гэта мова.
Чалавек, які размаўляе па-беларуску ўжо сваёй прысутнасцю сведчыць пра тую Беларусь, якая для многіх застаецца невядомай. Беларускае слова ў горадзе, на працы, ў дарозе, гэта багацце для сябе самога і магчымасць зацікавіць мовай многіх.
Вось дзіўна... Як мы можам неяк памяняць краіну, калі нават самі не можам перайсці на беларускую мову? Зрабіць гэта для саміх сябе. Што праўда, трэба прызнацца, перайсці на мову даволі складана. Беларуская мова ў чалавека, які хоча размаўляць, лёгка прарывае абарону асобнымі словамі, якія адразу становіцца блізкімі да сэрца. А вось размаўляць цалкам, гэта складана. Гэта як тыя вагі, дзе пастаянна збіваешся з адной мовы на іншую.
А праблема, каб пачаць размаўляць, па вялікім рахунку толькі ў тым, што нам бракуе беларускамоўнага наваколля. Калі б вакол нас было беларускае радыё (уключыўшы любую станцыю FM, мы маглі б пачуць на ёй праграмы і музыку), тэлебачанне і шмат дзе яшчэ (дзесяткі месцаў!), то мы б перайшлі на мову вельмі хутка. Назаўсёды застаўся ў памяці мой пераход на беларускую мову. У 2004 годзе паехаўшы ў валанцёрскі летінік па кансервацыі Крэўскага замка, у асяродку некалькі дзясяткаў беларускамоўных студэнтаў, ды яшчэ і пасля двух тыдняў сумеснай працы, я і сам не заўважыў як канчаткова перайшоў на беларускую мову. Гэта адбылося “як па маслу”. Вярнуўшыся да дому, я ўжо не мог размаўляць па-ранейшаму.
Цікава, а ці ёсць вакол Вас такі асяродак? Можа Вы будзеце першым, хто не сароміцца сказаць нешта па-беларуску ў сваім асяродку? А там, цалкам магчыма (ды нават верагодней за ўсё) з’явіцца падтрымка - такі ж беларус і не адзін, які адкажа па-беларуску.
І яшчэ адна думка. Беларуская мова ў вуснах чалавека, гэта сведчанне што ёсць Беларусь. Размаўляць па-беларуску раўназначна (а можа нават і болей), чым сказаць “Жыве Беларусь”. Прынамсі, гэта сінонімы. Але зрабіць першае цяжэй.